Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менш, чым на каровах. Колькі Беларусь зарабляе на транзыце расейскай нафты


Лукашэнка пагражае Расеі закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Глядзім, колькі Беларусь зарабляе на транзыце расейскай нафты.

Гандлёвы канфлікт

Расейскі Рассельгаснагляд забараніў пастаўкі яблыкаў і грушаў зь Беларусі з 12 красавіка. Яшчэ 21 сакавіка Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на ўвоз з шэрагу краінаў мяса-касьцявой мукі і бялковых брыкетаў са жвачных, а 28 сакавіка былі ўведзеныя абмежаваньні на ўвоз ялавічыны на костцы і буйной рагатай жывёлы зь Беларусі. Потым кіраўнік Рассельгаснагляду Сяргей Данкверт прыгразіў цалкам забараніць беларускія шампіньёны, трускалкі і пэкінскую капусту.

У адказ Аляксандар Лукашэнка заявіў, што варта адрамантаваць трубу «Дружба», па якой расейская нафта пастаўляецца ў Эўропу. Глядзім, наколькі гэтая труба выгадная Беларусі.

Менш, чым на каровах

245 тысяч даляраў, або 473 тысячы рублёў, — выручка ад рэалізацыі тавараў і паслугаў прадпрыемства «Гомельтранснафта» за 2017 год.

Гэта і ёсьць абслуговая кампанія ўзгаданай трубы «Дружба». Якраз гэтае прадпрыемства займаецца пастаўкамі расейскай нафты за мяжу і запампоўваньнем яе на беларускія нафтаперапрацоўчыя прадпрыемствы.

Але гэтае ж прадпрыемства абслугоўвае трубу, па якой цячэ нафта і якая ва ўласнасьці Беларусі. На гэтае абслугоўваньне таксама трэба выдаткі. Напрыклад, за тры наступныя гады на мадэрнізацыю нафтаправоду «Дружба» плянуюць патраціць 197 мільёнаў даляраў, гэта прадугледжвае праграма інвэстыцыйнага разьвіцьця «Гомельтранснафта» на 2019–2021 гады.

Паводле экспэрта ў галіне энэргетыкі Тацяны Манёнак, з улікам выдаткаў на абслугоўваньне даход ад транзыту нафты ня большы за 200 мільёнаў даляраў за год.

Для параўнаньня, за 2017 год Беларусь паставіла ў Расею ялавічыны на 355 мільёнаў даляраў, мяса птушкі на 224 мільёны даляраў.

«Гэта адносна невялікія даходы. „Дружба“ — гэта нашы ўласныя нафтаправоды, беларускія. Нам за абслугоўваньне Расея ня плаціць, і наш прыбытак закладзены ў тарыфе на транзыт, Беларусь гэтыя тарыфы яшчэ і ўзгадняе з Расеяй. Гэтае прадпрыемства імкнецца адпавядаць сучаснаму тэхналягічнаму ўзроўню», — кажа Тацяна Манёнак.

Апошнім разам Беларусь падымала тарыф на транзыт расейскай нафты ў лютым 2019 году.

«Закрыцьцё нафтаправода ўдарыць па кішэні»

Нягледзячы на невялікі даход ад транзыту нафты, Беларусь панясе моцныя фінансавыя страты, калі нафтавую трубу закрыюць. У гэтым упэўнены эканаміст Яраслаў Раманчук.

«Гэта трубаправод, празь які нафта ідзе на беларускія НПЗ. Нафта — гэта стратэгічны тавар для Беларусі. Калі мы раптам будзем парушаць дамовы, то гэта будзе выглядаць не на нашу карысьць. Гэта добра можа ўдарыць па кішэні», — кажа Яраслаў Раманчук.

Ён дадае, што на сёньня няма альтэрнатывы расейскай нафце для Беларусі. Сапраўды, сырая нафта трапляе на беларускія НПЗ па гэтай жа трубе і зь яе атрымліваюцца нафтапрадукты, якія пасьля Беларусь прадае.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG