Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што зь беларускімі крэвэткамі? Як Беларусь прадае ў Расею тунца, камбалу і каракаціц


У 2018 годзе Беларусь не прадала ў Расею ніводнай крэвэткі, вынікае са статыстыкі Белстату. Але прадавала ласося, тунца і нават каракаціцаў. Свабода сабрала інфармацыю пра марскі бізнэс Беларусі.

Што адбылося

Расейскі Рассельгаснагляд час ад часу абвінавачвае Беларусь у пастаўках на расейскі рынак прадуктаў, вырабленых у Эўропе і забароненых для ўвозу ў Расею праз санкцыі. У 2014 годзе, пасьля акупацыі Крыму, у адказ на санкцыі з боку ЭЗ і ЗША Расея ўвяла забарону на імпарт прадуктаў з Эўразьвязу.

Пад забарону трапіла найперш эўрапейская садавіна. Але Беларусь завозіць у Расею ня толькі садавіну, але і морапрадукты, хоць мора ня мае. Беларуская крэвэтка, аднойчы заўважаная на паліцах расейскіх крамаў, стала мэмам.

Мы паглядзелі, якія марскія прадукты Беларусь прадае ў Расеі і дзе яна іх закупляе.

Беларускія ласось, камбала і тунец

Летась Беларусь прадала ў Расею 317 тонаў ласося, вынікае са статыстыкі Белстату. На гэтым зарабілі 3,8 мільёна даляраў.

621 тона тунца таксама паехала на экспарт у Расею з Беларусі. На гэтым зарабілі 1,1 мільёна даляраў. Агулам Беларусь паставіла 740 тонаў гэтай рыбы ў розныя краіны.

Ні крэвэткі, ні мідыі летась Беларусь у Расею не пастаўляла. Але прадала 718 тонаў селядца на 2,1 мільёна даляраў (вэнджаны і філе).

331 тона вэнджанай стронгі з Беларусі летась каштавала Расеі 5,3 мільёна даляраў. 963 тоны марожанай скумбрыі Расея купіла ў Беларусі за 1,9 мільёна даляраў.

У Расею зь Беларусі летась прадалі 621 тону тунца за 994 тысячы даляраў. Агулам прадалі 740 тонаў.

5 тысяч тонаў марожанай камбалы прадалі ў Расею за 9,6 тысячы даляраў.

І нават беларускую каракаціцу і кальмараў у Расею прадавалі: 213 кіляграмаў каракаціцаў і кальмараў на 1,2 тысячы даляраў.

Набываем у Расеі, каб... прадаваць у Расею

Расейскі Рассельгаснагляд вінаваціць Беларусь у рээкспарце з Эўропы прадуктаў, якія ў Расею ўвозіць нельга. Але тыя морапрадукты, які Беларусь прадае ў Расею, набываюцца таксама ў Расеі.

Напрыклад, летась Беларусь набыла ў Расеі 16,7 тысячы кіляграмаў сьвежай камбалы і 263 тоны замарожанай, а прадала ў Расею 5 тысяч кіляграмаў марожанай камбалы.

Летась у Расеі набылі 3,5 тысячы тонаў ласося. Прадалі ў Расею 317 тонаў ласося.

«У гандлі морапрадуктамі нічога кепскага»

Паводле эканаміста Яраслава Раманчука, у тым, што Беларусь гандлюе морапрадуктамі, няма нічога кепскага. Як няма і дзіва ў тым, што набывае Беларусь гэтыя морапрадукты ў Расеі і туды ж прадае.

«Гэтымі морапрадуктамі гандлююць розныя фірмы. Гэта ня значыць, што адна фірма набыла ў Расеі і яна ж туды прадала. Такіх арганізацыяў сотні. І таму гэта абсалютна нармальна. Калі агульны таваразварот будзе большым, то гэта толькі на карысьць нашай эканоміцы», — мяркуе Яраслаў Раманчук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG