Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым я магу адказаць на пагрозу інтэграцыі? Перавучыцца на беларускага філёляга


Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Па адукацыі я — рускі філёляг. Памятаю, як мае бацькі ўздыхалі разам, раілі добра падумаць і абраць што-небудзь матэрыяльна цікавейшае, памятаю, як тата прапаноўваў: «Ідзі хаця б на руска-беларускае аддзяленьне, бо рускую літаратуру ты і так ведаеш, дык шчэ беларускую вывучыш». Мне не хацелася вучыць беларускую літаратуру. Мне падавалася, што няма на сьвеце справы горшай, чым пяць год ва ўнівэрсытэце вучыць беларускую літаратуру.

Сьцісла

  • Калегі мае, выкладчыкі рускай мовы і літаратуры! Няпраўда, што мы з вамі ўсяго толькі знаёмім дзяцей з адной зь вялікіх літаратураў сусьвету. Галоўнае — мы з вамі мэтадычна і неадменна закладаем у дзяцей рускі сьвет.
  • Я не хачу зараз пытацца адказу з тых, хто стварае падручнікі і праграмы. Мне б спытацца ў сябе самой: ці ня сыплю я ўласнымі рукамі чужую зямлю на галаву сваёй, маёй, толькі маёй радзімы?
  • Я даўно думала перавучыцца на беларускага філёляга. Мне нават неаднаразова прапаноўвала гэта маё школьнае кіраўніцтва. Я ўсё адкладала. Але цяпер так нельга ўжо. Цяпер трэба нешта рабіць.

Найпрыгажэйшая гісторыя філялягічнага каханьня

Па сутнасьці, я — неблагі рускі філёляг. Выкладаць гэты школьны прадмет, чытаць лекцыі ва ўнівэрсытэце, раскрываць лёгіку працэсаў і праводзіць паралелі ў межах рускай культуры я магу ў любым стане, ува сьне і ў непрытомнасьці. Рускі сьвет быў сьветам майго дзяцінства, сьветам маіх захапленьняў, сьветам маіх першых навуковых цікавасьцяў і спробаў.

І толькі апошнія гады, пасьля таго як са мною здарылася найпрыгажэйшая гісторыя філялягічнага каханьня, каханьня да беларускай літаратуры, я разумею, што я — філёляг, закратаваны і абмежаваны рускасьцю сваіх юнацкіх захапленьняў, сваёй акадэмічнай адукацыі, сваёй прафэсіі. Болей за тое! Выкладаючы рускую літаратуру ў школе так, як яна падаецца ў праграме і падручніках, я сваімі рукамі накладаю тыя самыя краты, тыя самыя путы і на сваіх вучняў.

Калегі мае, рускія філёлягі, выкладчыкі рускай мовы і літаратуры! Няпраўда, што мы з вамі ўсяго толькі знаёмім дзяцей з адной зь вялікіх літаратураў сусьвету. Няпраўда, што мы з вамі ўсяго толькі перадаём дзецям з рук у рукі нашу любоў да выбітных творцаў Пушкіна, Талстога, Дастаеўскага і Чэхава. Гэта — не галоўнае.

Галоўнае — мы з вамі мэтадычна і неадменна закладаем у дзяцей рускі сьвет. І праграмы, і падручнікі, і сама сутнасьць нашага прадмету — яна менавіта такая.

Шостая кляса, беларускі падручнік па рускай мове. Практыкаваньне 50. У ім на цэлую старонку расказваецца пра славянскага першадрукара Івана Фёдарава, які ў 1564 годзе выдаў першую славянскую кнігу (нічога, што наш Скарына зрабіў гэта на сорак год раней?).

Побач — практыкаваньне 52. Называецца — «Милые сердцу места». Памятаеце, пра якія мясьціны там гутарка? Пра Вязынку, Ракуцёўшчыну, Мядзельшчыну? Не. Пра Пскоўшчыну, Тульшчыну, Разаншчыну.

Адзінаццатая кляса. Тэма па літаратуры: «Тема родины в поэзии Блока», «Тема родины в поэзии Есенина». Тэма чыёй радзімы? Маёй? Вучнёўскай? Не, канешне. Тэма іншай радзімы. Яно як бы лягічна: чый паэт, таго і Радзіма. Але ж гэта забіваецца ў падсьвядомасьць: радзіма — іхная. Ня наша. Наша — гэта так, другасна. Гэта тоіцца ў дэталях, у дробязях. У нізках лірычных вершаў, дзе распавядаецца пра рускую прыроду і рускага чалавека, заўсёды — самых прыгожых і самых цудоўных на сьвеце. Э, стойце! А мая прырода, а мой чалавек? А іншая прырода і іншы чалавек? Англійскі, францускі? Японскі? Няма такіх. Ня трэба нам іх ведаць. Ня вартыя. Чалавеку, які можа чытаць Пушкіна ў арыгінале — нашто ўсе іншыя?

Гэтая літаратура створана чужым народам

Яно напаўзае, шчыміцца, расьце з кожнага радка, з кожнага практыкаваньня: вялікае — толькі рускае, вартае — толькі рускае, усё астатняе — другаснае, ня вартае, калька, паўтарэньне. Усё пачыналася з нас, усё вялікае — у нас.

«Бородино» Лермантава і «Судьба человека» Шолахава зь іх разважаньнямі наконт таго, што толькі рускі чалавек здольны на геройства і подзьвіг. Тургенеў зь ягоным вершам у прозе «О великий и могучий русский язык». Пушкін з «Татьяной, русскою душою». Гэтая літаратура створана чужым народам. Яна, безумоўна, багатая і выбітная. Яе, безумоўна, трэба ведаць у той частцы, у якой яна тычыцца агульначалавечых каштоўнасьцяў. Але яна — ня наша. І яна выкладаецца так, каб мы разумелі: во дзе веліч і цікавасьць. Астатняе — ня важна. Справа ня ў рускай літаратуры. Справа ў тым, як яна выкладаецца.

Што толькі я не рабіла і не раблю, каб уратавацца і ўратаваць дзяцей! Мы пільнуем фэйкі ў падручніках. Мы чытаем свае вершы сярод рускіх — і кожны ведае, што за сваё атрымае дадатковы бал да адзнакі. Прэзэнтуючы гістарычны пэрыяд, мы абавязкова робім даклад «А ў гэты час у Беларусі».

І гэтага недастаткова, бо пасткі і капканы расстаўленыя паўсюль. Тэкст для пераказу: «Мая залатая радзіма» — там пра дзівосы Залатога кальца Расеі. Тэкст дыктоўкі: «Пачатак нашай літаратуры». Там пра Пушкіна. Практыкаваньне для аналізу: «Зямля майго дзяцінства». Гэта будзе пра заліўныя лугі Яраслаўшчыны. Я стала складаць свае тэксты для пераказаў і дыктовак — пра сваё па-руску. Але гэта кропля ў моры. Сьмешная, нязначная кропля.

Я не хачу зараз пытацца адказу ў тых, хто стварае падручнікі і праграмы. Мне б спытацца ў сябе самой: як я гэта выкладаю? Ці ня сыплю я ўласнымі рукамі чужую зямлю на галаву сваёй, маёй, толькі маёй радзімы?

Сказаць папраўдзе, я даўно думала перавучыцца на беларускага філёляга. Мне нават неаднаразова прапаноўвала гэта маё школьнае кіраўніцтва. Я ўсё адкладала: няма часу, няма сіл, я, здаецца, усё ж нешта раблю, каб беларуская літаратура была ў паўсядзённым ужытку маіх вучняў.

Але цяпер так нельга ўжо.

Цяпер трэба нешта рабіць.

Эканамічная інтэграцыя будзе адбывацца гэтак жа сама, як адбылася ўжо інтэграцыя культурная. Ціхім, спакойным чынам яна палезе з усіх шчылін, паплыве з усіх адтулін. На кожным рагу кожнай вуліцы мы будзем разумець і адчуваць: нашае — другаснае, нашае — нявартае. Чужое нам будзе прапанаванае за сваё.

Таму я падала заяўку на перападрыхтоўку. Сёньня мне патэлефанавалі: я ўключана ў групу. Застаецца дачакацца, пакуль нас назьбіраецца 18 чалавек, тых, хто жадае перавучыцца на беларускага філёляга. Пакуль нас дзевяць.

Гэта кропля ў моры. Але я не хачу быць чужым морам. Я хачу плысьці з морам сваім.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG