Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жырыноўскі прапанаваў «ўзьяднаць Расею і Беларусь». Што пішуць у расейскіх СМІ пасьля візыту Дэйвіда Гэйла ў Менск


Уладзімір Жырыноўскі выступае на расейскай тэлевізіі, архіўнае фота
Уладзімір Жырыноўскі выступае на расейскай тэлевізіі, архіўнае фота

Як у Расеі ўспрынялі навіну пра вяртаньне амбасадара ЗША ў Беларусь і амбасадара Беларусі ў ЗША?

Пра рашэньне вярнуць амэрыканскага амбасадара ў Беларусь заявіў 17 верасьня на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Гэйл.

Расейскае агенцтва РИА Новости ў артыкуле пад загалоўкам «ЗША імкнуцца не дапусьціць інтэграцыі Расеі і Беларусі» прыводзіць думкі расейскіх экспэртаў.

Намесьнік дырэктара Інстытуту краін СНД Ігар Шышкін зьвязвае актыўнасьць амэрыканскіх дыпляматаў на беларускім кірунку «з маючым адбыцца прыняцьцем двума прэзыдэнтамі (Беларусі і Расеі) пляну паглыбленьня інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы».

«ЗША імкнуцца не дапусьціць гэтага», — кажа прадстаўнік расейскага Інстытуту краін СНД.

Паводле Ігара Шышкіна, Менск ня пойдзе на зрыў інтэграцыі, нягледзячы на свае заявы. Ён лічыць, што Лукашэнка «будзе старацца атрымаць максымум выгады для сябе і для беларускай эліты».

«Пры гэтым Лукашэнка выдатна бачыць на прыкладзе Ўкраіны, куды вядзе разрыў з Расеяй. І выдатна разумее, што калі ня будзе інтэграцыі з Расеяй у рамках Саюзнай дзяржавы, то адзіная альтэрнатыва – тое, што цяпер адбываецца ва Ўкраіне. Гэта будзе катастрофай і для Беларусі», — піша Шышкін.

У сваім телеграм-канале дэпутат расейскай Дзярждумы Уладзімір Жырыноўскі напісаў, што «даўно пара ўзьяднаць Расею і Беларусь як адну адзіную дзяржаву». Яго цытуюць расейскія мэдыя, сярод якіх РИА Новости і сайт Regnum.ru.

«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка можа зараз зрабіць гістарычны крок. Даўно пара ўзьяднаць Расею і Беларусь як адну адзіную дзяржаву. Навошта выдумляць: а давайце спачатку мытню або спачатку тарыфы. Беларусь расквітнее, калі мы зноў станем адной дзяржавай», — напісаў палітык.

Паводле Жырыноўскага, тое ж самае тычыцца і Ўкраіны.

«Мы гістарычна жылі разам, а цяпер трэба толькі аднавіць гэта», — напісаў ён.

РИА Новости прыводзіць словы беларускага амбасадара ў Расеі Ўладзімера Сямашкі, што Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка могуць ужо да 8-га сьнежня зацьвердзіць праграму інтэграцыі дзьвюх краін.

«Нашы сувязі будуць яшчэ цясьнейшыя, каб быць мацнейшымі і жыць у лепшых умовах», — сказаў Уладзімер Сямашка.

У пачатку верасьня прэмʼер-міністры Расеі і Беларусі Дзьмітрый Мядзьведзеў і Сяргей Румас падпісалі праграму ўзаемнай эканамічнай інтэграцыі. Паводле РИА Новости, яна павінна абʼяднаць 31 дарожную карту.

Гаворка, сьцьвярджае выданьне, ідзе пра адзіны Падатковы кодэкс, які набудзе моц з 1 красавіка 2021 году. Плянуецца ўніфікаваць Грамадзянскі кодэкс. Акрамя таго, Масква і Менск могуць стварыць адзіны рэгулятар энэргетычнай галіны, узгадніць палітыку да аграрынку і гандлю, а таксама ў антыманапольнай сфэры. Таксама плянуецца абʼяднаньне плацёжных сыстэм і агульны рэжым абароны інвэстыцый.
Дзеля посьпеху «маштабнага інтэграцыйнага працэсу» трэба ўрэгуляваць шэраг супярэчнасьцяў, адзначае расейскае выданьне. Сярод іх расейскі падатковы манэўр у нафтавай галіне, празь які Менск сёлета недаатрымаў каля 250 мільёнаў даляраў і разьлічвае на кампэнсацыю.

Яшчэ адна перашкода – цэны на газ.

«Лукашэнка ж хоча, каб цана была такой жа, „як у Смаленскай вобласьці“, — 70 даляраў. Гэта абмяркуюць на двухбаковай сустрэчы 23 верасьня. Магчыма, менавіта там пачнецца актыўная праца ў эканамічнай інтэграцыі дзьвюх краін», — піша РИА Новости.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG