Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Жырыноўскі на міністэрскай пасадзе». За што звольнілі Шуневіча


Ігар Шуневіч

Міністар унутраных справаў Ігар Шуневіч адпраўлены ў адстаўку.
Яшчэ раніцай Аляксандар Лукашэнка ўчыніў міністру прачуханку за падрыхтоўку да Эўрапейскіх гульняў, маўляў, міністэрства падрыхтавала занадта жорсткія меры бясьпекі, маючы на мэце ператварыць фанзоны «ці то ў канцлягер, ці то ў гета».


Лёс беларускага чыноўніка: не праявіш належнай пільнасьці — вінаваты, праявіш залішнюю пільнасьць — усё роўна вінаваты.

​Сьцісла

  • Нядбайнасьць Шуневіча пры падрыхтоўцы да гульняў не была прычынай адстаўкі
  • Міністар меў уласнае палітычнае аблічча: красаваньне ў мундуры НКВД, лаянка з брытанскай амбасадай, вайна за помнік гарадавому
  • Расейскія тэлеграм-каналы пісалі пра Шуневіча як пра прыхаванага лідэра «рускай партыі» ў кіраўніцтве Беларусі і магчымага пераемніка
  • Адстаўка Шуневіча — аднаўленьне балянсу на фоне шэрагу антылібэральных крокаў

Безумоўна, прэтэнзіі да агароджы пры падрыхтоўцы да гульняў не былі прычынай адстаўкі. Яна магла быць апошняй кропляй, магла быць і проста спэктаклем, нагодай для рэалізацыі прынятага раней рашэньня.

Як у свой час разнос з адстаўкамі, учынены за «абас... ых кароваў». Цікава, што тады Лукашэнка казаў пра «Асьвенцім» для кароваў, цяпер пра «канцлягер», які рыхтаваў міністар. Неяк цягне чыноўнікаў усё ў адзін сумнавядомы бок.

Дык а якая ж сапраўдная прычына адстаўкі Шуневіча? Для публікі, для грамадзянскай супольнасьці, ён быў своеасаблівым увасабленьнем змрочнай прыроды беларускай уладнай сыстэмы. І ня толькі тым, што на міністра ўскладалася адказнасьць за ўсе злоўжываньні яго падначаленых, а іх хапала.

Але міністар, у адрозьненьне ад пераважнай большасьці яго папярэднікаў і сучасных калегаў, меў уласнае палітычнае аблічча.

Міністар з уласным абліччам

Сьпіс дэманстрацыяў гэтага аблічча доўгі і скандальны: красаваньне ў мундуры НКВД, агрэсіўныя гамафобскія заявы прэсавай службы МУС, трагікамічная вайна за помнік гарадавому.

Аблічча малапрыемнае, але ўласнае, сваё. Сярод іншых чыноўнікаў высокага рангу такое ўласнае аблічча маюць і мелі хіба старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына і міністар замежных справаў Уладзімер Макей.

Я маю на ўвазе публічную сфэру. Магчыма, і іншыя ўрадоўцы — яскравыя асобы, але для зьнешняга назіральніка яны — робаты, людзі-функцыі.

Шуневіч чыстай функцыяй не выглядаў. Наўрад ці асабіста Лукашэнка загадваў яму апранацца чэкістам і лаяцца з брытанскай амбасадай наконт вясёлкавага сьцягу.

Пры агульнай антылібэральнай лініі міністра варта ўсё ж прыгадаць і крок супрацьлеглага накірунку, калі міністэрства падрыхтавала законапраект аб прадухіленьні хатняга гвалту. І ў выніку атрымала па мазгах ад Лукашэнкі, які пахаваў законапраект.

Наўрад ці Ігар Шуневіч і яго падначаленыя рыхтавалі закон адно на свой страх і рызыку, але калі б перастрахаваліся адразу, не браліся б за гэтую вострую і спрэчную праблему, то і наганяю не атрымалі б. А ня сталі перастрахоўвацца на 150%.

І тут Шуневіч прадэманстраваў, што ён калі і вінцік, то зь вялікім люфтам.

Правадыр «рускай партыі» і магчымы пераемнік

І гэта выплюхвалася ў публічную сфэру ў выглядзе чутак і балбатні наконт палітычнай будучыні Шуневіча. Калі здымалі Кабякова, хадзілі чуткі, што Шуневіч — адзін з кандыдатаў на пасаду прэм’ера.

А потым расейскія тэлеграм-каналы, паводле якіх Пуцін ня сёньня, дык заўтра здыме з пасады Лукашэнку, пісалі пра Шуневіча як пра прыхаванага лідэра «рускай партыі» ў кіраўніцтве Беларусі і магчымага пераемніка.

Пасол Расеі Міхаіл Бабіч, які быў адкліканы пад ціскам Менску, калі працаваў у Беларусі, сустракаўся з многімі чыноўнікамі. Але зь міністрамі, асабліва сілавымі — здаецца, толькі з Шуневічам. І ізноў жа — наўрад ці гэтая сустрэча была асабістай ініцыятывай Шуневіча і ня была ўзгодненая з адміністрацыяй прэзыдэнта.

Тым ня менш — з Шуневічам пасол Бабіч сустракаўся.

Сустрэча тагачаснага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча з Ігарам Шуневічам, 8 красавіка 2019
Сустрэча тагачаснага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча з Ігарам Шуневічам, 8 красавіка 2019


Можа і ня варта рабіць далёкасяжныя высновы, балбатня — яна і ёсьць балбатня. Інфармацыйныя спэцапэрацыі расейскіх тэлеграм-каналаў — яны і ёсьць спэцапэрацыі. Але, скажам, палітычныя пэрспэктывы шэфа КДБ Валерыя Вакульчыка не прыгадваліся нават у чутках і балбатні.

А пэрспэктывы Шуневіча — прыгадваліся. Зразумела, Беларусь краіна аўтарытарная, дыктатарская. Але чалавецтва большую частку сваёй гісторыі жыло не пры дэмакратыі. А палітыка зьявілася не з дэмакратыяй. І пры дыктатуры розныя вінцікі маюць розныя люфты, выканаўцы маюць розную вагу і ўласнае аблічча.

Так выглядае, што за аблічча, за чуткі, якія яно спараджала, міністар і пацярпеў. Скандал з формай НКВД, скандал наконт бітвы з англічанамі за маральныя ўстоі, скандалы вакол гарадавога — гэткі Жырыноўскі на міністэрскай пасадзе выглядаў залішняй раскошай. Лішняе гэта, міністар павінен быць салідны і безаблічны. Публіка абмяркоўвала і лаяла Шуневіча. А павінная абмяркоўваць і нават лаяць толькі Лукашэнку.

Балянс адлігаў і замаразкаў

Ну вось і пацярпеў. І пэўны балянс вытрыманы. Апошнім часам нават самыя вялікія аптымісты перасталі казаць пра лібэралізацыю: пасьля справы БелТА, крыжалому ў Курапатах, шэрагу іншых падобных крокаў — якая ўжо лібэралізацыя? А не — як адлігі палавіністыя, гэткія і замаразкі. Здаваўся Шуневіч лібэральнай публіцы гэткім дэманам, вось і няма Шуневіча. Балянс.

Ну як няма? Можна меркаваць, што ён не прападзе. Падчас скандалу з «абас... мі каровамі» два высокія чыноўнікі гучна страцілі свае пасады і... былі пераведзеныя на іншыя, ня менш высокія.

Вось Станіслаў Зась сыходзіць з пасады дзяржсакратара Рады бясьпекі Беларусі, з 1 студзеня ён стане генэральным сакратаром АДКБ. Ня выключана, што на яго месца прыйдзе Шуневіч. Таксама сілавая пасада. Ён уласна ніякай неляяльнасьці Лукашэнку не дэманстраваў, не сказаць, каб ён з пункту гледжаньня вышэйшай улады працу міністэрства неяк заваліў.

Проста скандалаў аказалася занадта шмат, люфт — занадта вялікім, цікавасьць з боку расейцаў да міністра як да фігуры са сваім абліччам — раздражняльнай.

Цяпер «вінцік» пад імем Шуневіч закруцяць, люфт прыбяруць, прызначаць на пасаду, дзе пад ім ня будзе вялікай структуры. Ну і магчымасьцяў дэманстраваць свае погляды, прынцыпы стане менш. Будзе як усе — сьціплым, ціхім і памяркоўным.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG