Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 скандальных выказваньняў былога міністра Шуневіча


Ігар Шуневіч, 2017 год

Аляксандар Лукашэнка 10 чэрвеня прыняў рапарт аб адстаўцы міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча. Якімі выказваньнямі запомніўся Шуневіч на сваёй пасадзе?

1. Ганарыўся формай НКВД

9 траўня 2015 года Ігар Шуневіч зьявіўся на парадзе ў форме камісара рабоча-сялянскай міліцыі — НКВД. Ён быў у цёмна-сіняй гімнасьцёрцы з жорсткім каўнерыкам, партупеі, галіфэ зь бірузовымі лямпасамі, запраўленымі ў боты, і сіняй фуражцы зь бірузовым аколышам. Форма такога ўзору была ўведзена ў 1943 годзе для супрацоўнікаў НКВД СССР.

Пасьля гэтага Шуневіч апранаў гэтую форму на Дзень Перамогі штогод.

«Пры гэтым я не захапляюся ваеннай рэканструкцыяй, форму для сябе сшыў паводле ўнутранага імпульсу, за ўласны кошт. Я апранаю яе кожны год 9 траўня. Я ганаруся тым, што ў мяне ёсьць абсалютна дакладная копія гэтай формы».

2. Адмовіўся выбачацца перад цыганамі

16 траўня ў Магілёве ў межах расьсьледаваньня крымінальнай справы па факце меркаванага забойства супрацоўніка ДАІ Яўгена Патаповіча міліцыянты масава затрымлівалі грамадзянаў цыганскай нацыянальнасьці. Людзі скардзіліся журналістам на зьбіцьцё і жорсткае абыходжаньне.

Шуневіч назваў праверку «абгрунтаванай».

«У міністра няма ні прычыны, ні падстаў прасіць прабачэньня перад цыганамі», — сказаў Шуневіч.

Затрыманых цыганоў вызвалялі групамі
Затрыманых цыганоў вызвалялі групамі

3. Пра «інфармацыйную вайну» супраць МУС

Шуневіч не аднойчы казаў, што адносна МУС вядзецца інфармацыйная вайна. І «каляровыя рэвалюцыі», кажа Шуневіч, «пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады і найбольш моцных яе галінаў».

Паводле Шуневіча, «​неаслабны інфармацыйны накат на міліцыю — гэта спроба апанэнтаў улады аслабіць аўтарытэт міліцыі ў вачах насельніцтва для рэалізацыі зьмены сацыяльнага ладу і палітыкі Беларусі».

4. Пра вясёлкавы сьцяг на брытанскай амбасадзе

У 2018 годзе, у Міжнародны дзень барацьбы з гамафобіяй, амбасада Вялікай Брытаніі ў Менску вывесіла вясёлкавы сьцяг — міжнародны сымбаль ЛГБТ-супольнасьці. Ігар Шуневіч заявіў, што «не рэагаваць на падобнага кшталту падзеі мы ня маем ніякага права», бо «гэта ўнутраная справа, у тым ліку нашага міністэрства».

«Паколькі дэманстрацыя гэтага атрыбуту адбываецца на адкрытую, у нашай сталіцы, яго сузіраюць і задаюць пытаньне „што гэта?“ нават недасьведчаныя людзі, атрымліваючы пры гэтым адпаведны камэнтар — можна, нават залішні і г. д. Я называю гэта прапагандай таго вобразу жыцьця, які нам непрымальны. І гэта асноўны матыў, які падахвоціў нас празь некаторы час даць свой камэнтар адносна гэтага», — сказаў Ігар Шуневіч.

Ён дадаў, што «праблема пранікненьня ў наша грамадзтва ўсіх неўласьцівых, ненатуральных і іншых дэструктыўных асаблівасьцяў, ідэалёгіі, і да т. п., безумоўна, адбываецца, і вялікіх імунітэтаў, на жаль, апроч нашай гісторыі і рэлігіі, няма».

Ён сказаў, што МУС «ахоўвае парадак і маральнасьць нашай краіны», а «гамафобную заяву» ягоныя падначаленыя зрабілі, бо «ёсьць правілы суіснаваньня, акрамя законаў, якія павінны паважаць усе».

5. Пра прабачэньне за поўху помніку гарадавому

Менскі гімназіст даў поўху скульптуры гарадавога. За гэта міліцыя прымусіла яго раскайвацца на камэру. На яго завялі адміністрацыйную справу, але пасьля яе прыпынілі, бо ня выявілі ва ўчынку гімназіста ніякага правапарушэньня.

Ігар Шуневіч расказаў, што гэта ён прыдумаў, каб школьнік прасіў прабачэньня на камэру за поўху скульптуры гарадавога.

«Вандалізм недапушчальны ў культурным грамадзтве, на якое мы прэтэндуем, безумоўна, таму лічу, што ўсякая праява непавагі да грамадзкага парадку (а наяўнасьць скульптурнай кампазыцыі і ўсё, што адбываецца вакол яе, ахоўваецца законам аб парушэньні грамадзкага парадку) таксама зьяўляецца недапушчальным і кажа толькі пра бескультур’е тых, хто гэта робіць».

6. Пра «жэстачайшую лібэралізацыю»

Шуневіч пракамэнтаваў прыняцьце новага закону аб масавых мерапрыемствах.

«Калі чалавек захоча правесьці масавую акцыю, то ў дазволеным месцы ён зможа правесьці гэта без дазволу ўладаў. Калі ў неналежным месцы — трэба будзе дазвол мясцовых уладаў. Наступае жэстачайшая лібэралізацыя».

7. «Інтэрнэт — гэта зона безадказных паводзінаў»

Ігар Шуневіч пракамэнтаваў палажэньне аб абавязковай папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсаў з абноўленага закону «Аб СМІ». Паводле міністра, «калі няма правілаў, існуе анархія, існуе безуладзьдзе, існуе нейкае прыніжэньне правоў, свабодаў і годнасьці грамадзяніна», а «аўтарызацыя ў інтэрнэце будзе дысцыплінаваць мэдыясупольнасьць і карыстальнікаў інтэрнэту».

Адно з графіці з выявамі беларускіх чыноўнікаў, што зьяўляліся ў Менску ў 2017 годзе
Адно з графіці з выявамі беларускіх чыноўнікаў, што зьяўляліся ў Менску ў 2017 годзе

​«Давайце прызнаемся, што ўсё ж сёньня гэтая сфэра — зона абсалютна безадказных паводзінаў у сэнсе выказваньняў, думак і іншага, абразаў, распаўсюджваньня паклёпу, учыненьня шэрагу злачынстваў, канкрэтных крымінальных злачынстваў, правапарушэньняў адміністрацыйных. Гэта зона безадказнасьці сёньня... практычна. Я з гэтым катэгарычна нязгодны».

8. «Матацыкл — гэта мара любога нармальнага чалавека»

Міністар Ігар Шуневіч зьяўляўся ў форме байкера разам зь Віктарам Лукашэнкам падчас закрыцьця байк-сэзону ў Менску.

«Матацыкл — гэта мара любога нармальнага чалавека, мужчыны, жанчыны».

Віктар Лукашэнка і Ігар Шуневіч на адкрыцьці мотасэзону ў 2018 годзе
Віктар Лукашэнка і Ігар Шуневіч на адкрыцьці мотасэзону ў 2018 годзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG