Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шуневіч пра «інфармацыйную вайну» супраць міліцыі, колькасьць міліцыянтаў і антыфашысцкі закон


Ігар Шуневич (у цэнтры), архіўнае фота

Ігар Шуневич (у цэнтры), архіўнае фота

Міністар унутраных спраў Беларусі Ігар Шуневіч выступіў у перадачы «Буйным плянам» на тэлеканале «Беларусь-1».

405 праваахоўнікаў на 100 тысяч беларусаў (з унутранымі войскамі ці без)

Ён абверг зьвесткі пра тое, што на 100 тысяч чалавек у Беларусі прыпадае 1500 міліцыянтаў. Паводле яго, на самой справе штатная колькасьць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў — 405 чалавек на 100 тысяч. Гэта значыць, што, калі верыць Шуневічу, у Беларусі каля 38,5 тысячы праваахоўнікаў (ці ўваходзяць у гэты лік унутраныя войскі, Шуневіч не казаў). У адрозьненьне ад шмат якіх іншых краінаў, у Беларусі афіцыйныя лічбы колькасьці праваахоўнікаў сакрэтныя.

«Мы думаем, што з часам зможам меншымі сіламі забясьпечваць грамадзкую бясьпеку», — сказаў Шуневіч і дадаў, што існуе плян аптымізацыі ведамства.

6 зладзеяў у законе (ці 3, ці 1)

«Сёньня нам вядома пра шэсьць „зладзеяў у законе“ беларускага паходжаньня. Усе яны былі „каранаваныя“ за мяжой, на нашай тэрыторыі яны ня маюць права „каранавацца“, — сказаў Шуневіч і паведаміў, што тры зь іх пазбаўленыя волі. — Два за мяжой, носа сюды не паказваюць. Дакладней, адзін за мяжой. Адзін „баражуе“ паміж Беларусьсю і Турэччынай, адзін знаходзіцца пад прэвэнтыўным наглядам у Слуцку».

На думку Шуневіча, беларусаў не павінна настолькі турбаваць сытуацыя са зладзеямі ў законе, каб аж панікаваць. Усе яны, кажа міністар, пад апэратыўным кантролем галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй.

Ці траціна, ці 2% ДАІ ня пройдзе дэтэктар хлусьні

Шуневіч згадаў пра выпадак, калі п’яны начальнік Баранавіцкай ДАІ насьмерць зьбіў пешахода. Ён прызнаў, што такі выпадак — «удар пад дых усёй сыстэме» і «ганьба ўсяму афіцэрскаму корпусу, усяму афіцэрскаму складу МУС».

Ён заявіў, што супрацоўнікі ДАІ цяпер масава праходзяць дабраахвотныя абсьледаваньні на дэтэктары хлусьні. З 700 чалавек, якіх ужо праверылі, траціна праваліла працэдуру, зь імі не працягнуць кантракт, і Шуневіч гатовы ахвяраваць «тымі 2 адсоткамі», якія ня пройдуць дэтэктар хлусьні. Таксама Шуневіч прыгразіў, што тых, хто адмовіцца ад дабраахвотнага абсьледаваньня, будуць звальняць.

«Інфармацыйная вайна» супраць міліцыі

Сёлета, кажа Шуневіч, супраць супрацоўнікаў МУС распачалі 123 крымінальныя справы, 70% злачынстваў выяўленыя службай унутранай бясьпекі. Ён зноў згадаў, што супраць міліцыі нібыта ідзе «інфармацыйная вайна». І «каляровыя рэвалюцыі», кажа Шуневіч, «пачыналіся з дыскрэдытацыі ўлады і найбольш моцных яе галінаў».

Пра доўгі шэраг нібыта ўчыненых праваахоўнікамі пабояў і магчымых забойстваў апошняга году, што пералічвалі ў пэтыцыі да Шуневіча, ён ня згадваў.

Антыфашысцкі законапраект

МУС распрацавала антыфашысцкі законапраект, ён прайшоў унутрыдзяржаўнае ўзгадненьне, цяпер знаходзіцца ў Савеце Міністраў, будзе разгледжаны на наступнай сэсіі парлямэнту, кажа Шуневіч. Законапраект мае ўзмацніць адказнасьць за публічную дэманстрацыю нацысцкай сымболікі, нацысцкае вітаньне і тату (як у затрыманага сьвятара), у тым ліку за іх будуць несьці адказнасьць тату-салёны.

«Мы лічым, што гэта праява вельмі супрацьпраўных паводзінаў, сьвядомая і наўмысная, — казаў Шуневіч пра тату са свастыкай і нацысцкія вітаньні. — Міністэрства ўнутраных спраў фіксуе цэлы шэраг злачынных дзеяньняў, зьвязаных з такімі праявамі. Як правіла, дэманстрацыя альбо наяўнасьць гэтай сымболікі суправаджаецца іншымі супрацьпраўнымі дзеяньнямі, цяжкімі злачынствамі».

Жаночыя падразьдзяленьні

У Беларусі ўжо існуюць нешматлікія падразьдзяленьні, дзе служаць выключна «паненкі», заявіў Шуневіч. І жанчыны ў іх «часам выконваюць больш складаныя задачы, чым мужчыны са спэцпадрыхтоўкай». Супрацоўніцы падразьдзяленьняў «адмыслова падабраныя, навучаныя, адпаведныя пэўным патрабаваньням, у першую чаргу фізычнай, маральнай устойлівасьці і магчымасьці выконваць задачы».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG