Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША вернуць амбасадара ў Беларусь

абноўлена

Намесьнік Дзяржаўнага сакратара ЗША ў палітычных справах Дэйвід Гэйл

Намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Гэйл заявіў на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам пра рашэньне вярнуць амэрыканскага амбасадара ў Беларусь.

Ад 2008 году амбасада ЗША ў Беларусі працуе ў скарочаным складзе на чале не з амбасадарам, а з павераным. Узровень дыпляматычных стасункаў быў паніжаны на патрабаваньне афіцыйнага Менску.

«Я хачу перадаць вам вітанні ад дзяржсакратара Пампэа. Ён запрасіў прыехаць сюды, каб асабіста прысутнічаць пры вельмі важным гістарычным моманце ў нашых стасунках. Пасьля нашай сустрэчы мы абвесьцім пра вяртаньне амэрыканскага амбасадара ў Беларусь пасьля столькіх гадоў», — сказаў Лукашэнку Дэйвід Гэйл.

Ён назваў адсутнасьць амбасадараў «ненатуральным становішчам» у стасунках дзвюх краінаў і выказаў задаволенасьць, што «гэты разьдзел канчаецца».

«Мы закрываем гэты разьдзел з прычыны тых крокаў, якія вы і вашая краіна зрабілі. Мы таксама адзначаем прынятае вамі бачаньне большай разнастайнасьці як ва ўнутранай, так і ў зьнешняй палітыцы. Мы моцна падтрымліваем яго і зробім усё магчымае, каб дапамагчы вам на гэтым шляху, — сказаў Гэйл Лукашэнку.

Дэйвід Гэйл і Аляксандар Лукашэнка
Дэйвід Гэйл і Аляксандар Лукашэнка

Паводле ягоных словаў, гэта зроблена «ня дзеля спаборніцтва зь нейкай іншай краінай», але каб «рэалізаваць патэнцыял нашых стасункаў напоўніцу».

«Нам вельмі дарагі гэты рэгіён, і мы ўважліва ставімся да пытаньняў бясьпекі, бо мы моцна падтрымліваем незалежнасьць і суверэннасьць Беларусі. Мы падтрымліваем і хочам бачыць прагрэс у такіх сфэрах, як палітычнае разьвіцьцё, паляпшэньне ў сфэры правоў чалавека, дэмакратыі, эканамічны рост», — сказаў Гэйл.

Як паведамляе карэспандэнтка Свабоды, словы Гэйла «...абвесьцім пра вяртаньне амэрыканскага амбсадара ў Беларусь пасьля столькіх гадоў» перакладчык на расейскую сфармуляваў як «...будзем рабіць аб’яву, што будзем абменьвацца амбасадарамі».

Лукашэнка заявіў, што Беларусь дасылала кіраўніцтву ЗША не адзін сыгнал пра нармалізацыю стасункаў.

«Гэта ненармальна, што ў сучасным сьвеце дзьве дзяржавы, якія калісьці ваявалі на адным баку супраць ворага, сёньня маюць такія слабыя стасункі. Мы, канечне, будзем рабіць усё, каб нашыя стасункі разьвіваліся», — сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён таксама запэўніў Гэйла, што афіцыйны Менск «ані ў якім разе ня будзем ініцыятарамі нядобрых спраў па разбурэньні» Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і меншай далёкасьці і «ніколі ня будзем такія ракеты разьмяшчаць на тэрыторыі Беларусі, каб не ўскладняць абстаноўку». «Калі гэта не пагражае нашай бясьпецы», — дадаў ён.

А нядаўна быў Болтан

29 жніўня Беларусь наведаў дарадца прэзыдэнта ЗША ў нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан — самы высокапастаўлены прадстаўнік амэрыканскіх уладаў з усіх, якія пабывалі ў краіне за апошнія 20 гадоў.

Болтан сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам і падчас сустрэчы заявіў, што Вашынгтон спадзяецца знайсьці агульную мову зь Менскам у пытаньнях выкананьня правоў чалавека і нераспаўсюджаньня зброі. Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што Беларусь заўсёды выступала за нармалізацыю дачыненьняў з ЗША і хоча пачаць з чыстага аркуша.

Неўзабаве Болтан у Варшаве сустрэўся з сакратаром Савету бясьпекі Беларусі. Той пасьля сустрэчы казаў, што яны «не плялі інтрыг», а Беларусь застаецца саюзьніцай Расеі.

Беларускія ўлады некалькі разоў прасілі «ня строіць кансьпіралягічных тэорыяў» наконт сустрэч з Болтанам. Празь менш як два тыдні пасьля візыту прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп звольніў Болтана.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG