Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп расказаў, чаму звольніў Болтана


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і ягоны былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, красавік 2018 году
Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп і ягоны былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы Джон Болтан, красавік 2018 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў сераду распавёў журналістам пра прычыны звальненьня свайго дарадцы па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана. Трамп, у прыватнасьці, рэзка раскрытыкаваў прапановы Болтана аб палітыцы ў адносінах да Паўночнай Карэі і Вэнэсуэлы. Ён таксама заявіў, што Болтан часта ня супадаў ў меркаваньнях зь іншымі прадстаўнікамі адміністрацыі.

Прэзыдэнт ЗША нагадаў аб прапанове Болтана кіраўніцтву Паўночнай Карэі адмовіцца ад ядзернай зброі без усялякіх папярэдніх умоў, заявіўшы, што разумее рэзкую рэакцыю паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына на гэтую прапанову. Паводле Трампа, меры, прапанаваныя Болтанам, таксама не прывялі да падзеньня рэжыму Нікаляса Мадура ў Вэнэсуэле.

Менавіта былы дарадца па нацыянальнай бясьпецы часьцей за іншых прадстаўнікоў адміністрацыі ЗША выступаў па вэнэсуэльскай праблематыцы, заяўляючы пра поўную падтрымку Вашынгтонам апанэнта Мадура Хуана Гуайдо. Болтан таксама выступаў супраць любога зьмякчэньня санкцый у дачыненьні да Ірану. Гэтая ідэя прапаноўвалася для таго, каб падрыхтаваць глебу для магчымай сустрэчы прэзыдэнтаў ЗША і Ірану.

Джон Болтан быў адпраўлены ў адстаўку ў аўторак. Трамп тады напісаў у твітэры, што імя новага дарадцы па нацыянальнай бясьпецы назаве на наступным тыдні. У чацьвер у амэрыканскай прэсе зьявіліся паведамленьні, што ў адміністрацыі Трампа абмяркоўваецца магчымасьць прызначэньня на пасаду дарадцы па нацыянальнай бясьпецы дзяржаўнага сакратара Майка Пампэо, з тым каб ён сумяшчаў абедзьве пасады.

Такі прэцэдэнт у гісторыі ЗША існуе: у 1973 году дарадца па нацыянальнай бясьпецы Генры Кісінджэр стаў дзяржсакратаром і займаў гэтую пасаду два гады. Сам Трамп гэтай інфармацыі не камэнтаваў. Напярэдадні ён заяўляў, што разглядае пяць кандыдатур на пасаду дарадцы, ня назваўшы іх імёнаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG