Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра нераспаўсюджваньне якой зброі дарадца Трампа размаўляў з Лукашэнкам


Беларуская зброя на выставе «Мілекс», архіўнае фота

Незалежны вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што візыт у Беларусь памочніка па нацыянальнай бясьпецы прэзыдэнта Дональда Трампа быў зьвязаны з падрыхтоўкай ЗША да верагодных надзвычайных падзей у раёне Пэрсыдзкай затокі. Але пры чым тут Беларусь?

Сустрэча дарадцы прэзыдэнта ЗША па нацыянальнай бясьпецы Джона Болтана з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам працягвалася 2,5 гадзіны — больш як удвая даўжэй, чым было заплянавана. Пасьля размовы сам Болтан акрэсьліў дзьве «істотныя складанасьці» ў двухбаковых адносінах паміж Беларусьсю і ЗША: пытаньні правоў чалавека і нераспаўсюджваньня зброі.

Чым зарабляе Беларусь на ўсясьветным рынку зброі?

Аляксандар Алесін, архіўнае фота
Аляксандар Алесін, архіўнае фота

«Афіцыйныя крыніцы паведамлялі, што Джон Болтан вёў размовы з найвышэйшым кіраўніцтвам Беларусі аб нераспаўсюджваньні зброі. А якую зброю Беларусь можа распаўсюджваць? Ядзернай зброі ў нас няма, значыць, гаворка толькі пра тую зброю, якую мы вырабляем. Давайце прааналізуем гэтыя пазыцыі», — кажа экспэрт Аляксандар Алесін.

Паводле Аляксандра Алесіна, пра дастаткова вялікі патэнцыял Беларусі як гандляра зброяй сьведчыць прыклад выставы зброі «Milex-2019», якая ўвесну прайшла ў Менску. Кантрактаў на пастаўкі беларускай вайсковай тэхнікі і зброі і на аказаньне паслуг там заключылі агулам на 200 мільёнаў даляраў. З такім патэнцыялам варта лічыцца, мяркуе экспэрт.

«У Дзяржваенпраме не расшыфроўваюць, якія гэта кантракты, але можна здагадвацца. Вось нядаўна прыйшло паведамленьне, што Баўгарыя нам адправіла на мадэрнізацыю і рамонт адзін штурмавік СУ-25 і зьбіраецца яшчэ 5 самалётаў у нас адрамантаваць. Беларусь мае сэртыфікаты на рамонт і мадэрнізацыю расейскіх самалётаў СУ-30, Міг-29, СУ-25, на шэраг ранейшых самалётаў. Гэта важны сэгмэнт рынку.

Чым Беларусь прываблівае? Найперш, суадносінамі паказьнікаў „кошт-якасьць“. Баўгарыя — эўрапейская краіна, сябра NATO, але яе прывабілі такія прапановы. Яны нават пайшлі на зьмену закону праз парлямэнт, каб стварыць умовы, пры якіх змогуць мадэрнізаваць у нас свае самалёты», — кажа Аляксандар Алесін.

Рамонт зэнітна-ракетных комплексаў

Другім вельмі важным сэгмэнтам у гандлі зброяй Аляксандар Алесін называе рамонт і мадэрнізацыю савецкіх сродкаў супрацьпаветранай абароны — зэнітна-ракетнага комплексу С-125 «Пячора» і С-200.

ЗРК С-125 у Крыме
ЗРК С-125 у Крыме

Паводле экспэрта, беларускія адмыслоўцы на прадпрыемстве ў Барысаве мадэрнізавалі ўжо дзясяткі гэтых комплексаў, даўшы ім назву «Пячора» 2МБ. Гэтыя сродкі СПА карыстаюцца вялікім попытам на рынку трэціх краін і могуць стварыць немалыя праблемы іх патэнцыйным праціўнікам, кажа Аляксандар Алесін.

Такую занепакоенасьць, паводле экспэрта, выклікаюць магчымасьці беларускага ВПК вырабляць эфэктыўныя сродкі радыёлякацыі, радыёэлектроннай выведкі і радыёэлектроннай барацьбы. У тым ліку тыя, якія парушаюць электронна-магнітную сувязь, уключна з мабільнай і вайсковай, праз глушэньне крыніц электрамагнітнага выпраменьваньня. Як вынік — вайсковая тэхніка альбо псуецца, альбо эфэктыўнасьць яе значна зьніжаецца.

Беларуская станцыя радыёэлектроннай барацьбы зь беспілётнымі лятальнымі апаратамі «Гроза-С»
Беларуская станцыя радыёэлектроннай барацьбы зь беспілётнымі лятальнымі апаратамі «Гроза-С»

Тут у Беларусі таксама ёсьць добрыя распрацоўкі. «Прадпрыемства „Радар“ паведамляе пра пастаўкі сваёй тэхнікі ў 15 краін сьвету. Не ўдакладняюць, у якія, але, мяркую, ня ў тыя, каму не даводзіцца хвалявацца за сваю бясьпеку», — кажа Алесін.

Барацьба супроць дронаў

Але самым пэрспэктыўным элемэнтам у гандлі зброяй, паводле экспэрта, становяцца сродкі супраць бесьпілётных паветраных апаратаў. Аляксандар Алесін патлумачыў, на чым грунтуецца іхні прынцып: яны могуць парушыць сувязь з апэратарам альбо з сыстэмамі глябальнага пазыцыянаваньня, у выніку дрон ня зможа працаваць нават на аўтапілёце. Паводле экспэрта, пастаўкі менавіта такой вайсковай тэхнікі зь Беларусі ў зоны верагодных канфліктаў выклікаюць найбольшую насьцярогу ў ЗША.

«Вось калі чаго і пабойваецца Амэрыка і вядзе пра гэта перамовы з Лукашэнкам, дык найперш гэта сродкаў падаўленьня бесьпілётных лятальных апаратаў. Ну, і таксама — мадэрнізаваных сродкаў сыстэм СПА, якія разьмешчаныя ў краінах, дзе, скажам так, ёсьць інтарэсы ЗША: раён Пэрсыдзкай затокі, Сырыя, Іран, Аўганістан.

То бок амэрыканцы апасаюцца, што ў рукі недружалюбных ім рэжымаў трапяць гэтыя сыстэмы, якія могуць нанесьці істотную шкоду вайскова-паветраным сілам ЗША ў выпадку абвастрэньня сытуацыі. Ніхто наўпрост ня кажа, што такое абвастрэньне непазьбежнае, але шмат хто разумее, што падрыхтоўка да яго пачалася», — мяркуе Аляксандар Алесін.

Як доказ ён прыводзіць дадзеныя, што ў раёне Пэрсыдзкай затокі за апошні час значна абвастрылася радыёэлектронная барацьба.

«У ёй ужо ўдзельнічаюць расейскія сыстэмы, а паводле некаторых крыніц, беларускія сыстэмы таксама. Яны ўжо дазваляюць праціўнікам ЗША падаўляць асобныя бесьпілётныя апараты ЗША, прымушаюць іх да пасадкі ці падзеньня. Такія адзінкавыя прыклады ўжо зафіксаваныя», — кажа экспэрт.

Чаго прасіў у Лукашэнкі Болтан?

Аляксандар Алесін мяркуе, што прадстаўнік ЗША выказаў пажаданьне, каб Беларусь не пастаўляла сыстэмы супрацьпаветранай абароны і сыстэмы барацьбы зь бесьпілётнікамі пэўным краінам, і выставіў гэты сьпіс. Найперш, лічыць Аляксандар Алесін, гаворка ідзе пра краіны ў рэгіёне Пэрсыдзкай затокі. Але ці прыслухаецца Беларусь да такога пажаданьня?

«Ня факт, бо ЗША санкцыяў зь Беларусі не здымаюць. Амэрыканцы, верагодна, мусяць паабяцаць Беларусі нешта вельмі важнае, і гэта стане прадметам новых перамоваў. То бок падчас размовы Болтана з Лукашэнкам былі выкладзеныя карты на стол: чаго хочуць ЗША ад Беларусі і чаго хоча Беларусь. А далей будуць дамаўляцца. Але ня думаю, што будзе вельмі проста. У тым ліку таму, што Беларусь мае свае інтарэсы ў пастаўках нафты з таго рэгіёну і мае пэўныя стасункі зь мясцовымі рэжымамі».

Якая будзе рэакцыя Расеі?

Вядома, што неўзабаве пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з Джонам Болтанам у кіраўніка Беларусі адбылася тэлефонная размова з Уладзімірам Пуціным. Ці дазволіць Крэмль Менску заключаць угоду з Вашынгтонам? Экспэрт Аляксандар Алесін мяркуе, што пэўная свабода дзеяньняў у беларускага кіраўніцтва захоўваецца.

«Так, мы саюзьнікі з Расеяй, і гэта значыць, што пытаньні зьнешняй палітыкі мусім узгадняць. Але што да гандлю зброяй, дык тут ёсьць пэўная свабода і нават канкурэнцыя. Ва ўсякім разе, вядома, што ў пэўных пазыцыях нават дамаўляюцца, каб не перабягаць дарогу адно аднаму.

Прызнана, што якасьць нашага рамонту былой савецкай вайсковай тэхнікі лепшая, чым у Расеі. Можна згадаць угоду з Казахстанам, калі Беларусь выйграла — а Расея прайграла — тэндэр на рамонт самалётаў СУ-27 і СУ-25. Альбо вось прыклад: Інданэзія і Малайзія вязуць да нас, у Беларусь, на рамонт тыя самалёты, якія яны куплялі ў Расеі.

Увогуле ў гандлі зброяй хапае пазыцыяў, калі трэція краіны баяцца адмоўнага іміджу Расеі, а з такой краінай, як Беларусь, гатовыя заключыць угоду. У Расеі склалася дрэнная рэпутацыя, а ў Беларусі ёсьць поле для манэўру. Нам і дамаўляцца, і гандляваць лягчэй. Магчыма, таму і Джон Болтан нам нешта прапанаваў такое, пра што цяпер пачнуцца перамовы», — мяркуе незалежны экспэрт Аляксандар Алесін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG