Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі Беларусь і ЗША вернуць амбасадараў, пакуль не зразумела


Дэвід Гэйл і Аляксандар Лукашэнка
Дэвід Гэйл і Аляксандар Лукашэнка

Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей і намесьнік дзяржсакратара ЗША Дэйвід Гэйл зрабілі ў Менску сумесную заяву.

«Нам падаецца, што ўзаемнае прадстаўніцтва дзьвюх краін у Менску і Вашынгтоне на ўзроўні часовых павераных ужо не адпавядае рэаліям сёньняшняга дня і патрабуе карэкціроўкі. Больш высокі ўзровень прадстаўніцтва мог бы дазволіць больш эфэктыўна рэалізаваць тыя магчымасьці, якія адкрываюцца перад нашымі краінамі», — заявіў Уладзімер Макей пасьля сустрэчы Дэвіда Гэйла з Аляксандрам Лукашэнкам.

«Адбыліся сустрэчы і перамовы з прэзыдэнтам Беларусі, якія доўжыліся больш за гадзіну, і зь міністрам замежных спраў Беларусі», — заявіў Уладзімер Макей. Ён паведаміў, што падчас сустрэчы быў абмеркаваны шырокі спэктар пытаньняў: ад палітыкі да правоў чалавека. Ён адзначыў, што чыноўнік такога высокага рангу прыяжджае ў Беларусь упершыню за 25 гадоў.

Макей падзякаваў Гэйлу за шчыры абмен думкамі.

«Нам падаецца, ёсьць узаемная зацікаўленасьць у далейшым паглыбленьні разьвіцьця стасункаў. Мы ўдзячныя за гэтую цікавасьць нашым амэрыканскім сябрам. І гатовыя рухацца па паглыбленьні нашага супрацоўніцтва, каб гэты працэс стаў незваротным», — сказаў Макей.


Гэйл падзякаваў за магчымасьць наведаць Беларусь і пацьвердзіў, што размовы тычыліся ня толькі двухбаковых стасункаў.

«Для мяне асаблівае задавальненьне засьведчыць нашыя супольныя намаганьні па прасоўваньні нашых двухбаковых дачыненьняў у новым напрамку. Сёньня гістарычны момант у амэрыканска-беларускіх стасунках. Я рады ўдзельнічаць у супольным абвяшчэньні нашай гатоўнасьці да абмену амбасадарамі. Гэта наступны крок у нармалізацыі нашых стасункаў».

Гэйл пацьвердзіў, што ЗША падтрымліваюць незалежнасьць і сувэрэннасьць Беларусі і вітаюць пашырэньне супрацоўніцтва ў сфэры нераспаўсюджваньня зброі, бясьпекі на мяжы і абмену інфармацыяй у мэтах супольнай бясьпекі.

«Нармалізуючы нашыя стасункі, мы не патрабуем ад Беларусі выбіраць паміж Усходам і Захадам. Мы паважаем права Беларусі абіраць уласны курс і рабіць свой унёсак у мір і стабільнасьць у рэгіёне», — сказаў Гэйл.

Гэйл заявіў, што ў межах Акту аб дэмакратыі ў Беларусі застаюцца праблемныя пытаньні, і выразіў спадзеў, што будучыя парлямэнцкія і прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі змогуць падштурхнуць іх вырашэньне.

«Пры ўмове такога прагрэсу мы гатовыя абмяркоўваць далейшае аслабленьне санкцый і паглыбленьне нашага супрацоўніцтва», — заключыў Дэйвід Гэйл.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG