Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Так, наша партыя за інтэграцыю. Ніхто іншы, акрамя Расеі, Беларусь карміць ня будзе», — Калякін


Сяргей Калякін
Сяргей Калякін

Старшыня партыі «Справядлівы сьвет» Сяргей Калякін заяўляе, што Лукашэнка ніколі ня быў прарасейскім палітыкам, падлічвае, колькі гадоў Беларусь жыла за кошт Расеі, «нічога не даючы ўзамен», і заяўляе, што ў краінах Балтыі «з эканомікай ня лепш, чым у нас».

Cьцісла:

  • Асьцерагацца трэба таго, што Расея ў аднабаковым парадку разарве саюзную дамову.
  • Я не прарасейскі палітык, я прабеларускі палітык.
  • Пагрозы незалежнасьці я сёньня ня бачу. Калі пабачу, то буду выступаць супраць такога саюзу.

"За 25 гадоў, паводле мінімальных ацэнак, Беларусь атрымала прамую выгаду ад саюзу з Расеяй — 160 мільярдаў даляраў"

— Партыя, якую вы ўзначальваеце, «Справядлівы сьвет», — фактычна адзіная апазыцыйная партыя, якая ня так, як астатнія, ставіцца да тэмы інтэграцыі з Расеяй. Ваша партыя заяўляе, што падтрымлівае працэс інтэграцыі з Расеяй.

— Ня ведаю, як пра іншых, але пра нас вы кажаце слушна. Мы адпачатку выступалі за інтэграцыю і стаялі ля вытокаў стварэньня саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі. Наша фракцыя ў Вярхоўным Савеце — тады Партыя камуністаў беларуская — акурат была ініцыятарам падпісаньня гэтай дамовы. І мы лічым, што ў выніку беларускі народ атрымаў даволі істотныя дывідэнды ў працэсе гэтай інтэграцыі.

— Усё мяняецца гістарычна. І нават калі вы бачылі нейкія выгады ад інтэграцыі — можа, варта скарэктаваць стаўленьне да гэтага працэсу пасьля Крыму і Данбасу і пэўных падзеяў унутры Расеі?

— Ніякіх адносінаў Крым і Данбас ня маюць да інтэграцыі. Гэта якраз прадукт дэзынтэграцыі адносін паміж дзьвюма краінамі, разбурэньня нармальнага ўзаемадзеяньня. Інтэграцыя паўсюль не вядзе да такіх падзеяў, я ня бачу сувязі.

— Важна, што інтэграцыя нясе і да чаго імкнуцца абодва бакі. Вас не палохае магчымасьць страты сувэрэнітэту Беларусі, у тым ліку ў сувязі зь відавочнай зьменай стаўленьня Крамля да гэтай тэмы?

— Многія крытыкі саюзнай дамовы не чыталі дакумэнтаў. Гэта ўнікальны дакумэнт. Дзьве краіны з рознымі парамэтрамі маюць цалкам роўныя правы. Ніводная краіна ня можа прыняць ніякага рашэньня без дазволу іншай. Мы, Беларусь, маем тут цалкам роўны голас па ўсіх пытаньнях, якія аднесеныя да сумеснага распараджэньня ў саюзе. Нават у Эўразьвязе краіны маюць сваю вагу ў адпаведнасьці з насельніцтвам і эканомікай, і там сапраўды пэўную частку сваіх сувэрэнных правоў яны перадалі ў рукі Брусэля. А ў нас голас Расеі і Беларусі цалкам раўнапраўны.

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка
Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка

За 25 гадоў, паводле мінімальных ацэнак, Беларусь атрымала прамую выгаду ад гэтых пагадненьняў — 160 мільярдаў даляраў, паводле іншых — каля 200 мільярдаў. Гэта вельмі шмат, улічваючы, што наш ВУП складае каля 60 мільярдаў. Практычна за 25 гадоў 5 гадоў мы жылі за кошт Расеі.

Таму многія «дасягненьні» нашай улады залежаць ад таго, што мы атрымлівалі і працягваем атрымліваць гіганцкія прэфэрэнцыі ад Расеі, нічога не даючы ўзамен. Пэрыяд, якія назвалі «нафта ў абмен на пацалункі», я б назваў «грошы ў абмен на абяцаньні».

Так, сёньня пазыцыя Расеі зьмянілася, яны кажуць — «ну рабіце хоць што з таго, што вы падпісалі». Пры гэтым яны не патрабуюць страты нашага сувэрэнітэту, але яны кажуць: «Мы ж вас не зьбіраемся ўвесь час карміць, мадэрнізуйце сваю эканоміку». Расея хоча зьмяніць гэтую сытуацыю, але зрабіць гэта ёй будзе вельмі цяжка.

— Вы так доўга расхвальвалі гэтую саюзную дамову, але яна мае мала дачыненьня да рэальнай палітыкі. Абодва бакі, і асабліва Менск, не выконваюць таго, што там запісана, і не зьбіраюцца.

— У дамове ёсьць, што калі-небудзь мы прыйдзем да агульнай валюты. Але няма канкрэтных датаў. Таму сёньня нічога Расея запатрабаваць ня можа.

Асьцерагацца трэба таго, што Расея ў аднабаковым парадку разарве гэтую саюзную дамову. І тады ў нас узьнікнуць вельмі сур’ёзныя праблемы, бо ўзровень жыцьця можа панізіцца на 40 працэнтаў. Бо нас ніхто іншы карміць ня будзе. Калі нехта думае, што пасьля разрыву з Расеяй нас у абдымкі возьме Эўразьвяз — гэта глупства. Проста нашыя рынкі зоймуць гэтыя краіны.

— Як жа наконт сацыяльных гарантый? У Расеі алігархія, бяспраўе людзей працы, максымальна нераўнамерны падзел багацьцяў, сацыяльная няроўнасьць, прорва паміж Масквой і рэгіёнамі — усё тое, супраць чаго заўсёды выступаюць камуністы і левыя. Што можа даць інтэграцыя з такой краінай? Вы хочаце, каб усё гэта было і ў Беларусі?

— Сацыяльная сфэра не адносіцца да сфэры кампэтэнцыі саюзных органаў, гэта выключна сфэра нашай дзяржавы. Таму тут ніякай пагрозы няма, саюзная дзяржава не займаецца працоўнымі месцамі, сацыяльнымі гарантыямі, пэнсіямі, дапамогамі. І сёньня частка сацыяльных гарантый у Расеі вышэйшая за нашу, пэнсійнае забесьпячэньне лепшае, многія сацыяльныя гарантыі захаваныя, якія ў нас адняў Лукашэнка.

Лукашэнка — пралукашэнкаўскі палітык

— Праблема ж ня толькі ў канкрэтнай сёньняшняй сытуацыі, а ў пэўных стратэгічных і геапалітычных прыярытэтах. Арыентацыя на Захад — гэта арыентацыя на дэмакратыю, правы чалавека, моцную сацыяльную абарону. У гэтым сэнсе што можа даць інтэграцыя з Расеяй — гэта інтэграцыя зь бяспраўем, адсталай эканомікай і сацыяльнай сфэрай?

— Пры чым тут адно да другога? Эўразьвяз і ЗША не зьбіраюцца вешаць на свой карак беларускі народ і вырашаць ягоныя праблемы. Тыя, хто пра гэта кажа, хацелі б, што калі ўступяць у Эўразьвяз, то ўсе эканамічныя праблемы будуць вырашаныя, заробак будзе як у Нямеччыне. А працаваць будзем як у Беларусі.

Уладзімер Макей і Эўрапейскі камісар па Эўрапейскай палітыцы Ёханэс Хан, 30 студзеня 2018, Менск
Уладзімер Макей і Эўрапейскі камісар па Эўрапейскай палітыцы Ёханэс Хан, 30 студзеня 2018, Менск

Чаму Лукашэнка сёньня так заклапочаны? Бо раней Расея бясплатна давала да дзясятай часткі ВУП, і ты рашай усе сацыяльныя праблемы. А цяпер Расея кажа — «Вы сувэрэнная краіна, вырашайце гэта самі, мы вас ня будзем карміць да сканчэньня веку». А мы стварылі такую эканоміку, якая несамадастатковая. Але саюзная дамова тут ні пры чым.

— Вы зьвярнулі з майго пытаньня. Я казаў пра стратэгічную арыентацыю менавіта на лепшыя ўзоры. І калі вы кажаце, што Эўразьвяз нікому не дапамагае, то якраз у сувязі з Польшчай і краінамі Балтыі часта прыводзяцца лічбы, як Эўразьвяз дапамагаў ім падняцца, колькі даў ім грошай на разьвіцьцё, на адбудову інфраструктуры. Гэта мільярды даляраў.

— Дапамагаў. Сапраўды, было такое. Ім гэта далі для адаптацыі, бо гэта мела палітычнае значэньне. Але сёньня гэта скончылася, і ў іх маса праблемаў, з эканомікай ня лепш, чым у нас. Заробак вышэйшы, але калі глядзець па спажывецкім кошыку — ня так яны нас пераўзыходзяць.

Але ж бярыце і арыентуйцеся на самыя высокія ўсясьветныя стандарты, швэдзкія, швайцарскія. Але саюз Беларусі і Расеі гэтаму не перашкаджае.

— Гэта нейкая ілюзія. Як можна арыентавацца на эўрапейскія стандарты і пры гэтым інтэгравацца з Расеяй?

— У нас ня дзейнічаюць расейскія законы і стандарты на тэрыторыі Беларусі.

— У гэтых праектах, якія нібыта зьбіраюцца падпісаць прэм’еры і якія ўскалыхнулі грамадзтва, запісана, што Расея і Беларусь будуць уніфікаваць падатковы кодэкс ды іншае.

— Расея ў гэтых пытаньнях прасунулася далей, яны ўніфікуюць сваё заканадаўства разам з Эўразьвязам, яны бліжэй да эўрапейскіх стандартаў, чым мы. А ў галіне палітычных правоў і свабодаў яны якраз пазычаюць нашы беларускія прыклады.

— Лукашэнка — самы прарасейскі палітык у Беларусі, і ён нікому не дазваляе канкураваць зь ім у гэтай нішы. Вы не баіцеся, што калі партыя «Справядлівы сьвет» паспрабуе заняць гэтую нішу — то вам гэтага не дазволяць?

— У гэтым сьцьвярджэньні няма і долі праўды. Лукашэнка ніколі ня быў, ня ёсьць і ня будзе прарасейскім палітыкам. Лукашэнка — пралукашэнкаўскі палітык. Усё, што яму асабіста выгадна, ён і будзе рабіць. Ён ніколі ня быў прарасейскім палітыкам, і расейскае кіраўніцтва гэта ведае.

Другі ваш няправільны пасыл, што наша партыя і я асабіста — прарасейскія. Не зьяўляюся я прарасейскім палітыкам, я прабеларускі палітык. Але я лічу, што глыбокія ўзаемаадносіны, якія ёсьць паміж Беларусьсю і Расеяй, дапамагаюць нам захаваць сувэрэнітэт, вырашыць значную частку праблем. Калі сёньня абрэзаць інтэграцыю з Расеяй, то зьнізіцца ўзровень жыцьця беларусаў. Я супраць таго, каб нашы людзі дзеля нейкіх фантазіяў сталі жыць горш.

Пагрозы сувэрэнітэту я ня бачу. Калі я яе пабачу, то я буду выступаць супраць такога саюзу і супраць такіх зьменаў.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG