Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магчымыя страты нафтавых даходаў Беларусі ў 2020 годзе ацанілі ў 1,5 млрд рублёў


Мазырскі НПЗ, ілюстрацыйнае фота
Мазырскі НПЗ, ілюстрацыйнае фота

У 2020 годзе страты беларускага бюджэту ад недаатрыманых нафтавых даходаў могуць скласьці амаль 1,5 млрд рублёў. Паводле зьвестак БелаПАН, да такой высновы прыйшлі ўлады пры ацэнцы парамэтраў бюджэту Беларусі на 2020 год.

У прыватнасьці, расейскі «падатковы манэўр», паводле падлікаў беларускіх уладаў, можа прывесьці да страты 537,2 млн рублёў даходаў бюджэту ад вывазных мытаў на нафтапрадукты.

Акрамя гэтага, спыненьне дзеяньня дамоўленасьцяў з Расеяй у нафтагазавай сфэры можа прывесьці да стратаў яшчэ 950,9 млн рублёў.

Беларусь і Расея ўжо больш за год абмяркоўваюць пытаньне аб кампэнсацыі за расейскі «падатковы манэўр» у нафтавай сфэры. Таксама сёлета заканчваецца тэрмін дзеяньня кантракту на пастаўку расейскага газу ў Беларусь.

Беларускі бок настойвае на кампэнсацыі стратаў за падатковы манэўр, а таксама на зьніжэньні цаны на газ да ўнутрырасейскага ўзроўню. Расея зьвязвае вырашэньне гэтых пытаньняў з тэмай паглыбленьня эканамічнай інтэграцыі Беларусі і Расеі ў рамках «саюзнай дзяржавы».

Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр

Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.

  • Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
  • Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
  • У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
  • Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.

Страты і кампэнсацыя

  • У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
  • Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
  • Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн. ​
  • У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
  • 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.

Кароткая гісторыя нафтагазавых канфліктаў Беларусі і Расеі

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG