Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь кампэнсуе страты ад бруднай расейскай нафты пры 20% росту тарыфаў на транзыт


З улікам стратаў ад бруднай расейскай нафты Беларусь у лютым падвысіць тарыфы на транспартаваньне, заявіў журналістам першы намесьнік гендырэктара «Гомельтранснафта Дружба» Андрэй Вярыга,​ паведамляе БелТА.

Камэнтуючы падвышэньне тарыфаў зь 1 верасьня на 3,7%, Вярыга сказаў, што «гэта плюс і гэта дае сёньня рост выручкі каля $ 2 млн да канца году», «але ўсё роўна застаецца каля 21 млн даляраў выручкі, якая выпала (з прычыны скарачэньня транзыту. — Рэд.). Таму будзе весьціся размова пра яе далейшую кампэнсацыю.

Паводле намесьніка гендырэктара «Гомельтранснафта Дружба», недаатрыманыя прыбыткі Беларусь ацэніць у канцы году і ў лютым выйдзе на плянавае падвышэньне тарыфаў зь іх улікам.

«Гомельтранснафта Дружба» зможа цалкам кампэнсаваць выдаткі ад скарачэньня транзыту расейскай нафты па тэрыторыі Беларусі пры ўмове павышэньня тарыфу на транзыт на 21%.

«Вось гэты разьлік, які мы паказвалі (расейскаму боку. — Рэд.), 21%, дазваляе выйсьці да канца году на 100% пакрыцьця выдаткаў», — цытуе першага намесьніка гендырэктара «Гомельтранснафта Дружба» interfax.by.

Раней Менск і Масква ўзгаднілі пазаплянавае падвышэньне тарыфу на транспартаваньне расейскай нафты па беларускай тэрыторыі на 3,7% з 1 верасьня «ў сувязі са зьніжэньнем аб’ёмаў транзыту» праз інцыдэнт з бруднай расейскай нафтай.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт». Асноўнае

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG