Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь прыпыніла экспарт нафтапрадуктаў у суседнія краіны


Будаўнічыя работы на адрэзку нафтаправоду «Дружба» паміж Мазыром і Берасьцем, 2018 год.

Праз няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі. Пра гэта Інтэрфаксу паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб.

«На гэты момант кантрактныя абавязаньні прыпыненыя да моманту вырашэньня пытаньня з расейскай нафтай», — дадаў ён, удакладніўшы, што экспарт цёмных нафтапрадуктаў захаваны ў поўным аб’ёме.

Цяпер беларускі бок працуе над тым, каб не пазьбегнуць санкцый з боку вонкавых контрагентаў.

Сяргей Грыб таксама адзначыў, што з улікам прынятага Расеяй рашэньня аб забароне паставак нафтапрадуктаў у Беларусь і скарачэньня аб’ёмаў перапрацоўкі на НПЗ празь няякасную нафту, краіна самастойна забясьпечвае патрэбы ўнутранага рынку.

«Скарачэньне аб’ёмаў экспарту адбываецца дзеля забесьпячэньня патрэбаў унутранага рынку нафтапрадуктаў», — патлумачыў Сяргей Грыб.

Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу. Архіўнае фота
Цыстэрна з нафтай на нафтаперапамповачнай станцыі прадпрыемства «Гомельтранснафта Дружба», якое забясьпечвае пастаўку нафты з Расеі ва Ўкраіну і краіны Эўразьвязу. Архіўнае фота

Няякасная нафта паступіла на тэрыторыю Эўразьвязу і Ўкраіны

Няякасная нафта паступіла на тэрыторыю краінаў Эўразьвязу, сказаў намесьнік старшыні канцэрну «Белнафтахім» Уладзімер Сізоў, паведамляе БЕЛТА.

«Па выніках пробаў, якія былі адабраныя на мяжы Беларусі і Польшчы, можна канстатаваць, што няякасная нафта паступіла на тэрыторыю краінаў Эўрапейскага Зьвязу. Такая ж нафта знаходзіцца і на тэрыторыі Ўкраіны», — распавёў Сізоў.

Лябараторыя ААТ «Гомельтранснафта Дружба» працуе ў кругласутачным рэжыме. Паводле дадзеных спэцыялістаў, расейская нафта з перавышэньнем хлёрарганічных злучэньняў дасюль працягвае паступаць у Беларусь.

Беларуска-расейскі «нафтавы канфлікт»

  • 11 красавіка Аляксандар Лукашэнка прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта ідзе ў Эўропу. Гэтак ён адрэагаваў на абмежаваньні, якія Расея ўвяла на імпарт прадуктаў харчаваньня зь Беларусі.
  • Гаворка ідзе пра паўднёвую галіну нафтаправоду «Дружба», апэратар якой — ААТ «Гомельтранснафта Дружба». Па ёй ідзе транзыт расейскай нафты ў Польшчу, Украіну, Вугоршчыну, Нямеччыну.
  • 21 красавіка Беларусь прыняла рашэньне часова абмежаваць экспарт нафтапрадуктаў, бо беларускія НПЗ атрымалі партыю няякаснай расейскай нафты: узровень хлярыдаў вырас у 20 і больш разоў, сьцьвярджае афіцыйны Менск.​

  • Расейскі бок прызнаў факт пастаўкі няякаснай нафты.
  • На Мазырскім НПЗ заявлі, што няякасная нафта пашкодзіла дарагое абсталяваньне.
  • Беларускі бок заяўляе, што страты ад спыненьня паставак могуць скласьці некалькі сотняў мільёнаў даляраў.
  • 23 красавіка намесьнік гендырэктара Беларускай нафтавай кампаніі (БНК) Сяргей Грыб паведаміў, што празь няякасную расейскую нафту Беларусь вымушана прыпыніла экспарт сьветлых нафтапрадуктаў (бэнзін і дызпаліва) ва Ўкраіну, Польшчу і краіны Балтыі.
  • Таксама Грыб заявіў, што Беларусь гатовая да канца году пачаць альтэрнатыўныя расейскай пастаўкі нафты: адзін з варыянтаў — праз марскія парты краінаў Балтыі, другі — праз Адэсу і нафтправод Адэса—Броды на Мазырскі НПЗ.
  • Пытаньні да якасьці расейскай нафты паўсталі на фоне спрэчак Беларусі і Расеі, калі Масква адхіліла прапанову Менску павялічыць тарыф на транзыт нафты адразу на 23,1% у сувязі з захадамі экалягічнай бясьпекі.
  • 26 красавіка расейцы завялі крымінальную справу аб забруджваньні нафты. Меркавана, хлёрарганіку ўкінулі праз прыватны трубаправод у Самарскай вобласьці.

    27 красавіка прэмʼер-міністар Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў загадаў цягам 7 дзён пакараць адказных за забруджаньне нафты ў трубапровадзе «Дружба».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG