Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крук супраць Шрайбмана: ці можна ўвесь час выйграваць у інтэграцыйным «казіно»?


Ці пагражае сувэрэнітэту Беларусі праграма паглыбленьня інтэграцыі Беларусі і Расеі? Ці здолее Беларусь сабатаваць выкананьне інтэграцыйных пагадненьняў? Ці паменела яе здольнасьць да такіх «дыпляматычных манэўраў»?

Па гэтых тэмах у Праскім акцэнце спрачаюцца эканаміст Зьміцер Крук і палітычны аналітык Арцём Шрайбман.

Сьцісла:

Крук

  • Пазбавіць сябе права самастойна вызначаць свае інстытуцыйныя нормы — гэта пераход «чырвонай лініі»
  • Чаму мы наагул абмяркоўваем тое, што зьяўляецца важным складнікам сувэрэнітэту?
  • Ставіць сваё жыцьцё на кон у казіно — гэта небясьпечна, нават калі 99% шанцаў на тое, што вы выйграеце
  • У апошнія 5 гадоў павялічваўся разрыў паміж узроўнем дабрабыту ў нас і ў суседніх краінах

Шрайбман

  • Падпісаньне паперы пра ўніфікацыю гэтых кодэксаў — гэта падпісаньне паперы пра немагчымае
  • Максымум, да чаго могуць прыйсьці бакі — гэта каардынацыйная нарада дзьвюх міністэрстваў энэргетыкі
  • Вязкі перамоўны працэс будзе цягнуцца бясконца і ні ў які момант не атрымаецца канстатаваць, што Беларусь адмаўляецца ад інтэграцыі
  • Лукашэнка далёка не заўсёды робіцца больш лагодным ад таго, што Беларусь бяднее

Дракахруст: Зьміцер Крук апублікаваў на Naviny.by артыкул, зь вельмі грунтоўным і аргумэнтаваным тлумачэньнем, чым небясьпечная праграма паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Інфармацыя пра гэтую праграму была нядаўна апублікаваная ў расейскім «Коммерсанте».

Артыкул Крука — пярэчаньне тым, хто лічыць, што праграма не ўяўляе надта вялікай пагрозы незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. Гэтую думку, зь якой спрачаецца Зьміцер, таксама вельмі грунтоўна выклаў Арцём Шрайбман у артыкуле на Canrnegie. ru.

Сёньня мы вочна працягнем гэтую завочную спрэчку.
Я сфармулюю некалькі тэзаў, а вы абгрунтуеце сваю пазыцыю і абвергнеце апанэнта.

Супольны падатковы і грамадзянскі кодэкс — страта сувэрэнітэту?

Тэза 1.

Нават уніфікацыя Падатковага і Грамадзянскага кодэксаў, а дакладней, пераход Беларусі на адпаведныя расейскія кодэксы, крытычна абмяжуе сувэрэнітэт Беларусі

Так ці не?

Крук: Мой адказ — так. Нормы гэтых кодэксаў — не выключна эканамічныя, але і інстытуцыйныя. Яны задаюць правілы, стандарты эканамічнага жыцьця.

Мяне ў гэтым сэнсе больш хвалюе Грамадзянскі кодэкс. Пра гэты кодэкс у «Коммерсанте» было напісана менш і, магчыма, гэта часткова была інтэрпрэтацыя аўтара.

Зьміцер Крук
Зьміцер Крук


Грамадзянскі кодэкс — гэта эканамічная канстытуцыя краіны.
Так выглядае, што мы павінныя будзем адаптаваць нашае заканадаўства да расейскіх нормаў. І ў будучыні мы гэта зьмяніць ня зможам. Пазбавіць сябе права самастойна вызначаць свае інстытуцыйныя нормы — гэта вельмі сурʼёзна. У маім разуменьні гэта пераход «чырвонай лініі», якую нельга пераступаць.

Шрайбман: Аб уніфікацыі грамадзянскага кодэксу размова не ідзе. У артыкуле ў «Коммерсанте» ёсьць спасылкі, што плянуецца ўніфікаваць гаспадарчае заканадаўства, але выснова пра Грамадзянскі кодэкс — гэта не цытата, а выснова аўтара.

Наконт падатковага кодэксу — я згодны са Зьмітром, што ён, разам з Грамадзянскім — эканамічная канстытуцыя краіны. Але падпісаньне паперы пра ўніфікацыю гэтых кодэксаў — гэта падпісаньне паперы пра немагчымае.

Арцём Шрайбман
Арцём Шрайбман


У рэальнасьці гэта невыканальная задача, нават ня толькі ў вызначаныя праграмай тэрміны, а наагул, у прынцыпе.
Беларусі тады давядзецца адмаўляцца ад свабодных эканамічных зонаў, ад ПВТ і «Вялікага камня», гэта бʼе па ІТ, які самая эфэктыўная галіна эканомікі, бʼе па стасунках з Кітаем.

Мы трактуем подпіс Беларусі пад гэтым дакумэнтам, як абавязак на стагодзьдзі. Я мяркую, што насамрэч беларусы будуць трактаваць гэта, як новы этап бясконцага гандлю. І віну за тое, што не прыйшлі да адзінага кодэксу, заўсёды можна будзе зваліць на Расею.

Рэальны пераход на расейскі падатковы кодэкс нанёс бы беларускай эканоміцы большую шкоду, чым расейскі падатковы манэўр, шкоду ад якога Нацбанк ацэньвае сёньня як 0.3% ад ВУП.

Я не магу паверыць, што беларуская ўлада пойдзе на такі эканамічна недарэчны крок, які не кампэнсуюць ніякія магчымыя расейскія саступкі.

Якім будзе саюзны энэргетычны рэгулятар?

Дракахруст: Тэза 2

Праграмай інтэграцыі прадугледжанае стварэньне супольнага рэгулятара рынкаў нафты, газу і электраэнэргіі — наўпроставага наддзяржаўнага інстытуту, які дазволіць Расеі кантраляваць ключавыя галіны беларускай эканомікі

Так ці не?

Шрайбман: Тут падобная сытуацыя. Мы з вамі не разумеем, і напэўна ніхто не разумее, што ў дадзеным выпадку азначае слова рэгулятар. Што мы можам сказаць дакладна, што Беларусь і Расея будуць яго разумець па-рознаму. Менск зможа сказаць — мы ня тое мелі на ўвазе, мы падпісвалі, думаючы, што там галасы будуць разьмеркаваныя пароўну, мы павінныя мець права вета.

Зь іншага боку, я не магу ўявіць сабе, каб Мілер і Сечын пагадзіліся, каб Беларусь мела права вета на рашэньні, якія закранаюць наўпрост іх расейскія справы.

Калі Беларусь ня мае там права вета і гэты орган мае рэальныя паўнамоцтвы, то што гэта дае Беларусі? Таму максымум, да чаго могуць прыйсьці бакі — гэта каардынацыйная нарада дзьвюх міністэрстваў энэргетыкі.

Крук: Некалькі словаў да папярэдняга пытаньня. Для мяне вялікая загадка, чаму праект гэтай праграмы ня быў апублікаваны. Былі словы прэмʼера Румаса, што пасьля 6 верасьня гэта будзе апублікавана.

Я згодны з Арцёмам у тым, што гэта шмат у чым невыканальна. Але ў мяне тады пытаньне — чаму такія сюжэты робяцца прадметам палітычнага гандлю, чаму мы наагул абмяркоўваем тое, што зьяўляецца важным складнікам сувэрэнітэту?

Што тычыцца рэгулятара — тут трэба глядзець дакумэнты. Мне здаецца, што нам трэба пытаньні нафты і газу пераводзіць у фармат Эўразійскага эканамічнага саюзу. Менавіта гэта было асноўным аргумэнтам, чаму Беларусі варта было далучыцца да ЭАЭС.

Чаму мы павінныя мяняць шматбаковы фармат, больш бясьпечны для нас, на двухбаковы?

Ці абдурыць Лукашэнка Пуціна?

Дракахруст: Я дазволю сабе прапанаваць адказ. У мінулым сьнежні Дзьмітры Мядзьведзеў сфармуляваў дылему: ці Беларусь інтэгруецца з Расеяй глыбей і тады дапамога прынамсі захаваецца, а тое і павялічыцца, ці «кансэрватыўны варыянт» — узровень інтэграцыі не мяняецца, але дапамога прынамсі не павялічваецца, або і зьмяншаецца. Беларускі бок адказаў — мы хочам атрымліваць больш, таму давайце глыбей інтэгравацца. Але па сваіх правілах. Наконт правілаў — мая наступная тэза:

Тэза 3

Беларускі бок будзе сабатаваць выкананьне небясьпечных элемэнтаў праграмы, як рабіў гэта са шматлікімі папярэднімі інтэграцыйнымі пагадненьнямі. Зьміцер назваў гэта «дыпляматычным манэўрам», груба гэта можна апісаць так — нашы (ці наш) ізноў абдурыць расейцаў.

Так ці не?

Крук: Адназначна на вашае пытаньне адказаць не магу, тут як зоркі складуцца. Але такая небясьпека ёсьць. І ставіць на кон у такой гульні пытаньне пра складнік сувэрэнітэту вельмі рызыкоўна. Я абсалютна ня супраць «дыпляматычных манэўраў». Але калі іх прадметам зьяўляюцца выключна эканамічныя пытаньні.

Мы разьлічваем на тое, што гулялі ў гэтую гульню 25 гадоў і вынік будзе такі самы і ў далейшым.

Небясьпека ціску з боку Расеі існуе. Я лічу, што на прапанову Мядзьведзева трэба было нагадаць, што ў 2015 годзе было ясна сказана з расейскага боку, што ўсе эканамічныя стасункі мы пераводзім у фармат ЭАЭС.

І там прапісаны інтарэс Беларусі пра адзіны рынак нафты і газу і тое, што нашыя ўмовы гандлю на гэтых рынках не павінныя пагаршацца. І самая згода перавесьці гэтыя стасункі ў двухбаковае рэчышча — гэта дыпляматычная параза. Можна спадзявацца, што мы гэта забалтаем, патопім у бюракратычнай багне. Можа так, а можа і не. Гэта вялікая рызыка.

У казіно можна згуляць на невялічкую суму. Але ставіць сваё жыцьцё на кон — гэта небясьпечна, нават калі 99% шанцаў на тое, што вы выйграеце.

Шрайбман: У казіно ёсьць ахоўнік, які сілай адбярэ ў цябе прайграныя грошы, калі ты іх ня хочаш аддаваць. Тут ёсьць хіба ў лёгіцы: мы ставім на кон наш сувэрэнітэт і калі мы нешта не выканаем, то ў нас яго забяруць сілай. Ці ёсьць інструмэнт для гэтага?

Я згодны, што мы падвышаем стаўкі ў гэтай гульні. Дапусьцім, што Масква па наіўнасьці чарговы раз верыць нам, што мы выканаем усе гэтыя невыканальныя «дарожныя мапы» і ў сьнежні Пуцін пагаджаецца Лукашэнку кампэнсаваць падатковы манэўр і даць добрую цану на газ.

І дапусьцім, што ў наступныя два гады Лукашэнка ня так хутка мяняе падатковы кодэкс, міністар Крутой гандлюецца за нейкія падатковыя дэталі. Вы мяркуеце, што Крэмль у адказ на нязгоду Менску памяняць пару артыкулаў падатковага кодэксу перакрывае нафту?

Не ўпэўнены, што гэта рэальна. Вязкі перамоўны працэс будзе цягнуцца бясконца. І ні ў які момант не атрымаецца канстатаваць, што Беларусь адмаўляецца ад інтэграцыі.

Гэта не такі просты працэс, як казіно, дзе зразумела, што ты выйграў ці прайграў.

Што тычыцца сьнежня, то я не ўпэўнены, што гэта спрацуе наагул, ад пачатку. Наўрад ці Масква, маючы 20 гадоў досьведу гандлю з Беларусьсю наконт інтэграцыі, пагодзіцца ў сьнежні на ўсе «хацелкі» Менску ў спадзеве, што Менск выканае невыканальнае.

Я мяркую, што мы ў сьнежні атрымае адмову Масквы даваць усё, магчымыя нейкія невялікія саступкі па газу, саступкі па падатковым манэўры і па крэдытах будзе перанесены на канец выкананьня «дарожных мапаў» і будуць даваць пакрокава, у адказ на выкананьне пунктаў «мапаў».

«Дыпляматычны манэўр» супраць падатковага

Дракахруст: Тэза 4

Сыстэмная ўразьлівасьць беларускай эканомікі — кепскі фон для «дыпляматычных манэўраў». Шанцы на ўдачу «дыпляматычнага манэўра» у такой сытуацыі памяншаюцца.

Так ці не?

Шрайбман: У мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытаньне. Калі беларуская эканоміка робіцца ўсё больш слабай і ўразьлівай, то ў расейцаў будзе ўсё менш жаданьня саступаць. Але з другога боку, вынікі такой слабасьці і ўразьлівасьці нелінейныя. Лукашэнка далёка не заўсёды робіцца больш лагодным ад таго, што Беларусь бяднее.

Калі ў нас будзе штогадовы дэфіцыт бюджэту, будзем мець праблемы з выплатай зьнешняга доўгу, калі ў нас будзе рэзка падаць экспарт, як гэта зараз адбываецца, Лукашэнка хутчэй будзе злавацца і абвінавачваць ва ўсіх грахах Расею. Я ня думаю, што тады ён будзе больш схільны да саступак і здачы сувэрэнітэту.

Крук: Можна сказаць, што з 2003 па 2012 гады беларуская эканоміка квітнела. Я памятаю пра валютны крызіс 2011 году, але ўвесь гэты пэрыяд паводле ўзроўню даходаў Беларусь набліжалася да суседзяў.
У 2007-2008 гаварылася, што яшчэ некалькі гадоў і мы будзем жыць, як у Польшчы.

Пасьля мы пачалі назапашваць даўгі і сёньня нашая асноўная праблема — што рост амаль спыніўся, ён вельмі марудны. У апошнія 5 гадоў павялічваўся разрыў паміж узроўнем дабрабыту ў нас і ў суседніх краінах.

Арцём сказаў пра ацэнку стратаў ад падатковага манэўру — 0.3% ВУП. Але штогод яны будуць павялічвацца. І да 2024 году калі нічога не рабіць страты складуць ужо 3% ВУП, а ў складзе бюджэту гэта страты ўжо ў памеры 10%. А гэта ўжо вельмі істотна.

Наконт рашэньняў першай асобы магу цалкам пагадзіцца з Арцёмам, што тут наступствы могуць быць любымі. Калі сытуацыя стагнацыі будзе захоўвацца і ціск з боку Расеі будзе ўзмацняцца, непрадказальна, як будзе паводзіць сябе спадар Лукашэнка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG