Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пасябравалі Лукашэнка і Зяленскі


Вынікі сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны абмяркоўваюць украінскі палітоляг Яўген Магда і аглядальнік беларускай службы нашага радыё Віталь Цыганкоў.

Сьцісла:

Магда

  • Галоўны вынік сустрэчы — гэта знаёмства
  • Зяленскі хацеў знайсьці з Лукашэнкам супольную мову любой цаной
  • Значная частка істэблішмэнту ўспрымае Лукашэнку як занадта блізкага саюзьніка Расеі, але ёсьць нюансы, якія, на жаль, шмат хто ў Кіеве ігнаруе
  • Пастаўляць Украіне паліва зь беларускіх НПЗ — для гэтага не патрэбнае сяброўства прэзыдэнтаў
  • Лукашэнка напачатку спрабаваў паставіць сябе крыху вышэй, як настаўнік, але потым гэта сышло

Цыганкоў

  • Лукашэнка паўтарыў тэзіс, што ва Ўкраіны ніколі ня будзе праблемаў з тэрыторыі Беларусі і ад Беларусі
  • Яны абодва імкнуліся казаць пра тое, што іх аб’ядноўвае, а не разьядноўвае
  • Што да рэакцыі Масквы на сустрэчу Лукашэнкі і Зяленскага, то мяркую, што яе ня будзе ніякай
  • Яны былі роўныя. Зяленскі не выглядаў юнаком, якога трэба вучыць

«Галоўны вынік — знаёмства»

Дракахруст: Сёньня прэзыдэнты Беларусі і Ўкраіны Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімір Зяленскі ўзялі ўдзел ў Форуме рэгіёнаў дзьвюх краін у Жытоміры. Гэта была іх першая вочная сустрэча. На ваш погляд, якімі былі яе галоўныя вынікі?

Яўген Магда
Яўген Магда

Магда: Галоўны вынік — гэта знаёмства. Лукашэнка на мінулым тыдні прыняў групу ўкраінскіх журналістаў, і гэта быў спосаб падрыхтоўкі да асабістай сустрэчы. Падчас выбарчай кампаніі ва Ўкраіне Лукашэнка прагназаваў перамогу Пятра Парашэнкі, але гэта не перашкодзіла яму павіншаваць Зяленскага зь яго трыюмфам.

Цыганкоў: Мэтай сустрэчы сапраўды было знаёмства. Але і дэманстрацыя, што і з новым кіраўніцтвам Украіны ў Беларусі будуць такія ж добрыя адносіны.

Па таму, што мы бачылі ў рэпартажах з сустрэчы, абодва лідэры дэманстравалі максымальную шчырасьць і прыязнасьць.
Лукашэнка паўтарыў тэзіс, які казаў і Парашэнку — ва Ўкраіны ніколі ня будзе праблемаў з тэрыторыі Беларусі і ад Беларусі. Таксама да сустрэчы былі вызваленыя асобы, якія былі абвінавачаныя ў шпіянажы: беларус Політыка быў вызвалены ва Ўкраіне, украінец Шаройка — у Беларусі. Не выключаю, што гэтыя вызваленьні былі ўмовай сустрэчы двух прэзыдэнтаў.

«Крым і Данбасс — былі і будуць заўсёды Украінай»

Дракахруст: Зяленскі пасьля перамоваў з Лукашэнкам заявіў: «Цудоўна, што Беларусь прызнае, што Крым і Данбасс — былі і будуць заўсёды Украінай». Беларусь гэта і сапраўды прызнае? Хіба Лукашэнка гэта казаў?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Зяленскаму хацелася так зразумець словы Лукашэнкі наконт тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны. Яны абодва імкнуліся казаць пра тое, што іх абʼядноўвае, а не разьядноўвае.

Пазыцыя Менску ў пытаньнях Крыму і Данбасу амбівалентная: Беларусь у міжнародных структурах галасуе за расейскую пазыцыю, але Беларусь і не прызнала фармальна анэксію Крыму і робіць міратворчыя высілкі адносна Данбасу. Зяленскі дыпляматычна падкрэсьліў гэты другі аспэкт беларускай пазыцыі.

Магда: Уладзімір Зяленскі вельмі хоча падабацца сваім суразмоўцам. У Эўропе мала хто можа спаборнічаць з Лукашэнкам паводле працягласьці знаходжаньня ва ўладзе, хіба лідэр Чарнагорыі Міла Джуканавіч.

Зяленскі перажывае зараз няпросты момант, апазыцыя крытыкуе яго за прыняцьцё формулы Штайнмайера. З Трампам таксама ня надта склалася.

Гэтак жа каманда Зяленскага недапрацавала, і калі ён заявіў, што паміж Беларусьсю і Ўкраінай няма мяжы. Мы памятаем заявы беларускіх уладаў пра тое, як праз гэтую мяжу з украінскага боку прарываліся нейкія баевікі і везьлі зброю.

Зяленскі хацеў знайсьці з Лукашэнкам супольную мову любой цаной.

Ці патрэбныя Ўкраіне беларускія міратворцы?

Дракахруст: Лукашэнка шматкроць прапаноўваў беларускіх міратворцаў для ўрэгуляваньня крызісу. Да апошняга часу ані Кіеў, ані Масква, дарэчы, не праяўлялі да гэтай прапановы вялікай цікавасьці. Зараз, пасьля таго як Украіна падпісала «формулу Штайнмайера», інтарэс да гэтай прапановы можа павялічыцца? Калі на сэпаратысцкіх тэрыторыях будуць выбары, хто там будзе падтрымліваць парадак, хто ўраўнаважыць вайсковыя злучэньні сэпаратыстаў, якія складаюцца ладнай часткай зь мясцовых?

Магда: Прапанова Лукашэнкі ня можа стаць актуальнай і ў новых умовах. Ня можа нават не таму, што ў Беларусі няма дастатковай колькасьці падрыхтаваных міратворцаў. І нават не таму, што значная частка істэблішмэнту ўспрымае Лукашэнку як занадта блізкага саюзьніка Расеі. Апошняе і сапраўды так. Але ёсьць нюансы, якія, на жаль, шмат хто ў Кіеве ігнаруе. І дарма, на мой погляд. Але справа ў тым, што формула Штайнмайера не прадугледжвае ніякіх міратворцаў.

Цыганкоў: Прычына таго, што гэтая прапанова адхіляецца, у тым, што Беларусь у Кіеве ня лічаць такім ужо нэўтральным пасярэднікам. Беларусь — вайсковы саюзьнік Расеі, ёсьць сумесная вайсковая групоўка. Да таго ж у беларускіх міратворчых злучэньняў няма вялікага досьведу.

«Ніхто ніколі не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць»

Дракахруст: «Ніхто ніколі не дазволіць нам вельмі моцна сябраваць. Вы ня думаеце, што толькі ў Расеі нас будуць прэсаваць. Гэта і на Захадзе ня вельмі ўспрымуць», — заявіў Лукашэнка пасьля перамоваў зь Зяленскім. Гэта ён пра што? І дарэчы — якой будзе рэакцыя Крамля на сустрэчу Лукашэнкі і Зяленскага?

Цыганкоў: У гэтым пасажы Лукашэнка найперш меў на ўвазе Маскву. Але калі б ён сказаў толькі пра яе, то гэта выклікала б раздражненьне ў Расеі. А так ён да кучы прыплёў і Захад. Я ня думаю, што камусьці на Захадзе можа не падабацца збліжэньне Беларусі і Ўкраіны.

Што да рэакцыі Масквы на сустрэчу Лукашэнкі і Зяленскага, то мяркую, што яе ня будзе ніякай.

Цікавая заканамернасьць: у Лукашэнкі былі добрыя адносіны з украінскімі прэзыдэнтамі, якія лічыліся антырасейскімі, і значна горшыя — з прэзыдэнтамі, якія лічыліся больш прарасейскімі, асабліва зь Януковічам.

І цікава, як складуцца адносіны ў Лукашэнкі зь Зяленскім, які ня лічыцца такім жа антырасейскім, як яго папярэднік.

Магда: У мяне кепская навіна для Лукашэнкі. Зараз Зяленскі спрабуе заігрываць з Расеяй. Таму Лукашэнку ня варта расслабляцца.

Я б таксама яшчэ адзначыў, што ў нас у двухбаковых адносінах амаль няма вялікіх праблемаў, якія патрабуюць вырашэньня на прэзыдэнцкім узроўні.

У газавай сфэры мы супрацоўнічаць ня можам, бо Белтрансгаз — гэта Газпром. Пастаўляць Украіне паліва зь беларускіх НПЗ — для гэтага не патрэбнае сяброўства прэзыдэнтаў.

Кантакты з ЭЗ — тут у кожнай краіны свае падыходы.

«Яны былі роўныя»

Дракахруст: Першая сустрэча — гэта і спаборніцтва асобаў, вызначэньне, хто зь іх псыхалягічна дамінуе. Як вы мяркуеце, хто выйграў гэты двубой асобаў? Я зьвярнуў увагу, што падчас сустрэчы ў аэрапорце Лукашэнка абняў Зяленскага, абхапіўшы яго за рукі. Не яны абняліся, а Лукашэнка абняў Зяленскага. Гэта дамінаваньне?

Уладзімір Зяленскі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце Жытоміру, 4 кастрычніка 2019
Уладзімір Зяленскі сустракае Аляксандра Лукашэнку ў аэрапорце Жытоміру, 4 кастрычніка 2019

Цыганкоў: Мне падаецца, што не. У Лукашэнкі было імкненьне да гэтага. Яму 65 гадоў, Зяленскаму — 41, было імкненьне прадэманстраваць бацькоўскае стаўленьне. Але з таго, што я бачыў, на кожную рэпліку Лукашэнкі Зяленскі знаходзіў што адказаць, на кожны жарт Зяленскага быў свой жарт у Лукашэнкі. Яны былі роўныя.

Зяленскі не выглядаў юнаком, якога трэба вучыць. І ўскосна гэта канстатаваў Лукашэнка, які сказаў напрыканцы, што Зяленскаму зараз непатрэбныя ніякія парады і што ён сам ведае, што рабіць, і зробіць гэта.

Магда: Зяленскаму было лягчэй, бо няма моўнага барʼеру. Досьвед камунікацыі з высокімі асобамі ў Зяленскага ёсьць з «95-га кварталу». Ён не губляецца. Лукашэнка напачатку спрабаваў паставіць сябе крыху вышэй, як настаўнік, але потым гэта сышло. І гэта на карысьць і абодвум прэзыдэнтам, і абедзьвюм краінам.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG