Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка заступіўся за Зяленскага на саміце СНД

абноўлена

Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка ў Жытоміры, архіўнае фота
Уладзімір Зяленскі і Аляксандар Лукашэнка ў Жытоміры, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 11 кастрычніка выступіў на саміце Садружнасьці незалежных дзяржаваў у туркмэнскім Ашхабадзе. Прэс-служба Лукашэнкі перадае, як ён выказаўся пра ўкраінскага калегу — Уладзіміра Зяленскага.

«Нядаўна ўкраінская тэма гучала, — казаў Лукашэнка ўдзельнікам саміту СНД. — Хачу выказаць сваю пазыцыю, паколькі як прэзыдэнт Расеі, так і я вельмі паглыбленыя ў гэтую праблему. Таму што гэта ў нас адбываецца. Кажучы пра новую ўладу ва Ўкраіне, хацеў бы і вас заклікаць падтрымаць гэтую ўладу. Вы бачыце тэндэнцыю ўжо згарнуць гэтую ўладу, скруціць, зрынуць, але мы павінны разумець, хто пасьля гэтага прыйдзе да ўлады ў Украіне».

Паводле Лукашэнкі, ва Ўкраіне можа ўзьнікнуць «рассаднік ужо нават не нацыяналізму» (чаго, не ўдакладніў).

Каго меў на ўвазе Лукашэнка пад тымі, хто хоча зрынуць Зяленскага, не ўдакладняецца. Ва Ўкраіне тым часам адбываліся пратэсты супраць рашэньня Зяленскага аб Данбасе — «формулу Штайнмаера» некаторыя называюць «капітуляцыяй».

Самаго Зяленскага на саміце няма, хоць яму накіроўвалі афіцыйнае запрашэньне. Украіна яшчэ ў 2014 годзе прыняла рашэньне аб спыненьні прадстаўніцтва ў СНД, але афіцыйную заяву аб выхадзе з СНД пакуль не падала. На саміце ж прысутнічалі кіраўнікі Азэрбайджану, Армэніі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Туркмэністану, Расеі, Малдовы, Таджыкістану і Ўзбэкістану.

Лукашэнка пашкадаваў, што Зяленскага не было, і заявіў, што Ўкраіна наогул дарэмна выходзіла з СНД: маўляў, «калі вам не падабаецца, ну не прыяжджайце на нашыя саміты».

«Што было б дрэннага, калі б цяперашні прэзыдэнт Украіны, а ён разумны, нармальны чалавек, сёньня прысутнічаў у нас? — спытаў Лукашэнка. — У яго б не было праблемы пагаварыць з адным прэзыдэнтам, з другім, трэцім, сустрэцца тут з прэзыдэнтам Расеі, пра сустрэчу зь якім ён шмат цяпер кажа. Таму ня трэба рабіць няправільных крокаў, асабліва цяпер. Ня трэба сьпяшацца».

Лукашэнка сустракаўся зь Зяленскім 4 кастрычніка ва ўкраінскім Жытоміры, апошні казаў, «мы разумеем адзін аднаго».

8 кастрычніка на «Менскім дыялёгу» Лукашэнка казаў, што ў Кіеве «пэўныя сілы выкарыстоўваюць гэты працэс, каб увогуле прыціснуць новую ўладу і новага прэзыдэнта», а «Эўропа маўчыць», «толькі камяні кідаюць у адрас гэтага маладога чалавека».

Праз шэсьць дзён пасьля сустрэчы ва Ўкраіне Лукашэнка накіраваў Зяленскаму афіцыйны ліст з падзякай за форум і запрашэньнем у Беларусь.

На вялікай прэс-канфэрэнцыі 10 кастрычніка Зяленскага спыталі сярод іншага, як ён ставіцца да параўнаньняў з Лукашэнкам. Ён адказаў:

«Мне агулам не падабаюцца мае параўнаньні з кімсьці. Гэта ня тычыцца спадара Лукашэнкі. Я думаю, што я асоба. Я падобны толькі на сваіх бацькоў».

Па працягласьці прэс-канфэрэнцыі Зяленскі тады перасягнуў Лукашэнку, Пуціна і Кастра.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG