Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зяленскі пра сакрэтнасьць справы Шарамета: «Калі я вам скажу — сарву апэрацыю»


Уладзімір Зяленскі

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заяўляе, што вызначыў тэрміны завяршэньня расьсьледаваньня справы аб забойстве беларускага журналіста Паўла Шарамета, але адмовіўся назваць прычыны яе засакрэчваньня.

«Калі я вам скажу, у чым сакрэтнасьць гэтай справы, то я проста зараз сарву апэрацыю. Я хачу, каб гэтую справу завяршылі. Мне патрэбны вынік у гэтай справе. Я гэтага хачу так, як і вы. Мы хочам ведаць дэталі гэтай справы, а галоўнае — ведаць забойцу. Правільна? Давайце пачакаем, калі гэта ўсё завершыцца», — заявіў Уладзімір Зяленскі на прэс-марафоне ў Кіеве.

Прэзыдэнт Украіны падкрэсьліў, што ведае аб расьсьледаваньні не на шмат больш, чым журналісты:

«Ня маю, што вам дадаткова сказаць. Калі да вызначанага тэрміну ня будзе вынікаў, то будзем зьмяняць кіраўніцтва (праваахоўных органаў — РС)».

На просьбу журналіста ўдакладніць тэрміны завяршэньня расьсьледаваньня, Уладзімір Зяленскі адказаў, што ня можа іх агучваць.

«Калі будзе вынік, вы пагодзіцеся са мной, што я меў рацыю, што зараз вам нічога не сказаў. І вы мне потым гэта скажаце. Дамовіліся? Я проста дапамагаю МУС і грамадзянам атрымаць вынік».

Сёлета 23 ліпеня праваахоўныя органы надалі справаздачу прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму аб ходзе расьсьледаваньня забойства журналіста Паўла Шарамета, які быў узарваны ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году. Пасьля азнаямленьня з закрытай інфармацыяй Уладзімір Зяленскі заявіў: «Я пабачыў шмат матэрыялаў і хацеў бы падзякаваць супрацоўнікам крымінальнага вышуку. І я хацеў бы, каб вы зь мяне не выцягвалі „закрытую“ інфармацыю. З таго, што я пабачыў, не магу сказаць, у які тэрмін, але вынік будзе».

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павал Шарамет, які працаваў у мэдыя Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Акцыя памяці Паўла Шарамета 20 ліпеня 2019 году ў Кіеве
Акцыя памяці Паўла Шарамета 20 ліпеня 2019 году ў Кіеве

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледзтва таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, з асабістых матываў або памылкова (цэльлю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца «Украінскай праўды» Алена Прытула, — менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG