Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік паліцыі Ўкраіны расказаў Зяленскаму, як ідзе расьсьледаваньне забойства Шарамета

абноўлена

Сяргей Князеў і Ўладзімір Зяленскі

Кіраўнікі Службы бяспекі Ўкраіны і Нацыянальнай паліцыі робяць справаздачу прэзыдэнту Ўкраіны Уладзіміру Зяленскаму аб ходзе расьсьледаваньня забойства журналіста Паўла Шарамета, які быў узарваны ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева 20 ліпеня 2016 году.

Перад гэтым кіраўнік паліцыі Сяргей Князеў выступіў з заявай перад журналістамі.

«Мы зьвярнуліся да 15 краінаў па міжнародную прававую дапамогу, зь дзевяці зь іх атрымалі адказ — у прыватнасьці, з Бэльгіі, Швэцыі і Беларусі», — сказаў Сяргей Князеў.

Ён удакладніў, што сьледзтва дагэтуль разглядае вэрсіі аб помсьце за прафэсійную дзейнасьць Шарамета ва Ўкраіне, Расеі і Беларусі. Паводле Князева, разглядаецца таксама імавернасьць датычнасьці да забойства журналіста «па-экстрэмісцку настроеных груп асобаў, якія спрабуюць дасягнуць зьмены ўлады, зрынаньня канстытуцыйнага ладу злачынным шляхам».

На пытаньне Свабоды, якая менавіта дзейнасьць Паўла Шарамета ў Беларусі магла стаць прычынай арганізацыі ягонага забойства і якую інфармацыю прасілі даць праваахоўныя органы Беларусі, Сяргей Князеў сказаў: «Я не магу разгалошваць гэтую інфармацыю».

Вэрсія аб наяўнасьці бытавых канфлікаў адпала.

Князеў дадаў, што ў часе сьледзтва была затрыманая расейская дывэрсантка, якая была датычная да падобнага злачынства, зьвязанага з падрывам аўтамабілю, і падобная на жанчыну, якая закладвала выбуховую прыладу ў аўтамабіль Шарамета. Але сьледзтва высьветліла, што яна не датычная да забойства Паўла Шарамета.

Паводле Князева, з матэрыялаў літоўскіх праваахоўных органаў яны атрымалі інфармацыю аб тым, што Шарамет зарэгістраваў у Вільні ў лістападзе 2015 году дабрачынны фонд «Салідарныя мэдыя».

«Дапытаныя жыхары Вільні, якія сьведчаць аб тым, што грамадзянін Шарамет меў намеры зарэгістраваць фонд спрыяньня выкананьня правоў чалавека ва Ўкраіне і ў сродках масавай інфармацыі. Фінансавыя дакумэнты ён плянаваў падпісаць 21 ліпеня, але 20 ліпеня загінуў», — сказаў кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны.

Журналісты слухаюць Сяргея Князева
Журналісты слухаюць Сяргея Князева

Іншую інфармацыю Князеў паабяцаў даць толькі прэзыдэнту, бо яна мае грыф «сакрэтна» і ня можа разгалошвацца.

Уладзімір Зяленскі падпісаў дакумэнты аб неразгалошваньні і пайшоў на размову з Князевым, але абяцаў вярнуцца, каб адказаць на пытаньні журналістаў.

Пасьля азнаямленьня з закрытай інфармацыяй Уладзімір Зяленскі заявіў: «Я пабачыў шмат матэрыялаў і хацеў бы падзякаваць супрацоўнікам крымінальнага вышуку. І я хацеў бы, каб вы зь мяне не выцягвалі „закрытую“ інфармацыю. З таго, што я пабачыў, не магу сказаць, у які тэрмін, але вынік будзе».

44-гадовы ўраджэнец Менску журналіст Павел Шарамет, які працаваў у мэдыя Беларусі, Расеі і Ўкраіны, загінуў 20 ліпеня 2016 году, падарваўшыся ў аўтамабілі ў цэнтры Кіева, дзе ён жыў і працаваў апошнія пяць гадоў.

Выбух адбыўся ў 7.45 на скрыжаваньні вуліц Багдана Хмяльніцкага і Івана Франка ў Кіеве. Магутнасьць выбухоўкі, паводле ацэнкі праваахоўнікаў, склала 400–600 грамаў у тратылавым эквіваленце. Пасьля высьветлілася, што гэта была мадыфікаваная мадэль супрацьпяхотнай міны Мон-50.

Нацыянальная паліцыя Ўкраіны распачала крымінальную справу паводле артыкулу «Наўмыснае забойства». Да расьсьледаваньня падключыліся супрацоўнікі ФБР, аб дапамозе якіх папрасілі ўкраінскія ўлады. У якасьці асноўнай вэрсіі забойства разглядалася помста за прафэсійную дзейнасьць. Сьледства таксама не выключала, што Шарамета маглі забіць у мэтах дэстабілізацыі сытуацыі ва Ўкраіне, з асабістых матываў або памылкова (цэльлю магла быць грамадзянская жонка загінулага, уладальніца «Українськай правди» Алена Прытула, — менавіта на яе аўтамабілі ехаў Шарамет у момант трагедыі).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Вам можа яшчэ спадабацца

XS
SM
MD
LG