Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Штайнмаер адмаўляе, што «формулу Штайнмаера» пісалі ў Крамлі


Франк-Вальтэр Штайнмаер у Тбілісі

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер ня згодны зь меркаваньнем шэрагу апазыцыйных украінскіх палітыкаў пра тое, што так званую «формулу Штайнмаера» — прапанову аб парадку ўступленьня ў дзеяньне асаблівага статусу асобных раёнаў Данбасу — «пісалі ў Крамлі».

У інтэрвію ўкраінскай службе Бі-бі-сі Штайнмаер, які ў панядзелак знаходзіцца зь візытам у Грузіі, сказаў, што сам прапанаваў так званую формулу, якая ў далейшым атрымала яго імя, на перамовах аб урэгуляваньні канфлікту ў Данбасе, якія праходзілі ў Парыжы чатыры гады таму. Тады Штайнмаер быў міністрам замежных спраў Нямеччыны.

Паводле яго, «формула» — пералік крокаў, якія павінны зрабіць бакі канфлікту — «вялікія крокі падзяляюцца на некалькі маленькіх», як выказаўся германскі палітык.

На мінулым тыдні прадстаўнікі Ўкраіны на перамовах у Менску пагадзіліся з тэкстам «формулы Штайнмаера». Гэта выклікала нэгатыўную рэакцыю шэрагу ўкраінскіх апазыцыйных сіл і грамадзянскіх актывістаў. Яны абвінавацілі ўлады краіны ў падрыхтоўцы да «капітуляцыі» перад Расеяй. Пачаліся вулічныя акцыі пратэсту.

Былы прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка неаднаразова заяўляў, што «формула Штайнмаера» насамрэч напісаная ў Крамлі. У сваім камэнтары Бі-бі-сі Штайнмаер выказаў зьдзіўленьне ў сувязі з гэтым, сказаўшы, што на перамовах, дзе яна абмяркоўвалася, прысутнічаў прадстаўнік Парашэнкі.

Пра прысутнасьць прадстаўніка Парашэнкі на перамовах казаў у сваім тэлезвароце на мінулым тыдні і прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Ён падкрэсьліў, што сама «формула» ніяк не абмяжоўвае сувэрэнітэту Ўкраіны над Данбасам, а выбары ў падкантрольных сэпаратыстам рэгіёнах могуць адбыцца толькі пасьля вываду расейскіх войскаў і перадачы мяжы пад кантроль Украіны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG