Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пераўзышоў Лукашэнку, Пуціна і Кастра. Ва Ўкраіне хочуць зарэгістраваць усясьветны рэкорд Зяленскага


Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі паставіў усясьветны рэкорд па працягласьці выступу ў часе прэс-маратону, які адбываецца сёньня ў Кіеве з 10-й раніцы.

«Папярэдняе дасягненьне было якраз у Лукашэнкі — 7 гадзінаў 20 хвілінаў, у Пуціна найбольш доўгая прэсавая канфэрэнцыя, калі не памыляюся, — 4 гадзіны 40 хвілінаў. То бок на цяпер ўжо перавышаныя гэтыя лічбы», — сказаў Свабодзе экспэрт Нацыянальнага рэестру рэкордаў Украіны Віталь Зорын.

Паводле яго, Уладзімір Зяленскі ўстанавіў усясьветнае дасягненьне: «З раніцы мы разьлічвалі на нацыянальны рэкорд, але потым стала зразумела, што мы ідзем на афіцыйны ўсясьветны. Ён быў зарэгістраваны ў 1960-м годзе: прамова кубінскага лідэра Фідэля Кастра ў ААН цягам 4 гадзін 29 хвілін».

Віталь Зорын дадаў, што рэкорд Уладзіміра Зяленскага будзе юрыдычна зарэгістраваны: «Пасьля завяршэньня прэсавай канфэрэнцыі мы атрымаем дакладныя лічбы ў гадзінах і хвілінах. Для таго, каб унесьці гэты рэкорд у рэестар, нам трэба прайсьці пэўныя працэдуры, бо нават тая экспэртыза, якая ў мяне ёсьць па іншых дасягненьнях палітыкаў усяго сьвету, належным чынам яшчэ не аформленая. Але мяркую, што з аўторка на наступным тыдні, гэты рэкорд будзе ўжо ў рэестры».

Аб незвычайным фармаце сустрэчы Ўладзіміра Зяленскага з журналістамі стала вядома напярэдадні — прэсавая служба прэзыдэнта Ўкраіны паведаміла, што сустрэча будзе праходзіць на фудкорце FoodMarket, разьмешчаным на былым кіеўскім заводзе «Арсэнал». Усе акрэдытаваныя журналісты былі разьмеркаваныя ў групы па 10 чалавек, на размову з кожнай групай было выдзелена паўгадзіны. Па стане на 21.40 прэс-маратон яшчэ трывае.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG