Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія ЗША нанесла ўдары па аб’ектах «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

ЗША сумесна з саюзьнікамі нанесьлі маштабныя ўдары па абʼектах тэрарыстычнай групоўкі «Ісламская дзяржава» ў Сырыі, паведаміла Цэнтральнае камандаваньне Ўзброеных сіл ЗША.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп аддаў загад аб нанясеньні ўдараў у суботу. Як гаворыцца ў паведамленьні камандаваньня, атака вялася ў рамках апэрацыі «Удар каршака», разгорнутай у адказ на напад джыхадыстаў на сырыйска-амэрыканскі патруль у Пальміры 13 сьнежня. Тады ахвярамі атакі сталі тры амэрыканцы — двое вайскоўцаў і цывільны перакладнік.

Амэрыканскае камандаваньне заяўляе, што суботнія ўдары былі нанесеныя з мэтай барацьбы з тэрарызмам і абароны вайскоўцаў ЗША і іх саюзьнікаў у рэгіёне.

«Мы пасылаем выразны сыгнал: калі вы прычыніце шкоду нашым байцам, мы знойдзем вас і зьнішчым у любым пункце сьвету, колькі б вы ні спрабавалі сысьці ад расплаты», — гаворыцца ў паведамленьні амэрыканскага Цэнтральнага камандаваньня.

Падчас апэрацый амэрыканскія вайскоўцы і іх саюзьнікі запусьцілі больш за 90 высокадакладных боепрыпасаў па больш чым 35 цэлях. У апэрацыі ўдзельнічалі больш за 20 самалётаў, паведамляе CBS News. Дзе менавіта наносіліся ўдары, пакуль невядома. Пра ахвяры не паведамляецца.

«Ісламская дзяржава» часткова кантралявала тэрыторыю Іраку і Сырыі да 2019 году. З таго часу заходнія краіны працягваюць назіраньне і выведку ў гэтым рэгіёне, каб праду хіліць адраджэньне групоўкі. Паводле зьвестак ААН, цяпер яна налічвае ў сваіх шэрагах ад пяці да сямі тысяч чалавек у Іраку і Сырыі.

У лістападзе 2025 году Сырыя стала 90-й краінай — удзельніцай міжнароднай кааліцыі па барацьбе з «Ісламскай дзяржавай» пад кіраўніцтвам ЗША.

У сьнежні 2025 году кіраўнік Пэнтагону Піт Гегсэт абвясьціў аб пачатку «апэрацыі помсты», у рамках якой амэрыканскія вайскоўцы нанесьлі ўдары па дзясятках абʼектаў «Ісламскай дзяржавы» ў Сырыі. 4 студзеня Вялікабрытанія і Францыя нанесьлі авіяўдар па складзе зброі «Ісламскай дзяржавы» каля Пальміры.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG