Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране пачаўся трэці тыдзень пратэстаў

абноўлена

Пратэст у Мэшхэдзе, другім па велічыні горадзе Ірану, 10 студзеня 2026
Пратэст у Мэшхэдзе, другім па велічыні горадзе Ірану, 10 студзеня 2026

У Іране ўжо 15-ы дзень запар працягваюцца масавыя антыўрадавыя пратэсты. Дэманстрацыі адбываюцца на фоне ўзмацненьня ціску з боку прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа на іранскае кіраўніцтва.

Паводле праваабарончых арганізацый і іранскіх дзяржаўных СМІ, 11 студзеня ў дзясятках гарадоў краіны былі зафіксаваныя пратэсты, затрыманьні і сутыкненьні. Паводле зьвестак адной з праваабарончых груп, за апошнія два тыдні ў выніку падаўленьня пратэстаў загінулі ня менш за 116 чалавек.

Іранская дзяржаўная тэлекампанія IRIB – адно зь нямногіх іранскіх СМІ з доступам да Інтэрнэту – 11 студзеня апублікавала відэарэпартаж, у якім паказаны вялікі склад у Тэгеране, дзе захоўваецца мноства целаў, але прыпісала іх сьмерць «пратэстоўцам».

У рэпартажы не ўказваецца раён гораду, дакладнае месцазнаходжаньне складу і іншыя падрабязнасьці.

Напярэдадні Радыё Фарда (іранская служба Радыё Свабода) атрымала выявы зь целамі целы некалькіх забітых людзей, на некаторых з якіх было відаць агнястрэльныя раненьні. Верагодна, што выявы былі зробленыя ў моргу ў горадзе Кагрызак у правінцыі Тэгеран.

На вуліцах Тэгерану сёньня зноў гучалі антыўрадавыя лёзунгі. На відэа, сапраўднасьць якога пацьвердзіла агенцтва AFP, відаць, як пратэстоўцы ў паўночных раёнах сталіцы скандуюць у падтрымку зрынутай манархіі, запускаюць фаервэркі і б’юць у рондалі, дэманструючы сваё непадпарадкаваньне ўладам.

Пратэст у Тэгеране, 10 студзеня 2026. Удзельніца дэмантрацыі трымае партрэт зрынутага шаа Ірану Рэзы Пэхлеві і ягонай жонкі
Пратэст у Тэгеране, 10 студзеня 2026. Удзельніца дэмантрацыі трымае партрэт зрынутага шаа Ірану Рэзы Пэхлеві і ягонай жонкі

Раней прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Іран хоча свабоды і Вашынгтон гатовы дапамагчы.

«Іран хоча свабоды, магчыма, як ніколі раней. Злучаныя Штаты гатовыя дапамагчы», — напісаў ён у сацыяльнай сетцы X.

Трамп не ўдакладніў, у чым можа заключацца гэтая дапамога.

Напярэдадні прэзыдэнт ЗША заявіў, што калі іранскія ўлады пачнуць забіваць людзей, Вашынгтон умяшаецца.

«Гэта не азначае „boots on the ground“ („боты на зямлі“, устойлівы выраз, які можна перакласьці як „адпраўка войскаў“ — РС), але гэта азначае вельмі і вельмі моцны ўдар па іх там, дзе балюча», — падкрэьсліў Дональд Трамп.

Раней дзяржаўны сакратар ЗША Марка Рубіё заявіў, што ЗША «падтрымліваюць адважны народ Ірана».

Пратэсты пачаліся ў канцы мінулага году на фоне эканамічных цяжкасьцяў у краіне. Іх асноўным рухавіком спачатку былі вулічныя гандляры, потым да іх далучыліся студэнты і іншыя жыхары гарадоў, пераважна моладзь.

3 студзеня вярхоўны лідэр Ірану аятала Алі Хамэнэі упершыню публічна пракамэнтаваў масавыя пратэсты, заявіўшы, што супраць «паўстанцаў» неабходна прыняць жорсткія меры. Адначасова Хамэнэі, як і іншыя прадстаўнікі іранскага кіраўніцтва, назваў скаргі вулічных гандляроў у сувязі з дэвальвацыяй нацыянальнай валюты абгрунтаванымі.

«Мы будзем размаўляць з пратэстоўцамі, але дыялёг з паўстанцамі бескарысны. Паўстанцаў трэба паставіць на месца», — сказаў ён.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG