Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старэйшы сын апошняга шага Ірана заклікаў да забастоўкі і няспынных пратэстаў


Пратэсты ў Тэгеране 9 студзеня
Пратэсты ў Тэгеране 9 студзеня

Прынц Рэза Пэхлеві, старэйшы сын апошняга шага Ірана, які жыве ў выгнаньні зьвярнуўся да пратэстоўцаў праз сацыяльныя сеткі. Ён заявіў, што яны «сваёй мужнасьцю і нязломнасьцю выклікалі захапленьне ва ўсім сьвеце».

Ён напісаў, што ўчорашнія маштабныя пратэсты напужалі лідэра Ісламскай рэспублікі аяталу Алі Хамэнэі: «Я ўпэўнены: ён бачыў гэтыя кадры з свайго сховішча і дрыжэў ад страху».

Пэхлеві заклікаў работнікаў ключавых галін эканомікі — найперш транспартнікаў і энэргетыкаў — да агульнанацыянальнай забастоўкі. На ягоную думку, гэта зробіць пратэст больш асэнсаваным, бо перакрые фінансаваньне рэжыму і «канчаткова паставіць на калені Ісламскую рэспубліку разам зь ейным спарахнелым карным апаратам».

Пэхлеві таксама заклікаў людзей выходзіць на вуліцы ў выходныя з нацыянальнай сымболікай, займаць цэнтры гарадоў, рухаючыся з розных бакоў, і не сыходзіць з плошчаў.

Сілавікоў ён залікаў сабатаваць рэпрэсіі. І заявіў, што рыхтуецца вярнуцца ў Іран, каб быць разам з народам у момант «непазьбежнай перамогі нацыянальнай рэвалюцыі».

У Іране прайшла 13-я запар ноч пратэстаў. Хваля дэманстрацый пракацілася па ўсёй краіне

Новыя сведчаньні хваляваньняў у Тэгеране прарываюцца праз інтэрнэт-блакаду.

Новыя сведчанні хваляванняў у Тэгеране прарываюцца праз інтэрнэт-блакаду Новыя сведчанні хваляванняў у Тэгеране прарываюцца праз інтэрнэт-блакаду
пачакайце
Новыя сведчанні хваляванняў у Тэгеране прарываюцца праз інтэрнэт-блакаду

No media source currently available

0:00 0:01:37 0:00


Трамп: Калі яны пачнуць забіваць людзей, мы ўмяшаемся

9 студзеня пра сытуацыю ў Іране выказаўся прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп.

«У Ірана вялікія праблемы. Падобна, што людзі бяруць пад кантроль гарады, хоць яшчэ пару тыдняў таму ніхто ня мог паверыць, што такое магчыма».

«Мы вельмі ўважліва сочым за падзеямі. Я ясна даў зразумець: калі яны пачнуць забіваць людзей, як рабілі раней, мы ўмяшаемся. Мы ўдарым вельмі балюча. Гэта не азначае ўводу войскаў, але ўдары па самых уразьлівых месцах будуць вельмі магутнымі», — заявіў Трамп.

«Злучаныя Штаты падтрымліваюць мужны народ Ірана», — напісаў раніцай 10 студзеня дзяржсакратар ЗША Марка Рубіа ў X.

За 2 тыдні пратэстаў тысячы людзей былі затрыманыя, дзясяткі загінулі, у тым ліку дзеці

Дакладных зьвестак пра колькасьць затрыманых пратэстоўцаў пакуль няма. Афіцыйныя структуры ніякай інфармацыі не даюць. Дэпутат іранскага парлямэнту Абдулвахед Фаязі пацьвердзіў, што сярод затрыманых ёсьць дзеці і падлеткі. Яшчэ да таго, як у краіне цалкам адключылі інтэрнэт, ён заявіў агенцтву ILNA, што суд будзе разглядаць іхныя справы «з улікам правоў дзяцей і моладзі ў Ісламскай рэспубліцы».

Паводле праваабарончага агенцтва HRANA, толькі за першыя 13 дзён было затрымана як мінімум 2311 чалавек. Пратэсты ахапілі 180 гарадоў і больш за паўтысячы мясцовасьцяў ва ўсёй краіне, і ўсё гэта — ва ўмовах амаль поўнай інфармацыйнай блякады.

Зьвесткі пра ахвяр таксама розьняцца. Праваабаронцы з арганізацыі «Правы чалавека ў Іране» паведамляюць пра 45 загінулых (на 12-ы дзень пратэстаў), у той час як HRANA заяўляе ўжо пра 65 ахвяр. Радыё Фарда пакуль змагло пацьвердзіць асобы 30 дарослых і 5 непаўналетніх.

Англамоўная Цэнтральная служба Радыё Свабода вядзе жывы блог пра апошнія падзеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG