Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Берасьцейскі экс-кандыдат зьвярнуўся ў міліцыю: кажа, падкінулі фальшывую агітацыю


Уладзімер Мароз, архіўнае фота

Праціўнік акумулятарнага заводу, былы кандыдат у дэпутаты зь Берасьця Ўладзімер Мароз падаў заяву ў міліцыю з патрабаваньнем завесьці крымінальную справу за незаконнае зьняцьце з выбараў, піша БелаПАН.

Рэгістрацыю Мароза як кандыдата ў Берасьцейскай-Памежнай выбарчай акрузе скасавалі 1 лістапада. Камісія аргумэнтавала такое рашэньне шэрагам парушэньняў з боку кандыдата.

За што зьнялі

Так, камісіі не спадабалася тое, што Мароз у сваёй праграме нібыта напісаў: «Мы сутыкнуліся зь несправядлівым судом, міліцэйскім бязьмежжам, бязьдзеяньнем чыноўнікаў...». Адна з чальцоў камісіі наўпрост заявіла, што такія выказваньні «падрываюць статус нашай дзяржавы».

Гэтаксама камісія палічыла, што ініцыятыўная група Ўладзімера Мароза распаўсюдзіла ўлёткі з заклікам «зьмяніць карумпаваную ўладу», і ўлёткі былі без выходных зьвестак.

Чаму экс-кандыдат нязгодны

Сам Мароз не пагадзіўся з тым, што пісаў такое: сьцьвярджае, што ні ён, ні ягоныя давераныя асобы ня маюць дачыненьня да вырабу і распаўсюду гэткіх улётак.

У заяве ён падкрэсьлівае, што ягоныя агітацыйныя матэрыялы друкаваліся на адмысловай жоўтай паперы, каб іх можна было адрозьніць ад фальшывых. Праваабаронца Раман Кісьляк, які быў даверанай асобай Мароза, сьцьвярджае, што супраць кандыдата правялі «спэцапэрацыю».

Што за «спэцапэрацыя»

Мароз і ягоны прадстаўнік сьцьвярджаюць, што «незаконныя» ўлёткі ад імя Мароза выявілі праз заявы ў выбаркам ад трох грамадзянаў, але самі гэтыя ўлёткі ў час паседжаньня выбаркаму 1 лістапада адмовіліся паказаць.

Кісьляк мяркуе, што адна група людзей надрукавала фальшывыя ўлёткі і разьляпіла іх, другая група «выявіла» ўлёткі, а трэцяя — выбаркам — пазбавіла кандыдата рэгістрацыі. Таму кандыдат патрабуе распачаць справу паводле арт. 191 КК РБ — «перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў».

Дзе астатнія праціўнікі акумулятарнага заводу

Мароз быў адным з чатырох прадстаўнікоў праціўнікаў будаўніцтва акумулятарнага заводу, якія ішлі кандыдатамі на парлямэнцкія выбары. Але зарэгістравалі толькі яго.

У рэгістрацыі з розных прычынаў адмовілі ягонаму цяперашняму прадстаўніку Раману Кісьляку (Берасьцейская-Цэнтральная акруга №2), блогеру Аляксандру Кабанаву (Берасьцейская-Заходняя акруга №1) і актывістка Алена Макарэвіч (Берасьцейская-Ўсходняя акруга №3).

Лукашэнку не падабалася, што яны ідуць у кандыдаты

Падчас сустрэчы са студэнтамі і выкладчыкамі Акадэміі кіраваньня 18 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў праціўнікаў акумулятарнага завода, якія вылучаліся кандыдатамі:

«Я хачу, каб і далей моладзь спадзявалася толькі на сябе, каб больш актыўна сябе выяўляла, — казаў Лукашэнка. — Але гвалтам не крычала там, як я ведаю, у Берасьці вось гэтыя, а я ж папярэджваў, калі ў вас быў на 1000-годдзі, што глядзіце, у вас некаторыя акумулятаршчыкі гэтыя, пачнецца перадвыбарная кампанія, і вы зразумееце, чаму яны гвалтавалі. Яны ўсе вылучыліся кандыдатамі ў дэпутаты. То бок ім пофіг гэты акумулятарны завод, яны заўтра гатовыя матануць у Мінск і тут бадзяцца па гэтай вуліцы і ціхенька паводзіць ці ж гвалтам крычаць ужо на мінскіх плошчах. Ім для гэтага трэба было».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы. Калі маеце доказы прымусу да галасаваньня — пішыце нам.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • На тыдзень выбараў праваахоўнікі перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG