Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў: Дэклярацыі чыноўнікаў аб даходах публікаваць неабавязкова


Дэпутатка Палаты Прадстаўнікоў Людміла Макарына-Кібак

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Людміла Макарына-Кібак, якая балятуецца на новы тэрмін, ня лічыць абавязковай публікацыю дэклярацый чыноўнікаў аб даходах.

«Я лічу, што гэта слушна, што мы запаўняем дэклярацыі. Мы іх здаем, нас правяраюць, таму неабавязкова іх публікаваць. Тады трэба публікаваць дэклярацыі ўсіх», — заявіла Макарына-Кібак на тэледэбатах зь іншымі кандыдатамі ў дэпутаты ад менскай Грушаўскай выбарчай акругі № 98. Запіс дэбатаў быў паказаны 1 лістапада на тэлеканале «Беларусь 3».


Пытаньне аб публікацыі дэклярацый задала актывістка нефармальнага «Маладзёжнага блёка» Алана Гебрэмарыям, якая балятуецца ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады.

На пытаньне: «Гэта значыць, народ не павінен ведаць, колькі зарабляюць і што маюць людзі, якія працуюць для іх?» — дэпутатка і кандыдатка ў дэпутаты заявіла: «А вы лічыце, што ў нас вельмі высокая заработная плата, у чыноўнікаў, што вас так хвалюе пытаньне? Я так не лічу».

На думку Гебрэмарыям, «гэта павінна быць адкрытым для грамадзтва, як ва ўсіх прагрэсіўных эўрапейскіх краінах».

«А яно адкрытае. Усе пра гэта ведаюць. Я так лічу, такая мая думка», — адказала Макарына-Кібак.

23 траўня сёлета генэральны пракурор Аляксандр Канюк паведаміў, што яго ведамства прапануе публікаваць дэклярацыі аб даходах дзяржслужачых — міністраў, чыноўнікаў абласнога і раённага ўзроўняў (за выключэньнем пэрсанальных зьвестак).

У красавіку 2015 года Канюк заяўляў, што публікаваць дэклярацыі чыноўнікаў аб даходах і маёмасьці няма неабходнасьці. «Навошта гэта рабіць? Задавальняць абывацельскую цікавасьць аб тым, у каго што ёсьць? Мне таксама здаецца, што гэта не зусім этычна», — сказаў Канюк. Акрамя таго, паводле яго слоў, публікацыя дэкларяцый можа стаць зручнай нагодай для злачынцаў.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў пройдуць 17 лістапада.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG