Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выступ лідэра АГП не прайшоў цэнзуру на тэлеканале «Беларусь 3»


Будынак Белтэлерадыёкампаніі

Тэлевыступ кандыдата ў дэпутаты па Старавіленскай выбарчай акрузе № 105 Мікалая Казлова, які павінен быў прагучаць на канале «Беларусь 3», не прайшоў цэнзуру.

Паводле палітыка, падчас запісу прамовы ён адмыслова пацікавіўся ў юрыста Белтэлерадыёкампаніі, ці мог кагосьці «пакрыўдзіць» сваімі словамі. Пачуўшы, што нічога падобнага не прагучала, быў перакананы, што праблемаў ня ўзьнікне. Аднак у эфіры ягоны ролік так і не зьявіўся.

Мікалай Казлоў
Мікалай Казлоў

Што магло напалохаць цэнзараў? Сярод іншага Мікалай Казлоў расказаў пра тое, што сышоў зь міліцыі на знак пратэсту пасьля таго, як адмовіліся распачаць крымінальную справу ў дачыненьні да чальцоў выбарчай камісіі, якіх ён злавіў на ўкідваньні бюлетэняў падчас парлямэнцкай кампаніі 2008 году.

Паводле лідэра АГП, крадзёж галасоў — гэта адно з самых цынічных і подлых злачынстваў. На яго перакананьне, чэсныя выбары ёсьць самым дэмакратычным мэханізмам, калі грамадзяне выбіраюць сваіх прадстаўнікоў, а не чыноўнікі падманам прызначаюць зручных дэпутатаў.

У перадвыбарнай праграме таксама прагучалі прапановы, якія, на думку Казлова, можа вырашыць толькі народны кандыдат. Аднак дзеля гэтага трэба прымусіць рэжым сумленна лічыць галасы.

Прадстаўнікі кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» нагадваюць, што выбарцы не змаглі пазнаёміцца з праграмамі цэлага шэрагу дэмакратычных кандыдатаў. Раней былі адцэнзураваныя наступныя асобы:

Уладзімер Няпомняшчых, кандыдат у дэпутаты па Гомельскай-Цэнтральнай выбарчай акрузе № 33 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»

Аксана Юшкевіч, кандыдатка ў дэпутаты па Чкалаўскай выбарчай акрузе № 96 ад «Еўрапейскай Беларусі» — «Радыё Мінск» і тэлеканал «Беларусь-3»

Міхаіл Бандарэнка, кандыдат у дэпутаты па Мазырскай выбарчай акрузе № 42 ад партыі БНФ — «Беларусь-3»

Дзіяна Чарнушына, кандыдатка ў дэпутаты па Менскай-Каменнагорскай выбарчай акрузе № 101 ад партыі АГП — газэта «Звязда»

Ірына Давідовіч, кандыдатка ў дэпутаты па Івейскай выбарчай акрузе № 54 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»

Мікалай Маслоўскі, кандыдат у дэпутаты па Кальварыйскай выбарчай акрузе № 104 ад партыі АГП — тэлевыступ на «Беларусь-3»;

Дзьмітрый Савіч, актывіст «Эўрапейскай Беларусі», кандыдат у дэпутаты па Сьветлагорскай выбарчай акрузе № 46 ад партыі БНФ — тэлеканал «Беларусь 3».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы. Калі маеце доказы прымусу да галасаваньня — пішыце нам.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • На тыдзень выбараў праваахоўнікі перайшлі на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG