Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паводзіў сябе некарэктна». У Бабруйску зьнялі з выбараў апазыцыйнага вылучэнца ў Палату прадстаўнікоў


Аляксандар Комар
Аляксандар Комар

Бабруйскаму актывісту АГП Аляксандру Комару скасавалі рэгістрацыю кандыдатам у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў пасьля другога папярэджаньня 15 лістапада. Ён будзе абскарджваць рашэньне камісіі, бо лічыць яго «несправядлівым».

Аляксандар Комар: зьнялі з выбараў, каб «не перашкаджаў падкідваць бюлетэні»

Аляксандар Комар настойвае, што яго зьнялі з выбараў, каб «не перашкаджаў фальшаваць іх вынікі».

«78 акруга, — кажа Комар, — цалкам закрытая назіральнікамі, і такім чынам мы перашкаджаем ім падкідваць бюлетэні. Нягледзячы на скасаваньне маёй рэгістрацыі, назіральнікі з участкаў ня сыдуць. Рашэньне камісіі буду абскарджваць».

Асноўным сваім канкурэнтам на выбарах Комар называе дзейную дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Ірыну Рынеўскую.

Акруговая камісія: давераныя асобы Комара прадстаўлялі ягоныя інтарэсы «неналежным чынам»

Выбарчая камісія Бабруйскай Ленінскай акругі № 78 падставамі для зьняцьця актывіста АГП з выбараў назвала тое, што ягоныя давераныя асобы «неналежным чынам прадстаўлялі інтарэсы кандыдата ў дэпутаты ва ўзаемаадносінах з участковай камісіяй». У рашэньні аб скасаваньні рэгістрацыі адзначана, што давераныя асобы Галіна Сьмірнова і Алег Жалноў з чальцамі ўчастковых камісіяў паводзілі сябе з выклікам, гаварылі на павышаных танах і пагражалі крымінальнай адказнасьцю.

Самога Аляксандра Комара абвінавацілі ў парушэньні Выбарчага кодэксу. Ён, нібыта, ігнараваў абмежаваньні ў перадвыбарчай агітацыі. Як вынікае з рашэньня камісіі, Комар патрабаваў у старшыні ўчастковай камісіі зьвесткі пра колькасьць тых, хто прагаласаваў, і паводзіў сябе некарэктна.

Паводле давернай асобы Комара Галіны Сьмірновай, таксама прадстаўнікі акруговай камісіі «прыдумалі, што Аляксандар Комар назваўся былым старшынём АГП Анатолем Лябедзькам, калі прыйшоў разьбірацца з праблемамі ў назіральніка». Сьмірнова настойвае, што такія абвінавачваньні — хлусьня і правакацыя, каб заблытаць сытуацыю і ачарніць кандыдата ў дэпутаты.

Агітацыя без агітацыйных матэрыялаў і з выпраўленай перадвыбарчай праграмай

У Аляксандра Комара раней былі праблемы з разьмяшчэньнем перадвыбарчай праграмы ў газэце Бабруйскага гарвыканкаму «Бабруйскае жыцьцё». У фразе «З Лукашэнкам у краіны няма будучыні» рэдакцыя ўгледзела крамолу і прапанавала кандыдату ў дэпутаты тэкст перарабіць. Ён адмовіўся.

Па словах Комара, пасьля скаргі выданьне ўсё ж разьмясьціла праграму, але безь ягонага ведама прыбрала фразу пра Лукашэнку.

Аляксандар Комар праводзіў перадвыбарчую агітацыю без агітацыйных матэрыялаў. Па ягоных словах, друкарня ня здолела іх памножыць, бо зламалася абсталяваньне. У тэксьце агітацыйных улётак таксама згадвалася пра Лукашэнку.

Ярмошына: «Яны сябе гэтак жа паводзяць на кухні з жонкай»

Увечары 17 лістапада Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала здарэньні зь незалежнымі назіральнікамі і апазыцыйнымі кандыдатамі, згадала здарэньні ў Бабруйску, Берасьці, Магілёве.

«Такія факты былі, пра астатнія мне невядома, — перадае Tut.by словы Ярмошынай. — І яны, хутчэй, сьведчаць не аб няведаньні закону. Гэта поўная адсутнасьць уласнай унутранай культуры, бескультур'е гэтых грамадзянаў, вось і паводзіны такія. Думаю, яны сябе сапраўды гэтак жа паводзяць на кухні з жонкай».

Сьцісла пра Аляксандра Комара

  • 54 гады. Робіць электрыкам на Асфальтным заводзе ў Бабруйску У палітыцы ад 2017 году.
  • Далучыўся да Аб’яднанай грамадзянскай партыі пасьля акцыяў пратэсту «недармаедаў».
  • Сёлетняя выбарчая кампанія ў яго першая. Зьбіраецца ўдзельнічаць і ў прэзыдэнцкіх выбарах.

    Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

    Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

    • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
    • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
    • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
    • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
    • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
    • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
    • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
    • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
    • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
    • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
    • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
    • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
    • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
    • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
    • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
    • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
    • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG