Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў разабрацца пасьля выбараў з тымі, хто «цісьне на нашых людзей»


Лукашэнка адказвае на пытаньні журналістаў пасьля галасаваньня ў Менску, 17 лістапада
Лукашэнка адказвае на пытаньні журналістаў пасьля галасаваньня ў Менску, 17 лістапада

Адказваючы на пытаньне карэспандэнта БТ аб правакацыях і інцыдэнтах падчас датэрміновага галасаваньня, Аляксандар Лукашэнка адказаў, што ведае, што з гэтым рабіць.

Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з выпадкамі «ціску» на выбарчыя камісіі.

«Калі нейкі мудак ці прыдурак пачынае кідацца на выбарнікаў, каб яму ўставілі мазгі так, каб яму больш не хацелася. Вы разумееце, як гэта ўмеюць міліцыянты рабіць. Я тут сам вінаваты, што я іх стрымліваў: давайце па-чалавечы, давайце спакойна… Але некаторыя не разумеюць гэтага», — сказаў Лукашэнка.

І дадаў, што ня хоча, каб нехта з чальцоў камісіі пацярпеў. Пры гэтым Лукашэнка згадаў выпадак у Магілёве, дзе ў пад’езьдзе старшыні камісіі зьявіліся ўлёткі з паведамленьнем пра тое, што яна парушае выбарчы кодэкс. «Адкруцім галаву і павыкручваем рукі, хто будзе такім чынам сябе паводзіць», — заявіў Лукашэнка.

«Абарону яны ад мяне атрымаюць жалезна. Вось тут я ні на кога глядзець ня буду, яны павінны гэта разумець. Калі камусьці гэта незразумела — ну, вы мяне ведаеце ўжо ня першы год. Я вельмі хутка магу патлумачыць сытуацыю ў краіне і заклікаць да адказу падобных людзей. Як толькі яны пяройдуць чырвоную лінію», — сказаў Лукашэнка.

У той жа час Лукашэнка сказаў, што «ня хоча мы ствараць пэўнае напружаньне вакол гэтых скандалаў».

«Вось я прыйшоў і пажартаваў пра выбарчую камісію, што гэта „байцы бачнага фронту“. Яны сёньня на перадавой... Трэба вытрымаць. Я ж ня скарджуся, калі на мяне ўсе шышкі валяцца: маўляў, я ў дзяцінстве і катоў забіваў, і наглядчыкам быў, і страляў у некага — чаго я толькі не рабіў! Абсалютная хлусьня! Ніколі ў жыцьці такога не было. Але, тым ня менш, цэбар гразі вылілі. Але я трываю, не даю ім падстаў, каб яны перайшлі да другога этапу.

Яны думалі, што я з вар’яцкім запалам буду на гэта рэагаваць. Ну лухта гэта, людзі зразумеюць. Ну фашысты. Было ў іх у рэйху: чым большая хлусьня, тым больш людзі ў яе вераць. Неяк так па-гэбэльсаўску. І яны гэта засвоілі. Таксама іх [выбарчыя камісіі] спрабуюць шантажаваць, правакаваць, але яны малайцы», — заявіў Лукашэнка.

Таксама Лукашэнка сказаў, што ведае пра 6 выпадкаў «правакацый» на вечар 16 лістапада.

«У нас гэта задакумэнтавана, і мы з гэтымі людзьмі разьбяромся паводле закону. Зараз прашу людзей, каб яны не стваралі праблем, бо хтосьці потым скажа: „Дык гэта дыктатар, нахіліў грамадзтва, людзей прымусіў“. Трэба патрываць. Вось правядзём выбары і разьбяромся».

Ён назваў бягучыя выбары «рэпэтыцыяй галоўных выбараў», прэзыдэнцкіх, якія маюць адбыцца налета.

«Яны мацаюць: недзе на плошчах, на выбарчых участках яны ціснуць на нашых людзей. А хто яны? Настаўнікі, лекары, якія сядзяць тут, за сьпінай. А яны іх на на зуб спрабуюць. Паспрабавалі — нічога не атрымаецца. Мы сваю краіну нікому не аддамо! Гэта наша краіна, і мы будзем яе абараняць, і нашых людзей таксама — як належыць паводле закону. У Аўстрыі мне задавалі мора пытаньняў, і я адказаў, нават прэс-сакратарка спалохалася такой шчырасьці (потым мне сказалі тыя, хто мяне суправаджаў). Я сказаў проста ў вочы, я не падладжваўся ні пад кога. Ня ведаю, ці паказалі гэта... Я ім сказаў, «Глядзіце, каб вам не давялося вучыцца нашай дэмакратыі, каб выратаваць Эўразьвяз і кожную краіну ў гэтым Эўразьвязе».

Ярмошына: «Яны сябе гэтак жа паводзяць на кухні з жонкай»

Увечары 17 лістапада Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына пракамэнтавала здарэньні зь незалежнымі назіральнікамі і апазыцыйнымі кандыдатамі, згадала здарэньні ў Бабруйску, Берасьці, Магілёве.

«Такія факты былі, пра астатнія мне невядома, — перадае Tut.by словы Ярмошынай. — І яны, хутчэй, сьведчаць не аб няведаньні закону. Гэта поўная адсутнасьць уласнай унутранай культуры, бескультур'е гэтых грамадзянаў, вось і паводзіны такія. Думаю, яны сябе сапраўды гэтак жа паводзяць на кухні з жонкай».

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG