Лукашэнка: «Ды пляваць інвэстару, што ў Беларусі будзе з парлямэнтам»

Лукашэнка падчас галасаваньня ў Менску, 17 лістапада
Лукашэнка падчас галасаваньня ў Менску, 17 лістапада

Аляксандар Лукашэнка заявіў пасьля галасаваньня на ўчастку №506 Старавіленскай выбарчай акругі №105 Цэнтральнага раёну Менску, што «ня будзе парыцца» наконт прызнаньня ці непрызнаньня парлямэнцкіх выбараў.

«Памер замежных інвэстыцый, была нядаўна статыстычная справаздача, да канца году перавысіць 8 мільярдаў даляраў — дай Бог іх засвоіць. І гэта пры „нелегітымным парлямэнце“, — сказаў Лукашэнка. — Прачніцеся! Ды пляваць інвэстару, што ў Беларусі будзе з парлямэнтам, яму патрэбнен нармальны інвэстыцыйны клімат. Назавіце хоць адзін выпадак, калі мы не абаранілі замежнага капіталу?»

Ён таксама запэўніў, што асабіста падтрымае любы цікавы інвэст-праект, тым больш у Беларусі створаны ледзь ня самыя прывабныя ўмовы ў Эўропе — практычна беспадаткавыя індустрыяльны парк «Вялікі камень», Парк высокіх тэхналёгій, свабодныя эканамічныя зоны.

Пра ангажаванасьць Захаду

Аляксандар Лукашэнка лічыць, што калі Эўропа не прызнае парлямэнцкія выбары ў Беларусі, то гэта будзе сьведчыць пра «ангажаванасьць заходніх палітыкаў».

«Гэта іх права. Але я буду вельмі расчараваны іх ангажаванасьцю», — канстатаваў ён у размове з журналістамі.

Пры гэтым заявіў, што сёлетняя кампанія адрозьніваецца ад папярэдніх, калі Захад рабіў высновы загадзя.

«Да гэтых выбараў я заўсёды ведаў, якое будзе іх рашэньне (заходніх палітыкаў — РС). Цяпер ня ведаю. Гляджу, што гэтым разам яны не прыехалі з загадзя падрыхтаванай „балванкай“ — маўляў, выбары ў Беларусі дрэнныя», — дадаў Лукашэнка.

Паводле яго, цяпер іншая сытуацыя: заходнікі зразумелі, што Беларусь у цэнтры Эўропы і нікуды ад гэтага не падзенесься. Адпаведна, трэба каб краіна была мірнай і не стварала нікому праблемаў, — растлумачыў Лукашэнка.

​
XS
SM
MD
LG