«Права выбару»: 490 парушэньняў на датэрміновым галасаваньні, 16 назіральнікаў пазбавілі акрэдытацыі

Студэнты ў чарзе на датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце БНТУ, 12 лістапада
Студэнты ў чарзе на датэрміновае галасаваньне ў інтэрнаце БНТУ, 12 лістапада

За тыдзень датэрміновага галасаваньня на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў назіральнікі кампаніі «Права выбару» зафіксавалі 490 парушэньняў выбарчага заканадаўства, паведаміў на брыфінгу прэс-сакратар Аляксей Янукевіч.

Сярод парушэньняў пераважае неадпаведнасьць колькасьці выбарнікаў у пратаколах камісій з падлікамі назіральнікаў, а таксама неналежнае захаваньне скрыняў для галасаваньня. З гэтай нагоды была пададзена 281 скарга.

За гэты час 16 назіральнікаў кампаніі «Права выбару» былі пазбаўленыя акрэдытацыі.

«Самая нізкая яўка падчас датэрміновага галасаваньня зафіксаваная ў Гомельскай-Цэнтральнай акрузе № 33 — 12,4%, — расказаў Янукевіч. — Камісіі даюць 25,9%».

На Коласаўскай акрузе № 106 і Пушкінскай № 103, паводле падлікаў назіральнікаў, яўка была самая вялікая — 21,4% і 21% адпаведна. Выбарчыя камісіі паведамляюць пра 29,9% і 30,1%.

Агулам кампанія «Права выбару» ахапіла 350 выбарчых участкаў і падрыхтавала 950 назіральнікаў.

Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» ажыцьцяўляюць татальнае назіраньне на ўсіх участках дзевяці акруг ва ўсіх абласных цэнтрах, Менску і Бабруйску (Берасьцейская-Ўсходняя № 3, Віцебская-Чкалаўская № 18, Гомельская-Цэнтральная № 33, Горадзенская-Цэнтральная № 51, Бабруйская-Ленінская № 78, Магілёўская -Ленінская № 84, Магілёўска-Цэнтральная № 85, у Менску — Пушкінская № 103 і Коласаўская № 106).

​
XS
SM
MD
LG