На ўчастку ў Менску накрычалі на назіральніка — яму зрабілася блага, забрала хуткая

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Назіральнік «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Аляксандар Кавалькоў адчуў сябе блага на выбарчым участку, пасьля таго як на яго накрычалі чальцы выбарчай камісіі і «людзі ў цывільным», сказаў Свабодзе сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі. Кавалькова забралі на хуткай дапамозе. Раней ён перанёс два інфаркты.

Да таго назіральнікаў ад БХД выдалілі з участку № 409 у менскай школе № 151, калі яны заявілі пра выкрыцьцё «карусэляў» (паўторнага галасаваньня адных і тых жа людзей на розных участках) і спрабавалі сфатаграфаваць «падазраваных». На замену выдаленым назіральнікам прыехаў Аляксандар Кавалькоў.

На відэа трапіла другая частка канфлікту. Да таго, сьцьвярджае Рымашэўскі, старшыня камісіі «хвілін 15 крычала на Кавалькова».

Як сказаў Свабодзе Віталь Рымашэўскі, кіраўніца камісіі і невядомыя, якія выглядалі нецьвярозымі і назваліся «назіральнікамі ад „Белай Русі“», пачалі «накідвацца» на Кавалькова, а адзін зь «людзей у цывільным» нават «кідаўся біцца». Сябры камісіі, а пазьней і міліцыянты не рэагавалі на паводзіны «людзей у цывільным».

Адзін невядомы, які паводзіў сябе найбольш гучна, нават не называўся назіральнікам, але бесьперашкодна заставаўся на ўчастку пасьля заканчэньня галасаваньня, калі ўчастак павінен быць закрыты для простых грамадзян, якія ня ўдзельнічаюць у назіраньні або падліку галасоў.

Кавалькову стала блага, зьбіўся сардэчны рытм — меркавана, далі сябе знаць праблемы з сэрцам, бо раней ён перанёс дзьве апэрацыі. Яму выклікалі хуткую дапамогу, лекары зрабілі іньекцыі і павезьлі яго ў шпіталь.

Віталя Рымашэўскага і Дзяніса Садоўскага, давераных асобаў кандыдата Андрэя Шэмятаўца, таксама выдалілі з участку — там не засталося незалежных назіральнікаў, але, мяркуючы па відэа, застаўся невядомы «чалавек у цывільным». Сябры БХД зьбіраюцца падаваць заяву ў міліцыю.

​
XS
SM
MD
LG