Тэлеканал «Белсат» адказаў на сюжэт БТ пра «ўварваньне» на выбарчы ўчастак

Скрыншот сайту «Беларусь-1»
Скрыншот сайту «Беларусь-1»

Тэлеканал «Белсат» апублікаваў заяву ў сувязі з абвінавачаньнямі з боку каналу «Беларусь-1» — у ёй гаворыцца пра атаку, якая можа «спарадзіць чарговую хвалю рэпрэсіяў».

Гаворка ідзе пра здарэньне 16 лістапада на выбарчым участку ў магілёўскай школе — кандыдат у дэпутаты Ігар Марзалюк не дазваляў здымачнай групе беларускамоўнага тэлеканалу «Белсат», які вяшчае з Польшчы, прысутнічаць на сваёй сустрэчы з выбарцамі, бо «яны пачынаюць здымаць і робяць правакацыю».

У выбарчай камісіі заявілі, што пазьней невядомыя наклеілі ў доме, дзе жыве старшыня камісіі, улёткі з заклікам прыцягнуць яе да адказнасьці, бо «на гэтым участку ўжо выбралі дэпутата дзякуючы ёй».

Дзяржаўны тэлеканал «Беларусь-1» заявіў, што «здымачная група польскага тэлеканалу ўварвалася на выбарчы ўчастак абласнога цэнтру, пагражала, а пасьля расклеіла ўлёткі з пагрозамі ў доме старшыні выбарчай камісіі». Спроба зрабіць рэпартаж прэзэнтаваная ў эфіры як «дэбош».

«Белсат» на гэта адказвае: «Марзалюк у інтэрвію „Беларусь-1“ уводзіць у зман гледачоў, а аўтар сюжэту выкарыстоўвае маніпуляцыі».

«Рашуча заяўляем: нашыя журналісты прафэсійна выконвалі свае абавязкі і, безумоўна, ня маюць аніякага дачыненьня да ўлётак, скіраваных супраць старшыні выбарчай камісіі, якія нібыта зьявіліся ў Магілёве, — гаворыцца ў заяве каналу. — Згаданы сюжэт „Беларусь-1“ і створаныя на яго аснове публікацыі ў іншых мэдыях рэдакцыя расцэньвае як атаку на „Белсат“, якая можа спарадзіць чарговую хвалю рэпрэсіяў супраць незалежных журналістаў».

​
XS
SM
MD
LG