Участковая камісія з Магілёва скардзіцца, што на яе старшыню ціснуць журналісты

Ілюстрацыйнае фота.
Ілюстрацыйнае фота.

На старшыню участковай камісіі № 32 з Магілёва чыніцца ціск. Пра гэта піша Белта са спасылкай на намесьніцу старшыні Вольгу Папову. Яна кажа, што вінаватыя журналісты.

Намесьніца ўчастковай камісіі: беспрэцыдэнтнае хамства

У публікацыі ня згадваецца імя старшыні ўчастковай камісіі, але вядома, што гэта дырэктарка 12 магілёўскай школы Марына Зубарэнка. Участак для галасаваньня месьціцца ў гэтай жа навучальнай установе. Ён адносіцца да Магілёўскай-Ленінскай акругі № 84. Па ёй балятуецца ў дэпутаты Палаты прадстаўнікоў дзейны дэпутат Ігар Марзалюк.

Папова сьцьвярджае, што невядомыя расклеіліся ў доме, дзе жыве Зубарэнка, улёткі з заклікам прыцягнуць яе да адказнасьці, бо «на гэтым участку ўжо выбралі дэпутата, дзякуючы ёй».

Паводле Паповай, ціск на старшыню ўсчаўся пасьля таго, як на сустрэчу з кандыдатам у дэпутаты 13 лістапада прыйшлі карэспандэнты «аднаго з замежных тэлеканалаў».

«За ўвесь час нашай працы ў выбарчых кампаніях, а гэта больш 10 гадоў, мы ніколі не сутыкаліся з такім беспрэцэдэнтным хамствам, — скардзіцца Папова. — Склалася уражаньне, што журналісты прыйшлі з пэўнай мэтаю — зьняважыць ў СМІ і сацыяльных сетках старшыню камісіі».

Журналісты: Зубарава пазбавіла нас права на зьбіраньне і распаўсюджуваньне інфармацыі

Сустрэча зь Ігарам Марзалюком, пра якую кажа Папова, ладзілася у актавай залі 12 школы. Кандыдат у дэпутаты не дазваляў здымачнай групе тэлеканалу Белсат прысутнічаць на ёй. Ён настойваў, што «яны пачынаюць здымаць і робяць правакацыю». Пасьля спрэчкі з журналістамі Марзалюк іх усё ж прапусьціў на сустрэчу, але як «грамадзян» з выключанай камэрай.

Як сьцьвярджаюць самі журналісты, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Андрэй Лебедзеў і дырэктарка школы Марына Зубарэнка пагражалі выклікаць міліцыю, каб тая разабралася з ім. Паслухаць Марзалюка ім не дазвалялі праз адсутнасьць акрэдытацыі.

У сваю чаргу журналісты паскардзіліся ў акруговую камісію на Зубарэнку, бо тая не пусьціла іх з камэрай «на публічную сустрэчу, тым самым пазбавіўшы іх права зьбіраць і распаўсюджваць інфармацыю».

​
XS
SM
MD
LG