Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ён працягнуў мне руку». Караткевіч расказала, пра што размаўляла з Лукашэнкам на выбарчым участку


Тацяна Караткевіч падчас размовы з Аляксандрам Лукашэнкам 17 лістапада 2019 году

Адна зь лідэраў руху «Гавары праўду» Тацяна Караткевіч мела раніцай размову з Аляксандрам Лукашэнкам на выбарчым участку ў Менску. У інтэрвію Свабодзе яна распавяла, ці была гэтая сустрэча заплянаванай і ці вагалася яна, паціскаць руку Лукашэнку ці не.

Паводле Тацяны Караткевіч, яна прыехала на выбарчы ўчастак № 506, каб падтрымаць назіральнікаў ад «Гавары праўду». Раніцай яны паведамілі, што ня маюць магчымасьці бачыць скрыні для галасаваньня.

«Я вырашыла пад’ехаць і паглядзець, — сказала Тацяна Караткевіч.—Так супала, што я трапіла ў гэты час».

Караткевіч дадала, што пра галасаваньне Лукашэнкі на гэтым участку ёй было вядома. Але калі дакладна ён прыедзе — не.


Акурат у гэты час Аляксандар Лукашэнка адказваў на пытаньні журналістаў. Потым ён падышоў да жанчыны на вазку, каля якой стаяла Караткевіч.

«Я прадставілася. Аляксандар Лукашэнка працягнуў мне руку. Зьвярнула ўвагу, што назіральнікі ня бачаць скрыняў для галасаваньня».

Тацяна Караткевіч кажа, што гаворкі пра выбары 2020 году яна не заводзіла. Гаварылі толькі пра парлямэнцкія.

«Ён спытаў, чаму я не кандыдат. Я сказала, што я давераная асоба. Пра прэзыдэнцкія выбары мы не размаўлялі».

Таксама Караткевіч сказала, што яна не вагалася, ці паціскаць Лукашэнку руку.

У 2015 годзе Тацяна Караткевіч удзельнічала ў прэзыдэнцкіх выбарах, а ў 2016-м — у парлямэнцкіх.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG