Дзяўчына расказала, як прагаласавала двойчы. Ці можна так?

Выбарчы ўчастак № 699 у Менску, ілюстрацыйнае фота
Выбарчы ўчастак № 699 у Менску, ілюстрацыйнае фота

Аліна Нагорная расказала Свабодзе, як ёй удалося прагаласаваць на двух выбарчых участках. У Цэнтральнай выбарчай камісіі гэта назвалі «правакацыяй».

Запрасілі прагаласаваць у двух месцах

Нагорная прагаласавала ў Слуцкай выбарчай акрузе 67 і ў Рагачоўскай выбарчай акрузе 45. Дзяўчына тлумачыць гэта тым, што зарэгістраваная ў Слуцку і мае часовую рэгістрацыю ў Рагачоўскім раёне. Паводле Нагорнай, яе запрасілі прагаласаваць «і там, і там».

«Разам з тым, калі б я мела рэгістрацыю і часовую рэгістрацыю, напрыклад, толькі на тэрыторыі Слуцкай выбарчай акругі, то я магла б прагаласаваць 2 разы за аднаго і таго ж кандыдата. Гэтая сытуацыя паказвае хібы беларускага выбарчага працэсу», — напісала Свабодзе Нагорная.

Нагорная кажа, што каб прагаласаваць двойчы, яна патраціла 12,5 рубля на часовую рэгістрацыю і 50,4 рубля на паліва, каб даехаць ад аднаго выбарчага ўчастку да другога. Каб пацьвердзіць факт падвойнага галасаваньня, Нагорная выклала фота з двума вынесенымі бюлетэнямі ў фэйсбук.

ЦВК: Такое можа здарыцца

Як патлумачылі Свабодзе ў юрыдычным аддзеле Цэнтральнай выбарчай камісіі, у такім выпадку чалавек павінен галасаваць па месцы часовай рэгістрацыі. Зьвесткі пра ягоны пераезд падае аддзел грамадзянства і міграцыі цягам пяці дзён. А таму такі чалавек не павінен уключацца ў лік выбарцаў па сваім сталым месцы рэгістрацыі.

«Такое можа здарыцца, бываюць адзінкавыя выпадкі», — сказалі Свабодзе пра рэгістрацыю на двух участках. Адказнасьць у такім выпадку нясе найперш сам чалавек, які двойчы прагаласаваў. Гэта правакацыя, бо ён жа ведае, што адзін чалавек мае толькі адзін голас», — сказалі ў ЦВК.

​
XS
SM
MD
LG