Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба ўсіх саслаць у лягеры!» Як галасавалі на ўчастках дзьвюх самых маладых кандыдатак


Алана Гебрэмарыям, Марыя Васілевіч, каляж паводле афіцыйных перадвыбарчых фота
Алана Гебрэмарыям, Марыя Васілевіч, каляж паводле афіцыйных перадвыбарчых фота

У Менску ідуць у дэпутаты дзьве 22-гадовыя дзяўчыны — Алана Гебрэмарыям і Марыя Васілевіч.

Алана — актывістка «Моладзевага блёку», гаворыць па-беларуску, а ў яе праграме — прапановы разабрацца з абавязковым разьмеркаваньнем, законам аб адтэрміноўках і «антынаркатычным» артыкулам 328. Марыя балятуецца ад БРСМ, ходзіць на хакей з Аляксандрам Лукашэнкам, а ў 2018 выйграла конкурс «Міс Беларусь».

«У яе ж працы няма, а даход ёсьць, як так?!» — кажа пэнсіянэрка Людміла Антонаўна пра 22-гадовую Алану, калі прыходзіць галасаваць на свой участак. І зьдзіўляецца іншым кандыдатам:

«Там у чалавека даход 600 рублёў, як ён за кватэру плаціць! Трэба ўсіх саслаць у лягеры і каб там працавалі, як яны кандыдатамі сталі. Я прагаласавала за доктара, бо там няма больш за каго», — працягвае Людміла, маючы на ўвазе дзейную дэпутатку Палаты прадстаўнікоў Людмілу Макарыну-Кібак. Яна сумняецца ў празрыстасьці выбараў.

«Не пужайце выбарцаў!»

У камісіі, дзе журналістам трэба рэгістравацца, просяць «не пужаць выбарцаў», бо тыя «баяцца камэр». А «каб размаўляць зь людзьмі, трэба павесіць бэйдж, каб яны не баяліся».

Пазьней на гэтым жа ўчастку ў школе № 60 забароняць рабіць фота іншым калегам. У буфэце а 10-й раніцы ўжо жыва: кампанія выпівае піва, ідзе другая бутэлька. Тут жа п’юць гарбату дзеці, у якіх на ўчастку заплянаваны канцэрт.

«Я ведаў адразу, за каго галасаваць, бо гэта наша будучыня. Мы глядзелі выступы, глядзелі праграму», — адказваюць Аляксей і Павал, бацька з сынам, якіх сустракаюць на выхадзе з участку. Яны галасуюць за Алану Гебрэмарыям.

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Расейская папса з калёнак, якія ўсталявалі каля школы, раптам зьмяняецца на «Группу крови» гурту «Кино». Збольшага на ўчастак прыходзяць галасаваць людзі ў веку 50+, моладзі амаль няма.

«Ні за кога ня хочацца галасаваць. Няма годных, — скардзіцца пэнсіянэрка Тацяна. — Беспрацоўныя, а даход нейкі маюць. А людзі працуюць па 8 гадзін, цяжкая праца. У майго сына, які працуе сьлесарам, заробак меншы, чым у мяне пэнсія. Ён у мяне на ўтрыманьні, выходзіць. Я думаю, што галасы лічаць несумленна. У каго больш грошай, той і праходзіць».

За гадзіну на ўчастку галасаваць прыходзяць каля 20 чалавек. Яшчэ 10 — гэта бацькі дзяцей, у якіх сёньня ў школе канцэрт.

«Хоць адзін сьвежы кандыдат»

«Хоць адзін нейкі альтэрнатыўны, сьвежы кандыдат, які мне спадабаўся. Гэта ў параўнаньні са старымі прадстаўнікамі, якіх так званая эліта хоча інкарпараваць у сваю сыстэму. А лічыць, хаця б часткова, могуць і сумленна гэтым разам», — кажа Аляксандар, які прыйшоў прагаласаваць за Алану. Ён удзельнічае ў выбарах упершыню з 2010 году.

З 10 чалавек, да якіх зьвяртаемся, тры — за Алану, астатнія за дзейную дэпутатку Палаты прадстаўнікоў.

— Навошта табе той буфэт, хадзем, я дома прыгатавала.

— Ну давай хоць паглядзім.

Такі дыялёг адбываецца паміж сямейнай парай пэнсійнага ўзросту на ўчастку ў 150-й школе, дзе адна з кандыдатак — міс Беларусь Марыя Васілевіч.

«Для мяне галоўнае было, што чалавек можа нешта зьмяніць да лепшага. Калі ён будзе не адзіны, калі тых, хто думае альтэрнатыўна, будзе больш, яны змогуць нешта зьмяніць», — кажа Дзьмітры, які аддаў свой голас за кандыдата ад АГП Мікалая Маслоўскага.

«Акуратней з выбарцамі»

У камісіі на гэтым участку ўжо ня так баяцца за выбарцаў, але ўсё ж просяць «быць акуратней зь імі». Тут таксама заплянаваны канцэрт з удзелам дзяцей, дзеці ж і сустракаюць выбарцаў, каб паказаць дарогу да ўчастку.

Ёсьць тут і прыхільнікі Васілевіч.

«Добра на ўчастку, буфэт ёсьць. Я выбрала самую маладую кандыдатку. Але ўсе мы па-рознаму галасавалі», — адказвае мне галава сямейства з 3 чалавек Васіліна Андрэеўна. Яе дачка ня можа ўспомніць прозьвішча таго кандыдата, за каго аддала голас.

«Я падрыхтавалася загадзя і ведала, за каго буду галасаваць. Для мяне было важна, што ў чалавека ёсьць нейкі досьвед, што ён нешта зрабіў. Спадабалася, што ён не зьбіраецца рабіць рэвалюцыю, а прапануе рэформы», — расказвае Вольга, якая прыйшла прагаласаваць з малым сынам.

Моладзі на ўчастку няшмат, асноўны кантынгент — людзі ўзростам пасьля 50 гадоў. Частка проста прыходзіць на канцэрт зь дзецьмі. За Марыю Васілевіч сярод 10 апытаных — адзін чалавек.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG