Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ня трэба гуляць у герояў». «Права выбару» пракамэнтавала жорсткія выказваньні Лукашэнкі пра назіральнікаў


Выбарчы ўчастак на вуліцы Кашавога ў Менску
Выбарчы ўчастак на вуліцы Кашавога ў Менску

Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» пракамэнтавалі на брыфінгу словы Аляксандра Лукашэнкі пра інцыдэнты з назіральнікамі падчас датэрміновага галасаваньня. Лукашэнка загадаў жорстка разабрацца з выпадкамі «ціску» на выбарчыя камісіі.

«Я лічу, што гэта заклік да дзеяньняў, — сказаў каардынатар кампаніі Алесь Сілкоў. — Зараз пачалося масавае выдаленьне назіральнікаў з участкаў. Старшыні камісій выдаляюць з такой фармулёўкай: „Нам такія назіральнікі не патрэбныя, якія дыскрэдытуюць нашую камісію, калі пішуць скаргу пра неадпаведнасьць колькасьці людзей, якія прагаласавалі“».

Сілкоў лічыць, што «да падліку галасоў шэрагі назіральнікаў парадзеюць».

Намесьнік старшыні Партыі БНФ Аляксей Янукевіч таксама лічыць, што словы Лукашэнкі — гэта «загад да дзеяньняў сябрам, старшыням камісій, магчыма, сілавым структурам, якія будуць перашкаджаць назіральнікам».

«Пры гэтым яшчэ прагучала пасланьне, што „такі саюз нам не патрэбны“, кажучы пра саюз з Расеяй. Я думаю, што гэта комплекснае пасланьне да міжнароднай супольнасьці — калі вы хочаце падтрымаць незалежнасьць, то маўчыце і закрывайце вочы на тое, як тут праходзяць выбары».

Алесь Сілкоў кажа, што ўжо зафіксаваныя факты ціску на назіральнікаў з боку сілавікоў.

«На ўчасткі Магілёўска-Ленінскай акругі № 84 ужо прыходзілі супрацоўнікі міліцыі. Пра гэта расказаў кандыдат ад гэтай акругі Алег Аксёнаў. Калі супрацоўнікі бачылі ў назіральнікаў сшыткі „Права выбару“, то перапісвалі дадзеныя. Гэта незаконна. На выбарчым участку могуць быць члены камісіі, назіральнікі і выбаршчыкі».

Сілкоў нагадаў, што мэта кампаніі «Права выбару» — правесьці выбары згодна з Выбарчым кодэксам.

«Калі міліцыянт сказаў назіральніку сысьці з участку, то трэба сысьці. Так, пакідаць за сабой права напісаць скаргу. Калі будуць такія пагрозы, я папрашу — у герояў ня трэба гуляць».

Цяпер, лічыць Сілкоў, прафэсія назіральніка стала небясьпечнай.

Палітоляг Юры Чавусаў лічыць, што словы Лукашэнкі незвычайныя.

«У гісторыі Беларусі былі выпадкі, калі назіральнікі станавіліся горшымі ворагамі за любых апазыцыйных кандыдатаў. Але звычайна такое рабілася напярэдадні, напачатку кампаніі. І гэтая жорсткая лінія ў дачыненьні да назіральнікаў была вядомая. Тут мы бачым рэакцыю Лукашэнкі, магчыма, на нейкія публікацыі ў інтэрнэце. Выглядае гэта надзвычай рэзка і неадпаведна той агульнай лініі, якая была ў дачыненьні да назіральнікаў да гэтага часу. Магчыма, гэта рэакцыя на актыўнасьць назіральнікаў падчас датэрміновага галасаваньня».

Аляксей Янукевіч таксама сказаў, што на 15:00 назіральнікі «Права выбару» зафіксавалі 594 парушэньні (з улікам датэрміновага галасаваньня).

«За сёньняшні дзень ужо больш за 100 парушэньняў. Шмат выпадкаў выдаленьня назіральнікаў за нейкія недарэчныя дзеяньні. За тое, што назіральнікі лічаць галасы, перадаюць зьвесткі, за тое, што спрабуюць фатаграфаваць», — адзначыў Янукевіч.

Прадстаўнікі кампаніі «Права выбару» ажыцьцяўляюць татальнае назіраньне на ўсіх участках дзевяці акругаў ва ўсіх абласных цэнтрах, Менску і Бабруйску:

  • Берасьцейская-Ўсходняя № 3,
  • Віцебская-Чкалаўская № 18,
  • Гомельская-Цэнтральная № 33,
  • Горадзенская-Цэнтральная № 51,
  • Бабруйская-Ленінская № 78,
  • Магілёўская -Ленінская № 84,
  • Магілёўская-Цэнтральная № 85.
  • У Менску — Пушкінская № 103 і Коласаўская № 106.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG