Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чым займаліся дэпутаты: шэсьць законаў за тры гады


17 лістапада ў Беларусі абяруць дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня. Наколькі значны іхны ўплыў на жыцьцё ў краіне пры цяперашняй сыстэме ўлады?

Сьцісла

  • Дэпутаты амаль не карыстаюцца сваім правам ініцыяваць законы.
  • Яны толькі прымаюць тое, што ім дасылаюць прэзыдэнт і ўрад.
  • Законапраекты Анісім і Канапацкай не даходзілі да пленарных пасяджэньняў.
  • У тэарэтычна магчымым канфлікце з выканаўчай уладай парлямэнт ня мае шанцаў на перамогу.

Галоўнае прызначэньне Палаты прадстаўнікоў — прымаць і распрацоўваць законы. Дзейныя дэпутаты за тры гады працы прынялі ў другім чытаньні (разам з ратыфікацыямі міжнародных пагадненьняў) 257 заканадаўчых актаў. Зь іх дэпутацкіх толькі чатыры. Адзін законапраект (аб аўтарскім праве) ініцыяваў Савет Рэспублікі. Астатнія 252 прыйшлі ад прэзыдэнта альбо з ураду. Атрымліваецца, што на долю «парлямэнтароў» прыпадае толькі 2% ад усяго заканадаўчага багажу.

Зьмены да трох законаў выйшлі з Чарнобыльскай камісіі. Адзін (аб зьмяненьнях у Кодэксы аб адміністратыўных правапарушэньнях і працэсуальна-выканаўчы) дэпутаткі Натальля Гуйвік і Інэса Кляшчук ініцыявалі яшчэ ў папярэднім скліканьні, а прынялі іх ужо ў шостым.

Яшчэ дзьве дэпутацкія ініцыятывы да фінішу проста не дайшлі. Сёлета ўвесну два дэпутацкія дуэты (першы — Леанід Брыч і Сяргей Зямчонак, другі — Аляксей Сокал і Ўладзіслаў Шчэпаў) упершыню ў Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня падрыхтавалі два рынкавыя законапраекты: «Аб інвэстыцыях» і «Аб прыватызацыі дзяржаўнай маёмасьці і пераўтварэньнях дзяржаўных унітарных прадпрыемстваў у адкрытыя акцыянэрныя таварыствы». Калегі іх ухвалілі. І нават Савет Рэспублікі ня быў супраць. Але Лукашэнка наклаў вэта на гэтую рэдкую заканадаўчую ініцыятыву.

Пры паўторным абмеркаваньні Ганна Канапацкая двойчы зьвярталася да калегаў.

«Уся наша праца пайшла прахам. Так, прэзыдэнт, паводле дзейнага заканадаўства, мае права пярэчыць. Але ў гэтым выпадку рашэньне аднаго чыноўніка перакрэсьліла прарыўныя праекты. А мы так шмат працавалі, прыцягнулі экспэртаў з Усясьветнага банку, Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця, правялі круглы стол, парлямэнцкія слуханьні. Гэтыя законы як ніколі раней актуальныя», — пераконвала сваіх калегаў Канапацкая.

Нічога з гэтага не атрымалася. Аўтары рынкавых законаў далі задні ход, загаварылі пра «неабходнасьць і пэрспэктывы кампрамісу», пра тое, што «пярэчаньні прэзыдэнта — арыенцір для працы».

Сёньня я высьветліў далейшы лёс гэтых заканадаўчых актаў. Аказваецца, іх аўтары адклікалі свае ініцыятывы. Змагацца за сваё дэпутаты, падобна, пабаяліся.

Што тычыцца заканадаўчых ініцыятыў Алены Анісім і Ганны Канапацкай, то яны не дайшлі да разгляду на пленарных пасяджэньнях. Іх прапановы «вырубалі» яшчэ на папярэдніх стадыях падрыхтоўкі.

Да завяршэньня кадэнцыі дэпутаты правядуць яшчэ два пленарныя пасяджэньні. Але Ганна Канапацкая ўжо бʼе трывогу: яе законапраект аб зьменах выбарчага заканадаўства зьбіраюцца выключыць з парадку дня. Прычына, як я даведаўся, нібыта ў тым, што дапрацаваны варыянт Канапацкай істотна адрозьніваецца ад першага. А таму ён павінен разглядацца як новы і зноў праходзіць усе папярэднія ўзгадненьні. Але на гэта ўжо ня хопіць часу.

Папярэдне мяркуецца, што новаабраныя дэпутаты распачнуць працу 4 сьнежня. А на 8 сьнежня, як вядома, заплянаваная сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Ўладзімера Пуціна. Яны маюць намер падпісаць дамову аб так званай паглыбленай інтэграцыі Беларусі і Расеі. Што тэарэтычна могуць зрабіць дэпутаты, калі гэты дакумэнт паставіць пад пагрозу сувэрэнітэт і незалежнасьць Беларусі? Ці могуць яны, напрыклад, абвясьціць імпічмэнт Лукашэнку?

Без удзелу Савету Рэспублікі — не. Каб адхіліць прэзыдэнта ад улады, патрэбная воля ня менш як дзьвюх трацін чальцоў кожнай з абедзьвюх палат. Ініцыяваць імпічмэнт Палаце прадстаўнікоў дазволена. Але арганізаваць расьсьледаваньне мае права толькі Савет Рэспублікі. Ён жа і павінен рабіць высновы: вінаваты кіраўнік дзяржавы ці не. У сёньняшняй Беларусі ўявіць сабе такі сцэнар немагчыма.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG