Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчая агітацыя: прынцыпы супраць будзённых праблемаў


Апазыцыянэры заяўляюць, што выведуць Беларусь з крызісу, праўладныя кандыдаты засяроджваюць увагу на праблемах сваіх акругаў.

Сьцісла

  • Партыйныя вылучэнцы актыўна карыстаюцца праграмнымі дакумэнтамі сваіх партыяў.
  • Апазыцыянэры ўладу крытыкуюць, праўладныя кандыдаты альбо яе хваляць, альбо не даюць ніякіх ацэнак.
  • Апазыцыя абяцае вырашыць «глябальныя» праблемы, прадстаўнікі ўладаў — мясцовыя.

Гэты кантраст вельмі яскрава можна назіраць, напрыклад, у Коласаўскай выбарчай акрузе № 106 у Менску. У ёй балятуюцца старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў і першы прарэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі беспартыйны Сяргей Дзік.

Асноўныя тэзы праграмы Барысава:

  • Кіраваць краінай павінен не прэзыдэнт, а парлямэнт, абраны на свабодных і справядлівых выбарах.
  • Беларусь зьяўляецца краінай страчаных магчымасьцяў, больш за 25 гадоў няма разьвіцьця.
  • З 1996 году беларусы не выбіраюць сваю будучыню: інстытут выбараў не працуе, бо няма адкрытага і галоснага падліку галасоў.
  • У грамадзтве павінна быць альтэрнатыва. Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) — апанэнт існуючай аўтарытарнай улады.

Асноўныя тэзы праграмы Дзіка:

  • Сацыяльная абарона і падтрымка шматдзетных і маладых сем’яў, вэтэранаў, маламаёмасных грамадзянаў і асобаў з абмежаванымі магчымасьцямі.
  • Будаўніцтва арэнднага жыльля, у тым ліку для работнікаў бюджэтнай сфэры і маладых спэцыялістаў.
  • Разьвіцьцё інстытуту дзяржаўна-прыватнага партнэрства.
  • Рэалізацыя даступнага іпатэчнага крэдытаваньня.

Наконт праблемаў акругі, па якой ён балятуецца, Барысаў гаворыць канцэптуальна, паводле яго гэта не справа парлямэнтара.

  • Дэпутат парлямэнту не павінен быць толькі камунальнікам і сачыць за інфраструктурай раёну.
  • Дэпутат найперш павінен удзельнічаць у распрацоўцы і прыняцьці законаў, а таксама ў зацьвярджэньні гадавога бюджэту.
  • Ад таго, якія законы прымаюць дэпутаты, залежыць якасьць жыцьця кожнай сям’і.

Дзік абяцае канкрэтныя крокі па добраўпарадкаваньні акругі:

  • Будаўніцтва спартыўнай пляцоўкі на перасячэньні вуліцы Цнянскай і завулка імя Якуба Коласа.
  • Рэканструкцыю парку Дружбы народаў.
  • Рамонт праезнай часткі на вуліцы Багдановіча і бульвары Мулявіна.

Беларусь пакуль ня Швэцыя

На першы погляд, мясцовыя праблемы — гэта прадмет клопату дэпутатаў гарадзкога савету, якіх у Менску, дарэчы, аж паўсотні.

Такая схема працы з выбарнікамі цудоўна працуе ў шэрагу заходніх краінаў. Асабліва ў Швэцыі, зь якой шчыльна сябруюць беларускія сацыял-дэмакраты. Там сапраўды парлямэнтары канцэнтруюцца на заканадаўчай дзейнасьці. Але ж гэта магчыма таму, што ў Скандынавіі надзвычай моцна разьвітае самакіраваньне. Там на ўзроўні раёнаў, кварталаў і нават асобных дамоў усё вырашаецца менавіта праз самакіраваньне.

Але ж пакуль Беларусь ня Швэцыя. І калі кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў нічога не гаворыць пра праблемы акругі, дзе ён вылучаецца, то ёсьць вялікая імавернасьць, што рэакцыя выбарнікаў-беларусаў будзе не такой, як у швэдаў.

Часам і ў заходніх краінах здараецца так, што ўвага выбарнікаў факусуецца вакол вялікай агульнанацыянальнай праблемы. Напрыклад, датэрміновыя выбары, якія неўзабаве адбудуцца ў Вялікабрытаніі, будуць у значнай ступені факусавацца вакол Брэкзіту.

Але ці ёсьць цяпер у Беларусі такая агульнанацыянальная праблема, якая рэальна турбуе ўсіх беларусаў?

Што турбуе беларусаў?

Днямі меў гутарку з лідэрам грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэям Дзьмітрыевым. Ён распавёў, што пасьля сустрэчаў, гутарак зь людзьмі, цалкам «пералапаціў» сваю выбарчую праграму. Паводле яго, людзей, асабліва ў правінцыі, не хвалююць ані магчымасьць паглынаньня Беларусі Расеяй, ані шлях Беларусі ў Эўропу. Іх турбуе беднасьць, недахоп грошай і нахабства чыноўнікаў, абурае і раздражняе сацыяльная няроўнасьць.

«Вялікую палітыку я адклаў да прэзыдэнцкіх выбараў. А свой дэпутацкі выступ назваў так: «Чаму ў адных кожны дзень смачны абед, а ў іншых толькі зьліплыя макароны?» — гаворыць Дзьмітрыеў.

Дарэчы, Ганна Канапацкая прызнавалася, што ішла дэпутатам у Палату, каб пісаць законы. Але атрымалася так, што шмат часу ў яе занялі якраз пытаньні яе акругі.

Рамонт вуліцы, можа, гэта і не праблема ўзроўню дэпутата парлямэнту. Але гэта вельмі важнае і балючае пытаньне для тых, хто на гэтай вуліцы жыве. І калі кандыдат у дэпутаты нічога пра гэта не гаворыць, нават падкрэсьлівае, што гэта не ягоны ўзровень, то наўрад ці яго падтрымаюць выбарнікі акругі. Нават тыя, хто пагаджаецца з тым, што Лукашэнка — дыктатар, а свабодныя выбары ў Беларусі ўжо шмат гадоў не праводзяцца.

Выбарчая кампанія без выбараў

Выбары ў Беларусі і сапраўды несвабодныя. Напэўна, няцяжка здагадацца, хто будзе абвешчаны пераможцам у акрузе № 106 у Менску — Барысаў ці Дзік. І казаў бы Барысаў пра мясцовыя праблемы, пра рамонты ды будоўлі, а Дзік — адно пра веліч Лукашэнкі і перавагі беларускай стабільнасьці, на афіцыйныя вынікі гэта наўрад ці паўплывала б. У гэтым сэнсе рэжым робіцца своеасаблівым алібі для апазыцыі — што ні кажы, усё роўна не пераможаш.
Аднак падтрымка людзей для палітыкаў мае значэньне, нават калі ў краіне няма выбараў. А што яе дае — клопат пра прынцыпы ці пра будзённыя праблемы?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG