Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праўладныя кандыдаты раптоўна пачалі здымацца з выбараў


Ілюстрацыйнае фота

Паводле апошніх зьвестак Цэнтравыбаркаму, з 562 афіцыйна зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў сёмага скліканьня засталося 516. Куды падзеліся астатнія?

Сьцісла

  • Шмат у якіх акругах праўладныя кандыдаты адмаўляюцца ад удзелу ў выбарах.
  • Гэта частка тактыкі ўладаў на цяперашніх выбарах.
  • Намэнклятура расчышчае дарогу ў Авальную залю для «сваіх».
  • Пакараньня за датэрміновы сыход з выбарчай дыстанцыі ў заканадаўстве не існуе.

Выбарчыя камісіі зьнялі з дыстанцыі 13 кандыдатаў (усе яны апазыцыянэры). 33 адмовіліся ад далейшага ўдзелу з уласнай ініцыятывы (усе яны, за выключэньнем прадстаўніка партыі БНФ Кастуся Смолікава, праўладныя вылучэнцы).

Чаму ўлады «выкасілі» апазыцыйных прэтэндэнтаў, тлумачыў Валер Карбалевіч.

А чаму раптам перадумалі ўдзельнічаць надалей у кампаніі больш як тры дзясяткі праўладных кандыдатаў? Бальшыню зь іх у змаганьне за дэпутацкія мандаты накіроўвалі працоўныя калектывы (без ухваленьня ўладаў такое немагчыма). Больш за тое, некаторыя вылучэнцы нават яшчэ і зьбіралі подпісы выбарнікаў. І тлумачылі гэта так: праз размовы зь людзьмі зьбіраемся замацаваць свае пазыцыі перад галасаваньнем. Значыць, няхай і вонкава, дэманстравалі сурʼёзнасьць намераў. І раптам — нечаканы сыход з дыстанцыі. Але ці сапраўды ён нечаканы?

Падобна, што зьняцьцё з выбараў часткі праўладных кандыдатаў уваходзіла ў тактыку ўладных структураў, якую распрацоўвалі яшчэ да пачатку кампаніі. Мэта: паказаць «канкурэнцыю», калі ў адной і той жа акрузе рэгіструюцца двое, а часам і трое праўладных прэтэндэнтаў.

Канкрэтных прыкладаў шмат. Вось акруга № 54 у Іўі. Тут «дуплетам» здымаюцца з выбараў дырэктарка школы Марына Гайдукевіч і актывіст Лібэральна-дэмакратычнай партыі Сяргей Макей. Так яны «расчысьцілі» шлях у Авальную залю дзейнаму дэпутату Аляксандру Маркевічу.

У Пінску гадалі, каго ўлады абвесьцяць пераможцам — галоўнага лекара дзіцячага шпіталя Мікалая Целяціцкага ці старшыню суду Аляксандра Амельянюка? Пасьля таго як Целяціцкі адмовіўся далей удзельнічаць у выбарах, усё стала зразумела.

Альбо Барысаўская сельская акруга № 63. Тут у дэпутаты балятуецца былая міністарка інфармацыі, а цяпер намесьніца старшыні грамадзкага абʼяднаньня «Беларускі саюз жанчын» Лілія Ананіч. Напачатку ў яе былі два канкурэнты: начальнік мясцовага аддзелу Міністэрства надзвычайных сытуацый Уладзімер Пікуза і сябра ЛДП Ігар Закрэўскі. Некаторыя экспэрты нават казалі, што тут дэпутатам можа стаць мясцовы «пажарнік». Маўляў, малады чалавек (Пікузу 41 год) больш прывабны за экс-чыноўніцу пэнсійнага ўзросту. Але насамрэч канкурэнцыі ў Ліліі Ананіч ня будзе, бо Пікуза, нібыта з уласнай ініцыятывы, зьняўся з выбараў. А ў «двубоі» Ананіч — Закрэўскі пераможцу можна назваць беспамылкова. Бо актывіст ЛДП не праводзіў сустрэч з выбарнікамі, акруговая камісія заяўляе, што на ягоны выбарны рахунак не перавялі ні капейкі. Ананіч жа выклала ў сацыяльныя сеткі паведамленьні пра 60 сустрэч, на яе рахунку амаль дзьве тысячы беларускіх рублёў.

Адразу пасьля рэгістрацыі кандыдатаў экспэрты адзначалі: прыкладна ў 40 акругах ёсьць па некалькі праўладных кандыдатаў з вонкава аднолькавымі шанцамі стаць дэпутатамі. Цяпер жа колькасьць такіх «намэнклятурна канкурэнтных» акругаў зьменшылася напалову. Выглядае, што ўлады маюць сьпіс сваіх людзей, якія абавязкова павінны атрымаць дэпутацкае пасьведчаньне. Пад іх і робіцца «добраахвотная» зачыстка шэрагу акругаў. І гэта толькі пацьвярджае, што свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі даўно ўжо няма. Як ня будзе іх і сёлета.

І толькі сям-там улады дазволяць правесьці экспэрымэнт — паглядзець, хто «са сваіх» стане пераможцам. Але гэта будзе толькі там, дзе няма прынцыповай розьніцы, каго надзяліць дэпутацкімі паўнамоцтвамі. Затое такую бачнасьць можна паспрабаваць «прадаць» міжнародным назіральнікам пад выглядам канкурэнцыі, лібэралізацыі і мадэрнізацыі. Маўляў, ёсьць і ў нас зьмены да лепшага.

Чаму бязьдзейнічае Ярмошына

Паводле дзейнага заканадаўства ў Беларусі не існуе пакараньня за добраахвотную адмову ад працягу выбарнай гонкі. Больш за тое, былому кандыдату ня трэба нават тлумачыць, чаму ён прымае такое рашэньне. Хоць вядома, што найчасьцей у такіх выпадках прыводзяць наступныя аргумэнты:

  • cямейныя абставіны;
  • занятасьць на працы;
  • зьмена месца жыхарства;
  • пераацэнка ўласных магчымасьцяў.

«Мне ня вельмі падабаецца, што 33 кандыдаты зьнялі свае кандыдатуры самі, добраахвотна», — заявіла старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына журналістам 12 лістапада. Аднак ніякіх захадаў, каб зьмяніць сытуацыю, ЦВК ня робіць.

Сваю бязьдзейнасьць спадарыня Ярмошына патлумачыла мне так:

«Цяпер мы нічога ня можам зрабіць. Раней, калі выбарчыя камісіі выдавалі прэтэндэнтам сродкі на агітацыю, тэарэтычна акруговая камісія магла палічыць, што кандыдат здымаецца з выбараў без сурʼёзнай падставы. І патрабаваць ад яго кампэнсацыі выдаткаў. Цяпер мы грошы не даём. Значыць, і патрабаваць назад нічога ня можам».

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG