Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску затрымалі назіральніка за патрабаваньне пераліку галасоў. Павезьлі ў кайданках. ВІДЭА

абноўлена

Пётра Маркелаў

Выкліканы на выбарчы ўчастак нарад міліцыі з Маскоўскага РУУС у 21:20 затрымаў назіральніка Пятра Маркелава, які назіраў за галасаваньнем і падлікам галасоў на 286 участку 99-й акругі. Праўь дзьве гадзіны назіральніка выпусьцілі зь міліцыі, склалі пратакол за «дробнае хуліганства».

Паводле кандыдата ў дэпутаты ад «Моладзевага блёку» Стаса Шашка, міліцыянты сілай надзелі на Пятра Маркелава кайданкі і павезьлі ў райаддзел міліцыі.

Прычынай інцыдэнту стала патрабаваньне Стаса Шашка пералічыць пададзеныя за яго галасы.

«Галасаваньне праходзіць у інтэрнаце, дзе я добра ведаю, як да мяне ставяцца, — сказаў кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Стас Шашок. — Я на свае вочы бачыў, што ня менш як у трох сябраў камісіі, якія вялі падлік, за мяне было пададзена больш як 30 галасоў у кожнага. Гэта агулам каля ста галасоў. І раптам абвяшчаюць, што за мяне толькі 46. Патрабую пераліку, Пётар Маркелаў здымае на відэа, да нас прыходзіць міліцыянт, мы спакойна ўсё тлумачым і працягваем патрабаваць пераліку. І тады прыяжджае нарад і Пятра хапаюць. Пакуль гэта ўсё. Еду за ім у Маскоўскі РУУС».

Дзяжурны Маскоўскай РУУС затрыманьне Пятра Маркелава не пацьвердзіў.

«Пакуль такой інфармацыі ў мяне няма, можа яшчэ не давезьлі», — сказаў міліцыянт.

Людміла Якубёнак, сябра выбарчай камісіі, адмовілася распавесьці карэспандэнту Свабоды пра прычыны, празь якія быў выкліканы нарад міліцыі на ўчастак №286 і затрыманы назіральнік Пётар Маркелаў.

«Званіце заўтра, у мяне малое дзіця, ужо позна. Ці пазваніце старшыні камісіі», — параіла Людміла Якубёнак. Пры гэтым яна сказала, што ня ведае тэлефону старшыні камісіі.

Пазьней Шашок расказаў Свабодзе, што яго маюць апытаць у Маскоўскім РАУС як сьведку, а Маркелава «завялі ў нейкі пакой і не выпускаюць». Назіральніку інкрымінуюць «дробнае хуліганства» (арт. 17.1 КаАП РБ).

Пятра Маркелава адпусьцілі зь міліцыі каля 23:20, склаўшы на яго пратакол па 17.1 артыкуле Адміністрацыйнага кодэксу — за «дробнае хуліганства».

Назіральніка папярэдзілі, што ён мусіць зьявіцца ў суд, калі атрымае позву. Пётра Маркелаў гэтак пракамэнтаваў сваё затрыманьне:

«Канечне, я абураны, — заявіў Маркелаў. — Мяркую, такая фальсыфікацыя, як у нас на ўчастку, ідзе паўсюль. Праблема, аднак, у тым, што мала людзей, гатовых гэта выкрываць і з гэтым нешта рабіць. Уявіце, што некаторыя назіральнікі з праўладных арганізацый падтрымлівалі камісію, нават дапамагалі міліцыянтам мяне затрымліваць — гэта таксама абурае».

Пры затрыманьні Пятра Маркелава паклалі на падлогу і надзелі на яго кайданкі. Назіральнік бачыў у міліцыі запіс, што ён быў затрыманы з ужываньнем гвалту. На грубае абыходжаньне падчас дастаўленьня яго ў Маскоўскую раённую ўправу міліцыі актывіст ня скардзіцца.

Ярмошына ня супраць

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына на прэсавай канфэрэнцыі, якая пачалася ў 0:30 18 лістапада, заявіла адносна затрыманьня Шашка і Маркелава, што сябры ўчастковай камісіі дзейнічалі дакладна. Паводле Лідзіі Ярмошынай, Станіслаў Шашок не павінен быў патрабаваць пераліку галасоў сябрамі камісіі, бо яна на гэта ня мае паўнамоцтваў паводле выбарчага заканадаўства.

«Гэтага і акруговая камісія ня можа рабіць. Трэба зьвяртацца ў гарадзкую выбарчую камісію і прыводзіць доказы», — сказала Лідзія Ярмошына.

Меркаваньне Стаса Шашка, што «ўвесь інтэрнат за яго прагаласаваў», паводле Ярмошынай, нельга разглядаць як доказ. Адносна затрыманьня Шашка на выбарчым участку пасьля падліку галасоў Лідзія Ярмошына сказала, што міліцыя мела на гэта права, бо на той момант выбары скончыліся і былы кандыдат страціў сваю недатыкальнасьць.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG