Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Марзалюк засьпяваў у перадвыбарчым кліпе. ВІДЭА

абноўлена

Ігар Марзалюк у кліпе «Мой путь — ваш выбор»

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў шостага скліканьня і кандыдат у дэпутаты сёмага скліканьня Ігар Марзалюк выдаў на сваім Youtube-канале кліп на расейскамоўную песьню «Мой путь — ваш выбор».

Частка кадраў — нібыта ў студыі — зьнятая з дапамогай так званага хромакею (на фоне зялёнага экрану з заменай фонавай карцінкі). Але частка кадраў — у залі для адзінаборстваў, дзе сам Марзалюк трэніруецца і ўдзельнічае ў спарынгах (раней дэпутат расказваў, што займаўся самба і дзюдо).

Песьня ў кліпе напраўду завецца «Я подн­имусь». Яна ўваходзіць у рэпэртуар украінскага сьпевака Аляксандра Яроменкі, таксама яе не аднойчы выконваў расейскі сьпявак Філіп Кіркораў. Яроменка сьцьвярджаў, што Кіркораў нібыта «прасіў на каленах» даць яму гэтую песьню.

У камэнтары «Нашай ніве» Марзалюк сказаў, што ідэя сьпеву належыць «ягонаму сябру і даверанай асобе», зь якім яны «селі і зрабілі ўсё, толькі рэжысура мая». Парталу Tut.by ён заявіў, што ня памятае дакладна аўтара песьні. Кліп, адзначыў Марзалюк, быў зьняты пасьля дэбатаў з кандыдатам Віталём Рымашэўскім.

Кліп апублікаваны ў час агітацыйнай кампаніі. У канцы відэа ўстаўлены плякат зь лёзунгамі, рэгаліямі (доктар гістарычных навук, прафэсар, «Чалавек году Магілёўшчыны») і датай выбараў, але без наўпроставага закліку галасаваць за Марзалюка.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Выбары ў Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — пройдуць 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне будзе ісьці ад 12 да 16 лістапада.

  • Агулам у Палату прадстаўнікоў абіраецца 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбываюцца датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — адбудуцца 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выберуць на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка.
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая з Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада зьбіраюцца выстаўляць кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • Выбары каштуюць бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG