Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ананіч, Васілевіч, Гайдукевіч… Апазыцыі пакуль няма. Хто прайшоў у Палату прадстаўнікоў


«Міс Беларусь» Марыя Васілевіч, архіўнае фота

На 0:30 Цэнтральная выбарчая камісія мае прозьвішчы верагодных пераможцаў амаль на ўсіх акругах пасьля падліку галасоў, расказала старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі. Апазыцыі ў сьпісах пераможцаў пакуль няма.

Абноўлена, 2:26: ЦВК апублікаваў поўны сьпіс

Зь вядомых фігураў Ярмошына назвала:

  • экс-міністарку інфармацыі Лілію Ананіч;
  • дзейных дэпутатаў Валянціну Ражанец, Валянціну Курсевіч, Людмілу Канановіч, Валерыя Варанецкага, Тацяну Сайганава, Людмілу Макарыну-Кібак, Ігара Камароўскага, Ганну Старавойтаву, Ірыну Рынейскую, Ігара Марзалюка, Вольгу Петрашорву, Тамару Даўгашэй, Жанну Стаціўку;
  • былога прэс-сакратара МЗС Андрэя Савіных;
  • кіраўніка Менскай арганізўацыі БРСМ Сяргея Клішэвіча;
  • прадстаўніцу «Беларусбанку» Марыну Лянчэўскую;
  • «Міс Беларусь-2018» Марыю Васілевіч,
  • старшыню Менскага гарадзкога савету дэпутатаў Васіля Панасюка;
  • судзьдзю Вярхоўнага суду Сьвятлану Любецкую;
  • першага прарэктара БДУІР Сяргея Дзіка;
  • кіраўніка «Белай Русі» і чальца Савету рэспублікі Генадзя Давыдзьку;
  • старшыню ЛДПБ Алега Гайдукевіча;
  • журналіста Тэнгіза Думбадзэ;
  • старшыню Беларускага абхяднаньня вэтэранаў Івана Гардзейчыка;
  • галоўнага ўрача з бабруйскай лякарні Ўладзімера Гацко;
  • былога намесьніка старшыні ЦВК і намесьніка кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі Валерыя Міцкевіча.

Ці прайшоў у Палату прадстаўнікоў лідэр руху «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў, Ярмошына яшчэ ня ведала, але сама згадала ягонае імя. Зь ягонай Дзяржынскай акругі выніковых зьвестак яшчэ няма. Сам Дзьмітрыеў паведаміў Свабодзе, што паводле зьвестак ягоных назіральнікаў ён займае другое месца: «Я перамагаю ў дзень галасаваньня, але прайграю ў датэрміновым».

Абноўлена, 2:26: Дзьмітрыеў не прайшоў. У папярэднім сьпісе пераможцаў няма апазыцыі.

Першая сэсія новых скліканьняў і Палаты прадстаўнікоў, і Савету Рэспублікі мае прайсьці 6 сьнежня.

Парлямэнцкія выбары-2019 у Беларусі. Што варта ведаць

Асноўны дзень галасаваньня на выбарах у Палату прадстаўнікоў сёмага скліканьня — ніжнюю палату Нацыянальнага сходу — 17 лістапада. Датэрміновае галасаваньне праходзіла ад 12 да 16 лістапада. Папярэднія вынікі сталі вядомыя 18 лістапада, ніводзін апазыцыянэр ня трапіў у Нацыянальны сход.

  • За 5 дзён датэрміновага галасаваньня на парлямэнцкіх выбарах у Беларусі, паводле ЦВК, прагаласавала 35,77% выбарнікаў. Незалежныя назіральнікі заяўляюць пра завышэньне яўкі больш чым у 2 разы.
  • Агулам у Палату прадстаўнікоў трапляе 110 дэпутатаў. Дэпутаты ніжняй палаты выбіраюцца паводле выбарчых акругаў, а не партыйных сьпісаў. Праўладная «Белая Русь» прапаноўвала выбіраць прынамсі палову дэпутатаў паводле партыйных сьпісаў (як, напрыклад, ва Ўкраіне), але ўлады гэтую ідэю адхілілі.
  • Галасаваць на выбарах у Палату маюць права усе паўналетнія грамадзяне Беларусі. Галасаваньне добраахвотнае і ня можа быць прымусовым. Скардзіцца на прымус да галасаваньня можна ў пракуратуру ці ў райвыканкамы.
  • Цяперашнія выбары адбыліся датэрмінова, хоць фармальна датэрміновымі ня лічацца. Тэрмін паўнамоцтваў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў — 4 гады. Але калі паміж выбарамі 2012 і 2016 гадоў прайшло 1449 дзён (3 гады, 11 месяцаў і 19 дзён), то паміж выбарамі 2016 і 2019-га пройдзе ўсяго 1162 дні (3 гады, 2 месяцы і 6 дзён).
  • Лукашэнка першапачаткова прапаноўваў правесьці выбары ў Палату на 7 лістапада — Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тлумачыла, што гэтак ня варта рабіць. Урэшце на гэты дзень прызначылі выбары ў Савет Рэспублікі.
  • Выбары ў Савет Рэспублікі — верхнюю палату Нацыянальнага сходу — прайшлі 7 лістапада без удзелу звычайных беларусаў. Па 8 дэпутатаў ад вобласьці і яшчэ 8 ад Менску выбралі на абласных сходах дэпутаты гарадзкіх і раённых саветаў, яшчэ 8 дэпутатаў мае права прызначаць (але звычайна прызначае ня ўсіх) асабіста Аляксандар Лукашэнка. Ніводную кандыдатуру не адхілілі.
  • Фракцый у Палаце прадстаўнікоў няма. Апазыцыя амаль не трапляе ў Нацыянальны сход. Так, у Палаце прадстаўнікоў шостага скліканьня толькі 2 са 110 дэпутатаў — не прыхільнікі Лукашэнкі: Ганна Канапацкая ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі і беспартыйная Алена Анісім, старшыня Таварыства беларускай мовы. У Савеце Рэспублікі апазыцыі няма.
  • Нацыянальны сход дзейнічае з 1996 году — пасьля таго як Лукашэнка распусьціў Вярхоўны Савет XIII скліканьня. Выбары дэпутатаў Нацыянальнага сходу першага скліканьня не праводзіліся, Лукашэнка проста прызначыў туды ляяльных яму дэпутатаў Вярхоўнага Савету.
  • Нацыянальны сход амаль не распрацоўвае законапраектаў (часьцей гэта робяць міністэрствы і ведамствы) і амаль ніколі не галасуе супраць. Рэкорд шостага скліканьня Палаты прадстаўнікоў — 10 галасоў (9%) супраць звужэньня паўнамоцтваў сваёй палаты.
  • Краіны Заходняй Эўропы і ЗША не прызнавалі свабоднымі і дэмакратычнымі ніякія выбары і рэфэрэндумы ў Беларусі пасьля 1994 году. На ўсіх выбарах назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні, пасьля давалі рэкамэндацыі, але Лукашэнка прасіў яго «не павучаць».
  • На выбары 17 лістапада выстаўлялі кандыдатаў прынамсі 7 апазыцыйных партыяў і шэраг рухаў. На ранейшых выбарах далёка ня ўсіх апазыцыянэраў рэгістравалі кандыдатамі або чальцамі выбарчых камісій.
  • На пачатак датэрміновага галасаваньня з 560 зарэгістраваных засталося 516 кандыдатаў. 33 самі зьнялі свае кандыдатуры, яшчэ адносна 13 скасавалі рэгістрацыю за парушэньні (6 зь іх — ад апазыцыйнай «Эўрапейскай Беларусі»). Ніводнай безальтэрнатыўнай акругі няма
  • Выбары каштавалі бюджэту каля 23 млн беларускіх рублёў. Лукашэнка кажа, што выбары «павінны прайсьці як сьвята», а Нацыянальны сход мае стаць «дыскусійнай пляцоўкай для дыялёгу дэпутатаў з рознымі поглядамі». Старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «палохала цішыня» вакол выбараў, а 99% беларусаў лічаць, што ня могуць паўплываць на органы ўлады.
  • Як сьцьвярджае ЦВК, яўка на выбары склала 77,22%. На трох мінулых выбарах у Палату называлася яўка каля 74%, а рэкорд быў у 2004 годзе, калі называлася яўка 89,84%.
  • Паводле папярэдніх вынікаў, у Палату прадстаўнікоў ​прайшлі 66 мужчын і 44 жанчыны​; 30 дзейных дэпутатаў, 2 чалавекі ва ўзросьце да 30 гадоў, ніводнага апазыцыянэра.
  • Сярод вядомых беларусаў, якія трапляюць у Палату прадстаўнікоў, былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч, «Міс Беларусь-2018» Марыя Васілевіч, кіраўнік «Белай Русі» Генадзь Давыдзька, старшыня ЛДПБ Алег Гайдукевіч.
  • Незалежныя беларускія назіральнікі фіксавалі парушэньні на датэрміновым галасаваньні і ў асноўны дзень выбараў (731 парушэньне і 622 скаргі, у тым ліку 341 — толькі за 17 лістапада), кожнага трэцяга незалежнага назіральніка выдалілі з участка. Асноўным парушэньнем называецца адсутнасьць адкрытага падліку бюлетэняў і забарона на капіяваньне выніковага пратаколу ўчастковай камісіі. Назіральнікі АБСЭ назвалі выбары неадпаведнымі важным міжнародным дэмакратычным стандартам. Місіі СНД і ШАС назвалі выбары «празрыстымі і дэмакратычнымі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG