«Тут хата наша, там лазьня, я яе тапіў. Тут вось край нашых гародаў. Клёны гэтыя я пасадзіў, гадоў 11 мне было. А пад той ліпай на лаўцы палова вёскі перацалавалася», — Аляксандар Сьцепаненка рукамі ў паветры малюе яму аднаму цяпер вядомую карціну. Мы бачым тут поле, зарослае травой, кустоўем і дрэвамі. А ён — шырокую вуліцу, дзедаву хату, суседзкія сады і дзясяткі родных гісторый зь вёскі Кісялёўка.