Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларушчына павінны быць нормаю». Гамельчукі павучылі магілёўцаў мове


На шляху да беларушчыны

«Кепска, што мы вымушаныя радавацца трэнду на беларушчыну, якая павінна быць нормаю», — у Магілёве гомельскія ТБМаўцы правялі заняткі гуртку «Мова дзяцей».

Гурток паўстаў пасьля шматлікіх зваротаў бацькоў, якія наракалі на недахопы беларускамоўнай адукацыі ў Гомлі. Беларускія клясы і дзетсадаўскія групы адкрываюцца зь цяжкасьцю, і тым больш запатрабаванымі аказаліся ТБМаўскія курсы. Заснавальнікі гуртку вырашылі падзяліцца сваім досьведам і з магілёўцамі. На моўных занятках пабываў карэспандэнт Свабоды.

Першае беларускае слова — «вясёлка»

У канфэрэнц-залю аднаго з гандлёвых цэнтраў Магілёва на заняткі гомельскіх рупліўцаў беларускай мовы бацькі прывялі дзетак-дашкалят. Малыя дысцыплінавана пазаймалі месцы за вялікім сталом. Не бянтэжачыся, пазіравалі перад камэрамі сваіх бацькоў. На беларускую гаворку рэагавалі зь цікавасьцю, але выглядала, што беларускія словы ім мала знаёмыя. Іхны сэнс спрабавалі адгадваць.

Цярністы шлях да беларускай мовы
Цярністы шлях да беларускай мовы

«З такімі дзеткамі цікава працаваць, бо яны шчыра ўспрымаюць сьвет беларускай мовы. У іх няма стэрэатыпаў. Яны крок за крокам запамінаюць словы. Галоўнае — падаць іх так, каб складалася пазытыўнае стаўленьне да мовы», — казала аўтарка ідэі і заснавальніца курсаў «Мова дзяцей», лінгвіст Алеся Аўласевіч.

На ўроку вучні старанна размалёўвалі ды клеілі вясёлку, знаёмячыся пры гэтым зь яе беларускімі колерамі. Першае беларускае слова — «вясёлка» — адна з вучаніц прамовіла на 15 хвіліне заняткаў. У дзяцей не выходзіла адразу вымавіць «зялёны», «памаранчовы», «блакітны». На пытаньне Алесі пра блакітны колер паперы адна зь дзяўчатак адказала ангельскім «blue».

«На такіх занятках дзеткі не баяцца выказвацца і памыляцца», — кажа Алеся.

«Мы разумеем, што пасьля трох заняткаў дзеці ня стануць беларускамоўнымі. Але хто рэгулярна на іх ходзіць, тыя імкнуцца шукаць беларускія адпаведнікі расейскім словам. Альбо прыдумляюць свае, як ім падаецца, беларускія словы. У іх закладаецца разуменьне, што на беларускай мове можна стасавацца весела і цікава. А гэта сьведчыць пра жаданьне працягваць вучыць беларускую мову».

Беларуская вясёлка беларуса
Беларуская вясёлка беларуса

«Дзеці са старэйшай групы, 8–12 год, пасьля школы, баяцца памыліцца ці сказаць лішняе слова, бо раптам я пастаўлю кепскую адзнаку, — кажа суразмоўніца. — Для нас жа галоўнае, каб яны не баяліся выказваць свае думкі, гаварыць з намі. Мы спрабуем данесьці ім, што ў іх ёсьць свае правы і, што школа існуе для іх».

Дзіця павінна ведаць, у якой краіне жыве

Пакуль дзеці вучыліся мове, бацькі з «выраю» назіралі за іхнымі посьпехамі. Час ад часу шэптам спраўджвалі адзін у аднаго, ці правільна яны разумеюць беларускія словы. Пасьля прагляду беларускамоўнага мультфільма «Сьвінка Пэпа» яшчэ адзін настаўнік, Яўген Якавенка, папрасіў дзяцей прыгадаць словы, якія казалі героі стужкі. Слова «імбрык» ня ведалі ня толькі дзеці, але і бацькі.

Бацькі лічаць, што асновы веданьня беларускай мовы павінны закладацца ў сям’і. Пры гэтым у сваіх сем’ях яны па-беларуску амаль не гавораць. Але амаль усе маюць у сваіх бібліятэках беларускія кніжкі, якія чытаюць дзецям.

Алеся Ўласевіч і Яўген Якавенка
Алеся Ўласевіч і Яўген Якавенка

«Мы не валодаем беларускай мовай настолькі, наколькі хацелася б. Але разуменьне важнасьці веданьня мовы для кожнага з нас прысутнічае», — казаў адзін з бацькоў. — Хацелася б, каб беларуская мова не ўспрымалася дзецьмі як замежная, каб у дзіцяці было разуменьне, што яна — яго родная".

«Мы пачалі набываць болей беларускіх кніжак. Але ў Магілёве такой літаратуры для дзяцей замала, — далучыўся да гутаркі бацька дзьвюх дзяўчатак, які спадзяецца, што моўныя курсы падахвоцяць яго часьцей гаварыць па-беларуску ў сям’і.

«Па нашых назіраньнях, у садках пакуль выхавацелькі не разумеюць, навошта дзецям вучыць беларускую мову, — кажа ён. — Яе вывучаюць нібы замежную. Падыход такі: а можа, яна ў жыцьці і не спатрэбіцца».

Моўныя заняткі, на думку маці, якая прывяла на іх сына, закладаюць асновы цярпімага стаўленьня да разнастайнасьці навакольнага сьвету.

«Ён у такім узросьце ўжо павінен разумець, у якой краіне жыве, і што ў гэтай краіне ня ўсе гавораць па-расейску, і што важна ведаць сваю родную мову і гаварыць на ёй», — кажа яна.

У маладых сем’ях зацікаўленьне беларускай моваю ёсьць

«Я падазраю, што беларуская мова становіцца трэндам», — адказала Алеся Ўласевіч на пытаньне, ці запатрабаваная беларуская мова ў маладых сем’ях.

«Я спадзяюся, што такая сытуацыя мае патэнцыял. Маладыя сем’і, прынамсі, цікавяцца моваю. У кожнага зь іх ёсьць свае прычыны, каб наведваць нашы курсы. Але зацікаўленьне ёсьць», — кажа суразмоўніца.

Яе калега Яўген Якавенка, у сваю чаргу, заўважыў, што гаварыць пра раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў у Беларусі не выпадае. «У гэтым пытаньні ў нас катастрофа», — кажа ён.

Прэзэнт на памяць пра ўводзіны ў беларушчыну
Прэзэнт на памяць пра ўводзіны ў беларушчыну

«Але калі ўсё ж глядзець на сытуацыю з гледзішча нашай суворай рэчаіснасьці, то яшчэ дзесяць гадоў таму сустрэць у Гомлі беларускамоўнага чалавека было дужа цяжка, — кажа Яўген. — Цяпер жа цікавасьць да мовы зьявілася. Нават сярод тых жа прадпрымальнікаў, якія выкарыстоўваюць беларускую мову. Няхай і з гледзішча сваёй выгады, але ўсё роўна гэта крута. Таму, безумоўна, трэнд на беларушчыну ёсьць. Але, зь іншага боку, кепска, што ў Беларусі мы вымушаныя радавацца трэнду на беларушчыну, якая павінна быць нормаю».

Незвычайны ўрок беларускай мовы доўжыўся 50 хвілін. Заняткі стамілі вучняў, і пры канцы яны выконвалі заданьні настаўнікаў без асаблівага імпэту. Але ажывіліся, пачуўшы, што кожны атрымае прэзэнт. Па заканчэньні дзятва хвалілася перад бацькамі цукеркамі і кубкамі зь беларускімі надпісамі.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG