Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Камітэт салідарнасьці з Украінай» адзначыў трэцюю гадавіну сваёй працы. Урачыстая імпрэза пачалася з выкананьня гімна Ўкраіны і малітвы за Беларусь і Ўкраіну. Першым дакумэнтам, што прыняў Камітэт у сакавіку 2014 году, быў зварот да суайчыньнікаў, у якім былі такія словы: «Сёньня Ўкраіна, а заўтра можа быць Беларусь».

У залі — ганаровыя госьці: першы сакратар амбасады Ўкраіны ў Беларусі Ігар Скварцоў і дарадца амбасады Марыя Гуцала, прадстаўнікі ўкраінскай дыяспары.

Грамадзкая актывістка Ганна Шапуцька зачытала дэклярацыю аб стварэньні ініцыятывы, якая была прынятая 19 сакавіка 2014 году. Тры гады таму каля 30 прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый, рухаў, грамадзкіх абʼяднаньняў вырашылі ўтварыць грамадзкую ініцыятыву «Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай».

Было вызначана 5 кірункаў дзейнасьці камітэту — арганізацыйна-масавы (каардынатар Максім Вінярскі), грамадзка-палітычны (каардынатар Павал Севярынец), інфармацыйна-аналітычны (каардынатар Ігар Рынкевіч), культурна-асьветніцкі (каардынатарка Ганна Шапуцька), міжнародна-прававы (каардынатар Ігар Леднік). Цяпер Камітэтам кіруе калегіяльны орган.

Ігар Рынкевіч узгадаў рэпрэсіі ўладаў за акцыі салідарнасьці з Украінай, пікеты і нават за ўскладаньне кветак да помніка Тарасу Шаўчэнку. Да прыкладу, за пераклічку «Слава Ўкраіне» — «Героям слава» на футбольным матчы маладыя людзі былі пакараныя.

«У актыве Камітэту салідарнасьці з Украінай шмат заяваў, зваротаў да беларускага кіраўніцтва, каб расейскія вайскоўцы ня ўдзельнічалі ў маршах-парадах. Камітэт неаднаразова зьвяртаўся ў Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем спыніць антыўкраінскую прапаганду на тэлеканалах „Россия“ і „Россия-24“ ці забараніць вяшчаньне гэтых каналаў на тэрыторыі Беларусі. Сабраныя тысячы подпісаў, каб украінскі тэлеканал вяшчаў на тэрыторыі Беларусі (дарэчы, гэта стала і прадметам перамоваў паміж кіраўнікамі Ўкраіны і Беларусі). Была праведзеная міжнародная канфэрэнцыя „Ўкраіна: міты і рэальнасьць“. Арганізавана некалькі маратонаў салідарнасьці, сабраныя сродкі на помнікі Міхаілу Жызьнеўскаму, Алесю Чаркашыну, што загінулі ва Ўкраіне, на іншую фінансавую дапамогу. Наперадзе шмат плянаў і праектаў», — падсумаваў Ігар Рынкевіч.

Дарадца амбасады Ўкраіны ў Беларусі Марыя Гуцала падзякавала Камітэту салідарнасьці за вялікую працу, падтрымку і дапамогу. Дыплямат таксама паведаміла, што неўзабаве новы амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім уручыць кіраўніку Беларусі даверчыя лісты.

Дарадца амбасады Ўкраіны ў Беларусі Марыя Гуцала
Дарадца амбасады Ўкраіны ў Беларусі Марыя Гуцала

Каардынатар Камітэту салідарнасьці з Украінай Павал Севярынец сказаў:

«Нам, беларусам, разам з украінцамі належыць зрабіць яшчэ вельмі шмат. І трэба працягваць акцыі салідарнасьці, выходзіць зь бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі сьцягамі, паказваць, што тут не Расея, тут не „Таёжны саюз“, а незалежная дзяржава».

Кожны выступ завяршаўся словамі «Слава Ўкраіне!» і «Жыве Беларусь!» Арганізатары імпрэзы паказалі слайд-шоў пра працу Камітэту пад кампазыцыі Сяргея Міхалка і Віктара Цоя — «Воины света» і «Ми прагнемо змін».

Хвілінай маўчаньня ўшанавалі памяць Міхаіла Жызьнеўскага, Алеся Чаркашына і ўсіх, хто загінуў падчас канфлікту ва Ўкраіне.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG