Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парашэнка: Лукашэнка запэўніў, што вучэньні з расейцамі ня будуць падрыхтоўкай да ўварваньня ва Ўкраіну


Пятро Парашэнка, Аляксандар Лукашэнка і ягоны сын Коля ставяць сьвечкі ў царкве на Гомельшчыне ў гадавіну Чарнобыльскай аварыі, 26 красавіка 2017 году.
Пятро Парашэнка, Аляксандар Лукашэнка і ягоны сын Коля ставяць сьвечкі ў царкве на Гомельшчыне ў гадавіну Чарнобыльскай аварыі, 26 красавіка 2017 году.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляе, што ў часе перамоў з беларускім калегам Аляксандрам Лукашэнкам дасягнутая дамоўленасьць пра аднаўленьне працэсу дэмаркацыі дзяржаўнай мяжы.

«Хачу падкрэсьліць, што мы дамовіліся завершыць найбліжэйшым часам працэс дэмаркацыі нашых дзяржаўных межаў, які, на жаль, не праводзіўся ў апошнія гады, што стане дадатковым фактарам узмацненьня бясьпекі дзьвюх краін. Словам, веру, што ўкраінска-беларуская мяжа была, ёсьць і будзе мяжой дружбы, добрасуседзтва і нашага партнэрства», — заявіў Пятро Парашэнка сёньня ў часе выступу перад украінскімі памежнікамі.

У мяне няма ніякіх сумненьняў у выключна добрых намерах Беларусі, але яна ў саюзьніцкіх стасунках з Расеяй.

Апроч таго, паводле ўкраінскага прэзыдэнта, Аляксандар Лукашэнка запэўніў яго ў тым, што расейска-беларускія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» ня будуць падрыхтоўкай да ўварваньня ва Ўкраіну. «У мяне няма ніякіх сумненьняў у выключна добрых намерах Беларусі, але яна ў саюзьніцкіх стасунках з Расеяй. А да Масквы ў нас даверу зусім няма», — дадаў ён.

Беларусь і Ўкраіна падпісалі дамову пра дзяржаўную мяжу 12 траўня 1997 году. У тым жа годзе яго ратыфікавала Вярхоўная Рада Ўкраіны. Нацыянальны сход Беларусі выканаў адпаведную працэдуру толькі ў 2010 годзе, і яшчэ праз тры гады пасьля гэтага бакі абмяняліся ратыфікацыйнымі граматамі.

Дэмаркацыя беларуска-ўкраінскай мяжы пачалася з урачыстага адкрыцьця 13 лістапада 2013 году першага памежнага знака ў месцы сыходжаньня дзяржаўных межаў Украіны, Беларусі і Расеі.

30 ліпеня 2014 году ў Чарнігаве ўрады Беларусі і Ўкраіны падпісалі палажэньне пра дэмаркацыю мяжы, агульная працягласьць якой складае 1084,2 кілямэтраў (у Чарнігаўскай вобласьці — 227 кілямэтраў).

У красавіку 2016 году Беларусь прыпыніла работы па дэмаркацыі мяжы на Валыні з-за пратэсту мясцовых жыхароў, якія лічылі, што лінія разьмежаваньня праведзеная няправільна. Паводле Дзяржаўнай памежнай службы, праблемным участкам тады стаў Жыроўскі канал, які адпаведна дамоўленасьцям належыць Беларусі. Мясцовыя жыхары выкарыстоўвалі ваду з гэтага каналу для прамываньня незаконна здабытага бурштыну.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG