Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай» падводзіць вынікі дзейнасьці за 3 гады


Як расказаў Свабодзе каардынатар інфарматычна-аналітычнага кірунку камітэту Ігар Рынкевіч, меркавалася правесьці ўрачыстую вечарыну з нагоды 3-годзьдзя з дня ўтварэньня ініцыятывы яшчэ ў сярэдзіне мінулага месяца, бо сама ініцыятыва была ўтворана 19 сакавіка 2014 году, але некаторыя каардынатары і актывісты камітэту былі арыштаваныя за ўдзел у мітынгах пратэсту і адбывалі пакараньне на сутках.

3 гады таму каля 30 прадстаўнікоў беларускіх палітычных партый, рухаў, грамадзкіх аб’яднаньняў вырашылі ўтварыць грамадзкую ініцыятыву «Беларускі камітэт салідарнасьці з Украінай». Было вызначана 5 кірункаў дзейнасьці камітэту — арганізацыйна-масавы (каардынатар Максім Вінярскі), грамадзка-палітычны (каардынатар Павал Севярынец), інфармацыйна-аналітычны (каардынатар Ігар Рынкевіч), культурна-асьветніцкі (каардынатарка Ганна Шапуцька), міжнародна-прававы (каардынатар Ігар Леднік).

Ігар Рынкевіч
Ігар Рынкевіч

«Мы раней сутыкнуліся зь ціскам на кіраўніцтва камітэту, таму вырашылі ўтварыць такі калегіяльны орган. За гэтыя тры гады мы правялі некалькі дзясяткаў акцый. Мы апэлявалі да беларускага кіраўніцтва, каб расейскія вайскоўцы не ўдзельнічалі ў маршах-парадах. Зьвярталіся ў Міністэрства інфармацыі і Адміністрацыю прэзыдэнта з патрабаваньнем спыніць антыўкраінскую прапаганду на тэлеканалах „Россия“ і „Россия-24“ ці забараніць вяшчаньне гэтых каналаў на тэрыторыі нашай краіны. Таксама мы зьбіралі подпісы, каб украінскі тэлеканал вяшчаў на тэрыторыі Беларусі (дарэчы, гэта стала і прадметам перамоваў паміж кіраўнікамі Ўкраіны і Беларусі). Праўда, гэты праект замарудзілі і зьвялі да камэрцыйнасьці, аднак на парадку дня гэта пытаньне засталося, і менавіта Камітэт салідарнасьці з Украінай працягвае ставіць пытаньне аб вяшчаньні ўкраінскага тэлебачаньня. Таксама мы зрабілі шэраг зваротаў у эўрапейскія структуры аб ваеннай інтэрвэнцыі Расеі ў незалежную Ўкраіну, на якія ўлады рэагавалі. Нам давалі адказы нават зь Міністэрства абароны Расеі.

Сваім дасягненьнем мы лічым і тое, што са стэндаў Міжнароднай кніжнай выставы, якая праходзіла ў лютым, была зьнятая літаратура антыўкраінскага зьместу, што ўхваляла тэрарыстаў, якія дзейнічаюць на Данбасе», — распавёў Свабодзе каардынатар інфармацыйна-аналітычнага кірунку Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай Ігар Рынкевіч.

Урачыстая вечарына з нагоды трэцяй гадавіны ўтварэньня Беларускага камітэту салідарнасьці з Украінай адбудзецца 28 красавіка ў «Прэс-клюбе» (Менск, вул. Веры Хоружей, 3-601 (6-ы паверх). Пачатак а 18-й гадзіне.

XS
SM
MD
LG